BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Іспаніі пад пытаннем буйны тэнісны турнір

Беларуска Аляксандра Сасновіч (на сёння 110-я ракетка свету) у матчы 1/16-й чэленджара ў іспанскім горадзе Вік сустрэлася з прадстаўніцай Калумбіі Эміліянай Арангай (84-ы нумар рэйтынгу). Матч скончыўся валявой перамогай нашай суайчынніцы. Лік па сэтах 6:7 (4:7), 6:3, 7:6 (7:5 на тай-брэйку).

Бальшыня тэнісных сустрэч на прадстаўнічым мужчынскім і жаночым турнірах у Мадрыдзе з-за праблемаў з электрычнасцю на Пірэнеях у панядзелак была перанесена. У Іспаніі абвешчана надзвычайнае становішча. Калі тэхнічна будзе магчыма, матчы 1/8-й фіналу, у тым ліку з удзелам беларускі Арыны Сабаленкі, правядуць сёння.

Карла Анчэлоці пакідае мадрыдскі “Рэал”

У аўторак пройдзе першы паўфінальны паядынак футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Лонданскі «Арсенал» на сваім полі будзе прымаць чэмпіёна Францыі «Пары Сэн-Жэрмэн». Пачатак сустрэчы а 21-й гадзіне сярэднееўрапейскага часу. У сераду ў іншай пары ў сталіцы Каталоніі пачнуць змаганне мясцовая «Барселона» і міланскі «Інтэр» з Італіі.

А тым часам прыйшла інфармацыя, што знакаміты трэнер Карла Анчэлоці пакідае мадрыдскі «Рэал». Як вядома каралеўскі клуб выляцеў з трэскам з Лігі чэмпіёнаў пасля паразы ад «Арсенала», у чэмпіянаце краіны ідзе пакуль другім, а днямі саступіў у фінале Кубку краіны адвечнаму суперніку «Барселоне». Пасля гэтага Анчэлоці і абвесціў, што пакідае Мадрыд. Вельмі імаверна, што неўзабаве ён узначаліць зборную Бразіліі.

Першынства свету па снукеры: у справе яшчэ 5 чэмпіёнаў ранейшых гадоў

У брытанскім Шэфілдзе вызначыліся ўсе чвэрцьфіналісты чэмпіянату свету па снукеры. Цікава, што з аднаго боку турнірнай сеткі згуляюць ажно чатыры чэмпіёны свету ранейшых гадоў. Упрыгожаннем першынства павінен стаць двубой тытулаваных Джона Хігінса і валійца Марка Уільямса, яны пачынаюць сёння ў 11 гадзін. Яшчэ аднаго паўфіналіста вызначаць у спаборы паміж сабой ангельскі більярдыст Джад Трамп і бельгіец Люка Брэсэль. Напярэдадні Трамп перамог суайчынніка Шона Мёрфі – 13:10.

З іншага боку сеткі пагрозліва выглядаюць два кітайскія маладыя майстры. Сі Цзяхуэй спаткаецца з сяміразовым чэмпіёнам свету Роні О’Саліванам, які напярэдадні ўпэўнена закончыў сустрэчу з іншым кітайцам – Панам Цзюньсюэем – 13:4. А яшчэ ў адной пары сустрэнуцца прайшоўшыя ажно з кваліфікацыі Чжао Сіньтунь і Крыс Уэйклін з Англіі.

Абвешчаны матч-рэванш Дзюбуа з Усікам

Стала вядома, што ў вялікім боксе чакаецца надзвычай цікавы бой. Абвешчаны рэванш у суперцяжкай вагавай катэгорыі. Сустрэнуцца абсалютны чэмпіён украінец Аляксандар Усік і брытанец Дэніэл Дзюбуа. Паядынак за ўсе пасы на коне па версіях розных асацыяцый пройдзе ў Лондане 19 ліпеня. Бой за чэмпіёнства паміж 38-гадовым Усікам і 27-гадовым Дзюбуа адбудзецца на «Уэмблі». Прыгадаем, што першы спабор паміж імі прайшоў 26 жніўня 2023 года ва Уроцлаве і завяршыўся перамогай украінца тэхнічным накаўтам у 9-ым раўндзе.

Салігорскі “Шахцёр” блізкі да чарговага золата

Напрыканцы пра валейбол. Салігорскі «Шахцёр» у другім матчы фінальнай серыі чэмпіяната Беларусі адолеў на выездзе «Сталіцу». Прычым пераканаўча за тры партыі – 25:19, 25:21 і 25:21. Каманда трэнера Віктара Бекшы ў супрацьдзеянні да трох вікторый наперадзе 2-0. Лёс чэмпіёнскага тытула можа вырашыць ужо наступная сустрэча, якая пройдзе ў Салігорску 2 траўня. Прыгадаю, што «Шахцёр» выйграў ажно 8 (!) папярэдніх фіналаў нацыянальнага першынства, ён бясспрэчны флагман айчыннага валейболу. «Сталіца» ж перамагала апошні раз у 2016 годзе.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя