BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У фінале юніёрскага футбольнага Еўра сустрэнуцца Іспанія і Францыя

Мінулы дзень быў насычаны разнастайнымі футбольнымі паядынкамі. Пачнем з паўфіналаў юніёрскага чэмпіянату Еўропы для гульцоў да 19 гадоў, які праходзіць у Паўночнай Ірляндыі. У першым паўфінале сустрэліся Італія і Іспанія. Апенінцы дамінавалі большую частку матча, аднак не рэалізавалі свае шанцы. А ў дадатковым экстра-тайме дамагліся поспеху пірэнейцы. Вырашальную ўдачу злавіў футбаліст з адпаведным прозвішчам – Пол Фартуны. Адыграцца італьянцы так і не здолелі – 1:0 перамагла Іспанія.

Другі фіналіст вызначаўся ў паядынку зборных Францыі і Украіны. Доўгі час ішло напружанае змаганне. Адзіны гол быў забіты французамі на 61-й хвіліне. Такім чынам у вырашальным матчы юніёрскага Еўра сустрэнуцца Іспанія і Францыя.

Пятую пуцёўку, акрамя паўфіналістаў, на чэмпіянат свету заваявалі нарвежцы. У матчы за 5-е месца з Турцыяй у асноўны і дадатковы час была зафіксаваная нічыя 1:1, а серыя пенальці расцягнулася ажно да 20 (!) удараў. Больш удалымі былі «вікінгі» – 10:9.

«Вісла» прайграла ў кваліфікацыі Лігі Еўропы

9 матчаў прайшло ў кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы. Раскажам пра найбольш цікавыя з нашага гледзішча. Кракаўская «Вісла», якая валодае Кубкам Польшчы і браму якой бароніць беларускі галкіпер Антон Чычкан, прымала на сваім полі венскі «Рапід». Аўстрыякі дзеілі больш крэатыўна і двойчы трапна даслалі мяч у браму «віслякаў». Бліжэй да канца сустрэчы «Вісле» удалося скараціць адставанне – выніковыя 1:2.

У скандынаўскім дэрбі нарвежскі клуб «Мольдэ» адолеў дацкі «Сількеборг» – 3:1. Славацкі «Ружамберак» саступіў дома турэцкаму «Трабзонспору» – 0:2. Амстэрдамскі «Аякс» на сваёй арэне толькі ў самай канцоўцы змог даць рады сербскай «Вайводзіне» – 1:0.

Іншыя вынікі: «Хунедаара» (Румынія) – «Рыека» (Харватыя) – 0:0, «Шэрыф» (Ціраспаль, Малдова) – «Эльфсборг» (Швецыя) – 0:1, «Панацінаікас» (Грэцыя) – «Боцеў» (Плоўдзіў, Балгарыя) – 2:1, «Кілмарнок» (Шатляндыя) – «Серкль Бруге» (Бельгія) – 1:1.

«Нёман» паспяхова згуляў у Румыніі

У Лізе канферэнцый асноўная наша ўвага была да сустрэчы ў Румыніі, дзе каманда ЧФР з Клужа прымала гарадзенскі «Нёман». Гаспадары поля, якіх трэніруе вядомы Дан Пятрэску, больш валодалі мячом, але стварылі няшмат момантаў, гарадзенцы глядзеліся на полі дастаткова годна. У самай канцоўцы гасцей уратаваў брамнік Максім Бялоў. Выніковыя 0:0 і «Нёман» зараз мае неблагія шанцы на выхад далей. Хатні матч каманда Ігара Кавалевіча правядзе 1 жніўня ў венгерскім горадзе Дзьёр.

Некаторыя іншыя вынікі першых матчаў у гэтым турніры: «Жальгірыс» (Літва) – «Пафас» (Кіпр) – 2:1, за віленскі клуб выступае беларус Юрый Кендыш, які адгуляў увесь матч; «Міласамі» (Малдова) – «Астана» (Казахстан), за якую выступае беларускі легіянер Макс Эбонг – 1:1, «Амонія» (Кіпр) – «Тарпеда» (Кутаісі, Грузія) – 3:1, «Банік» (Астрава, Чэхія) – «Урарту» (Арменія) – 5:1. Варшаўская «Легія» на сваім стадыёне без гледачоў з тэнісным лікам 6:0 разграміла валійскі «Карнарвон», хет-трыкам адзначыўся былы гулец «Ягелоніі» іспанец Марк Гуаль.

Раманчук і Світоліна – сцяганосцы Украіны на алімпіядзе

Сцяганосцамі зборнай Украіны на адкрыцці парыжскай алімпіяды стануць плывец Міхаіл Раманчук, сярэбраны і бронзавы прызёр мінулых алімпійскіх гульняў і тэнісістка Эліна Світоліна, бронзавая прызёрка ранейшай алімпіяды ў адзіночным разрадзе, на сёння 31-я ракетка свету.

Увага, ужо сёння, 26 ліпеня, у Парыжы пройдзе цырымонія адкрыцця гульняў, пачатак а 19.30 польскага, адпаведна а 20.30 беларускага часу.

Беларускае Радыё Рацыя