BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У гандбольнай Лізе чэмпіёнаў пара плэй-оф

гандбол

Учора прайшлі матчы плэй-оф гандбольнай Лігі чэмпіёнаў сярод мужчын з удзелам беларускіх гульцоў у польскіх клубах.
«Кельцы» Арцёма Каралька саступілі венгерскаму «Сегеду» з лікам 23:26. Каралёк закінутымі мячамі не вызначыўся.
Плоцкая «Вісла» Кірылы Самойлы ў гасцях саступіла партугальскаму «Спортынгу» з лікам 29:33. Беларус таксама закінутымі мячамі не вызначыўся.

А тым часам паводле інфармацыі sport.tvp.pl, левы паўсярэдні зборнай Беларусі і польскай «Віслы» пасля заканчэння сезона зменіць каманду.
Адзначаецца, што гандбаліст працягне кар’еру ў «Словане». Тэрмін кантракта з клубам з чэмпіянату Славеніі складзе два гады.
Пры гэтым кіраўніцтва «Віслы» ўжо знайшло замену Самойлу.
Беларус выступае за польскую каманду з 2023 года, аднак большую частку мінулага сезона прапусціў з-за траўмы.

Учора быў згуляны шэраг матчаў чарговага 35 тура баскетбольнай Еўралігі.
З цікавых вылучым супрацьстаянне ў Коўне мясцовага «Жальгірыса» ды гішпанскай «Барселоны».

Сустрэча на паркеце скончылася з лікам 83-71 на карысць летувісаў. Якія з 21 перамогай і 14 паразамі займаюць 6 радок у табліцы, што дае права на прамы выхад у чвэрцьфінал турніра.

Дзявочая зборная Беларусі U-17 кваліфікавалася ў лігу А ў межах адбору на чэмпіянат Еўропы па футболе.
Гэта стала магчымым пасля перамогі 2 красавіка Эстоніі над Мальтай з лікам 3:2. У квартэце з імі ў рамках лігі B гулялі Літва і Беларусь.
Нагадаем, што з-за адмовы футбольных федэрацый Эстоніі і Літвы ўдзельнічаць у матчах супраць зборнай Беларусі кантрольна-этычны і дысцыплінарны орган УЕФА прысудзіў камандзе дзве тэхнічныя перамогі з лікам 3:0.
У адзіным згуляным матчы зборная Беларусі саступіла аднагодкам з Мальты з лікам 0:1.
У выніку зборная Беларусі набрала аднолькавую колькасць пунктаў з Мальтай і Эстоніяй – па 6. Аднак мела найлепшую розніцу мячоў, таму заняла першае месца ў групе.
Гэта дазволіць беларускай камандзе ў наступным адборы зноў стартаваць у лізе А. У 2025-м зборная пачынала там, аднак пасля паразаў па 0:5 ад Нарвегіі і Даніі і нічыёй 2:2 з Сербіяй заняла апошняе месца ў групе, пасля чаго на другі этап кваліфікацыі адправілася ў лігу B.

У трэцім матчы паўфінальнай серыі беларускай хакейнай Экстралігі жлобінскі «Металург» з мінімальным лікам 1:0 перайграў менскае «Юнацтва» і скараціў лік у серыі да чатырох перамог на 2:1.
А тым часам Федэрацыя хакея Беларусі пастанавіла аб правядзенні матчаў другой паўфінальнай пары паміж салігорскім «Шахцёрам» і смаленскім «Славуцічам» з улікам адмененай гульні 1 красавіка.
Была прынята прапанова прэзідэнта Федэрацыі хакея Смаленскай вобласці Максіма Сцяпанава прадоўжыць серыю трыма гульнямі запар (3, 5 і 7 красавіка) у Смаленску.
Матчы 9 і 13 красавіка пройдуць на хатняй ці рэзэрвовай пляцоўцы «Шахцёра».
Пры неабходнасці гульню 11 красавіка правядуць у Смаленску, а магчымы сёмы матч будзе згуляны 16 красавіка ў Салігорску.
Нагадаем, што 1 красавіка сустрэчу на хатнім лёдзе «Шахцёра» прыйшлося адмяніць з-за пашкоджання халадзільнага абсталявання ў спартова-відовішчным комплексе Салігорска.

16-гадовая беларуская шахматыстка Настасся Абухава стала ўдзельніцай чэмпіянату Польшчы сярод дарослых грасмайстраў, які прайшоў у канцы сакавіка ў Варшаве.
Да турніру былі дапушчаныя 10 спартовак, сярод якіх яна была самай маладой. Абухава займае ў агульным рэйтынгу польскіх шахматыстак 47-е месца, але атрымала права на ўдзел, выйграўшы першынство краіны U-20 восенню 2025 года.
У сёлетнім турніры Абухава пацярпела дзевяць паразаў і ў выніку стала апошняй, але пры гэтым здолела згуляць унічыю з дзейнай чэмпіёнкай Клаўдыяй Кулон.
«Я хацела выціскаць сто працэнтаў з кожнай партыі, але я гуляю тут дзеля досведу. Я ўдзячная за тое, што магу тут гуляць, але гэта, напэўна, адбылося крыху занадта хутка, таму што ў мяне яшчэ няма такога роўню, каб паказаць сябе належным чынам», – пракаментавала шахматыстка свой выступ.
Абухава пераехала ў Беласток з Гародні з бацькамі ў 2022 годзе. Пасля пераезду яна пачала тут вучобу ў школе №45, пры якой працуе адзін з наймацнейшых шахматных клубаў краіны — MUKS Stoczek. Там яна хутка адаптавалася і пачала паказваць высокія вынікі.

«Калі яна прыйшла да нас у восьмы клас, ужо была мацнейшай за большасць суперніц. Вельмі хутка ўлілася ў каманду і добра вучылася», — кажа прэзідэнт клуба і Падляшскага шахматнага саюза Лешак Зега.

Яшчэ ў Беларусі Настасся была прызёркай юніёрскіх чэмпіянатаў па хуткіх шахматах, аднак з-за абмежаванай колькасці турніраў яе рэйтынг заставаўся заніжаным. Ужо ў Польшчы ён пачаў імкліва расці — у першыя месяцы Настасся прыбаўляла да 145 пунктаў за месяц.

Спартоўка дзякуючы наяўнасці польскіх каранёў аформіла ўсе неабходныя дакументы і атрымала права прадстаўляць Польшчу на міжнародных спаборніцтвах.

А тым часам спартовыя федэрацыі і арганізацыі Літвы накіравалі калектыўны зварот кіраўніцтву краіны, у якім заклікалі да забароны атлетам з Беларусі і Расеі ўдзельнічаць у спаборніцтвах на тэрыторыі дзяржавы.
Да прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы, прэм’ер-міністра Інгі Ругінене, старшыні Сейма Юозаса Алекаса і іншых кіраўнікоў звярнулася 31 спартовая федэрацыя, а таксама адна арганізацыя.
Адзначым, што такая забарона афіцыйна замацаваная з лютага 2023 года на роўні рэкамендацыі.
У звароце прадстаўнікі спорту адзначаюць, што на фоне ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны, якая працягваецца, а таксама спробаў міжнародных спартовых арганізацый вярнуць прадстаўнікоў краін-агрэсараў на міжнародную арэну, адной толькі каштоўнаснай пазіцыі спартовых арганізацый ужо недастаткова.
Таму яны заклікаюць адказныя дзяржаўныя інстытуты падрыхтаваць і прыняць папраўкі да Закона ці іншых звязаных нарматыўных актаў, якія забаранілі б спартоўцам і камандам з Беларусі і Расеі ўдзельнічаць у спаборніцтвах на тэрыторыі Літвы.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя