BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У фінале Уімблдона сустрэнуцца Янік Сінэр і Карлас Алькарас

У цэнтры ўвагі заўзятараў у пятніцу былі паўфіналы мужчынскага Уімблдонскага тэніснага турніру. Спярша на зялёны корт у белай форме выйшлі амерыканец Тэйлар Фрыц, 5-я ракетка свету і другі нумар сусветнага рэйтынгу Карлас Алькарас. У першым сэце іспанец узяў адзін гейм на падачы суперніка, што дазволіла яму выйграць партыю – 6:4. У другім раўндзе падобнае ўдалося ўжо Фрыцу – 7:5 на яго карысць. Трэці сэт упэўнена правёў Алькарас – 6:3. Найбольш зацятае змаганне разгарнулася ў чацвёртай партыі і справа дайшла да 6:6 і тай-брэйку. У ім спярша наперад вырваўся іспанец – 4-1, амерыканец ня толькі параўняў лік, але і выйшаў наперад 6-4. Аднак Фрыц ня здолеў рэалізаваць два сэт-болы. У выніку Алькарас на ўздыме скарыстаўся першым ж матч-болам – 7:6 і агульныя – 3-1.

Канец эпохі Джокавіча

У другім паядынку дня сустрэліся больш тытулаваныя майстры вялікай ракеткі – лідар сусветнага рэйтынгу італьянец Янік Сінэр і знакаміты серб Новак Джокавіч, апошні з магікан, на сёння 6-ы нумар АТП. Матч выразна паказаў іерархічную адпаведнасць у сённяшнім рэйтынгу. Сінэр досыць упэўнена выйграў першы сэт 6:3, дамінаваў выразна ў другім, праштампаваўшы ізноў 6:3. У трэцяй партыі Джокавіч на кароткі час выйшаў наперад 3:1, але ўрэшце не знайшоў важкіх козыраў супраць апанента – 6:4 і агульныя 3-0 на карысць першага нумару свету. Перад гэтым сербскі майстар ажно 6 разоў запар выходзіў у фінал Уімблдона, але зараз яго там ня будзе. Сінэр упершыню згуляе ў фінале гэтара турніра – у нядзелю чакаецца чарговая эпахальная бітва паміж ім і Алькарасам.

Іспанкі пацвярджаюць статус фаварытак

Працягваецца чэмпіянат Еўропы па футболе сярод жанчын. Папярэдні раўнд завяршылі каманды групаў А і В. У квартэце А першае месца ўпэўнена занялі нарвежкі, якія выйгралі ўсе тры матчы і набралі 9 ачкоў. З другога месца ў плэй-оф выйшла каманда Швайцарыі з 4 пунктамі, якая толькі па розніцы мячоў абышла дружыну Фінляндыі.

Учора ў кампаніі В першае месца размяркоўвалі зборныя Іспаніі і Італіі. Апенінкі здолелі адкрыць лік, але пасля тройчы вызначыліся іспанскія футбалісткі – 3:1 на іх карысць. Такім чынам вядомыя дзве пары чвэрцьфіналістаў: Нарвегія-Італія ды Іспанія-Швайцарыя.

Сёння завяршаць папярэдні этап зборныя групы С. Швецыя і Германія, якія маюць па 6 ачкоў разлічацца на першы-другі, ну а Польшча з Даніяй разыграюць суцяшальнае трэцяе месца.

Мацвей Дукса вяртаецца ў родны горад

Паўабаронец берасцейскага «Дынама» Мацвей Дукса, які ў першым крузе футбольнага чэмпіянату Беларусі згуляў 9 матчаў за «Маладэчна» і вызначыўся 2 галамі і адной выніковай перадачай, да канца сезона 2025 будзе на правах арэнды выступаць за родны клуб «Смаргонь», паведамляе прэс-служба берасцейскай каманды. З такім жа статусам за смаргонцаў гуляе яшчэ адзін футбаліст берасцейцаў – Ілья Багдановіч. Прыпомнім таксама, што раней Дукса быў адным з лідараў «Смаргоні» – ён правёў у барвах гэтай каманды 83 матчы і забіў 15 мячоў.

Хутка баксёрскі паядынак Усіка з Дзюбуа

Набліжаецца бой за абсалютнае чэмпіёнства ў суперцяжкай вагавай катэгорыі паміж 38-гадовым украінцам Аляксандрам Усікам і 27-гадовым брытанцам Даніэлем Дзюбуа. Гэты паядынак пройдзе 19 ліпеня на стадыёне «Уэмблі» у Лондане. Нагадаем, што першая сустрэча гэтых баксёраў прайшла 26 жніўня 2023 года ў Вроцлаве і завяршылася вікторыяй украінца накаўтам у 9-м раўндзе. Як будзе на гэты раз – прагназаваць цяжка. Прыкладам былы чэмпіён свету Тоні Бэлью выказаўся пра тое, што Дзюбуа зараз у цудоўнай форме і Усіку давядзецца намнога цяжэй, чым у першым баі.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя