BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У фінале жаночага Еўра згуляюць Іспанія і Англія

Працягваюцца матчы другога раўнда футбольных еўракубкаў. Учора адбыліся дзве сустрэчы ў Лізе чэмпіёнаў. Нарвежскі «Бран» на сваім полі саступіў аўстрыйскаму «Рэд Бул Зальцбургу» з лікам 1:4. А ірляндскі «Шэлбурн» таксама на сваім полі прайграў з той жа буйной розніцай і лікам 0:3 азербайджанскаму «Карабах Агдам».

Шэсць сустрэч другога раўнда адбыліся і ў Лізе канферэнцый. Азербайджанская «Зіра» і харвацкі «Хайдук» разышліся мірам – 1:1. Форвард «Зіры» беларус Ягор Багамольскі застаўся па-за заяўкай на матч з-за траўмы. Эстонская «Лівадыя» мінімальна перамагла грузінскую «Іберыю» з лікам 1:0. Дацкі «Сількеборг» таксама згуляў унічыю 1:1 з ісляндскім «Акюрэйры». Валійскі «ТНС» саступіў люксембуржскаму «Дыферданжу» з лікам 0:1. Чарнагорская «Будучнасць» і малдаўскі «Мілсамі» згулялі ўнічыю 0:0.

Славенская «Алімпія» (Любляна) на сваім полі перайграла андорскі «Інтэр Эскальдэс» 4:2. Нагадаем, што менавіта пераможца гэтай пары з’яўляецца гіпатэтычным супернікам менскага «Дынама», у выпадку іх праходу ў трэці раўнд. Якое сёння распачне барацьбу з албанскай «Эгнаціяй». Пачатак іх сустрэчы ў 20:45 па часе польскім. І на гадзіну пазней па беларускіх гадзінніках. Акрамя гэтага сёння згуляюць – гарадзенскі «Нёман» і жодзінскае «Тарпеда» супраць славацкага «Кошыцэ» і ізраільскага «Макабі» з Хайфы, адпаведна. Стартавы свісток у гэтых паядынках прагучыць у 20 гадзін па польскім часе і ў 21.00 па беларускім.

Учора сфармавалася пара фіналістаў 14-га чэмпіяната Еўропы па футболе сярод жаночых зборных, які праходзіць у Швайцарыі. Зборныя Германіі ды Іспаніі згулялі ўнічыю 0:0 у асноўны час. А ў дадатковы, як і ў першым паўфінале, лёс паядынку вырашыў адзін гол. Гэтым разам іспанкі забілі на 113 хвіліне і выйшлі ў фінал, дзе згуляюць з дзеючымі чэмпіёнкамі Еўропы – англічанкамі.

Амерыканка Вінус Уільямс выйшла ў другі круг турніру WTA 500 у Вашынгтоне.
У першым крузе 45-гадовая Вінус, якая знаходзіцца нават па-за рэйтынгам арганізацыі, перамагла амерыканку Пэйтан Стэрнс (№35 WTA) – 6:3, 6:4. Вінус стала самай узроставай пераможцай матчу на турнірах WTA з часу 47-гадовай Марціны Наўрацілавай у 2004 годзе.
Для Уільямс гэта быў першы адзіночны матч з сакавіка 2024 года. Таксама яе першая перамога са жніўня 2023 года. У наступным матчы ў 1/8 фінала Вінус згуляе з 24-й ракеткай, прадстаўніцай Польшчы Магдаленай Фрэх, якая на старце турніру перамагла ўкраінку Юлію Старадубцаву.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя