
На зімовых Алімпійскіх гульнях-2026 медальных камплектаў пакуль не разыграна, але ўжо стартаваў камандавы турнір па фігурным катанні.
Пасля трох кароткіх праграм з чатырох лідарам з’яўляецца зборная ЗША.
Да адвольных праграм кваліфікуюцца топ-5 зборных.
Камандавы турнір
Рытм-танец
1. Мэдысан Чок / Эван Бейтс (ЗША) – 91,06
2. Лоранс Фурнье-Бадры / Гіём Сізерон (Францыя) – 89,98
3. Лайла Фір / Льюіс Гібсан (Вялікабрытанія) – 86,85
Кароткая праграма
Пары
1. Рыку Міура / Руічы Кіхара (Японія) – 82,84
2. Анастасія Мяцёлкіна / Лука Берулава (Грузія) – 77,54
3. Сара Конці / Нікола Мачыі (Італія) – 76,65
Кароткая праграма
Жанчыны
1. Каоры Сакамота (Японія) – 78,88
2. Аліса Лью (ЗША) – 74,90
3. Лара Накі Гутман (Італія) – 71,62
Турнірнае становішча: ЗША – 25 ачкоў, Японія – 23, Італія – 22, Грузія – 20, Канада – 19, Францыя – 17, Вялікабрытанія – 11, Паўднёвая Карэя – 11, Кітай – 10, Польшча – 6.
Учора стартаваў продаж білетаў на матч за Суперкубак Беларусі па футболе.
За трафей паспрачаюцца «МЛ Віцебск» і гарадзенскі «Нёман». Кошт квіткоў складае 8 і 10 рублёў.
Гульня пройдзе 28 лютага на менскім стадыёне «Дынама-Юні». Матч стартуе а 15.30 па-беларускім часе.
Букмекерская кампанія Betera сумесна з АБФФ і брэндам UhlSport прэзентавала афіцыйны мяч для чэмпіяната Беларусі па футболе.
Мяч, якім будуць гуляць у новым сезоне, выкананы з выкарыстаннем афіцыйнага брэндынгу чэмпіянату, асноўны белы колер дапоўнены арнаментам і знаёмым зялёным лагатыпам, які стаў сімвалам турніру.
Бліжэйшым часам клубы атрымаюць магчымасць пратэставаць новы мяч.
Першы тур ЧБ пройдзе з 20 да 22 сакавіка.
Кантрольна дысцыплінарны камітэт УЕФА залічыў тэхнічныя паразы з лікам 0:3 жаночым зборным Эстоніі WU-17 і Літвы WU-17 у сувязі з адмовай ад удзелу ў матчах супраць зборнай Беларусі WU-17 у кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы.
Зборнай Беларусі на турніры застанецца згуляць толькі з Мальтай.
Турнір пройдзе напрыканцы сакавіка.
Беларускі паўабаронца Макс Эбонг правёў свой дэбютны афіцыйны матч за сафійскі ЦСКА.
26-гадовы гулец выйшаў у стартавым складзе на гульню 20-га тура чэмпіянату Балгарыі супраць «Арды».
Таксама увесь матч адгуляў беларускі брамнік Фёдар Лапавухаў.
Іх каманда перамагла з лікам 3:1.
Нагадаем, Эбонг перайшоў у балгарскі клуб з казахскай «Астаны» ў канцы снежня мінулага года.
ЦСКА пасля 20 матчаў займае чацьвёрты радок, маючы ў актыве 34 ачкі.
Экс-абаронца менскага «Энергетыка-БДУ» Абдукадзір Хусанаў быў прызнаны лепшым футбалістам «Манчэстэр Сіці» па выніках студзеня.
21-гадовы гулец зборнай Узбекістана правёў 8 гульняў у мінулым месяцы і ў сямі з іх выйшаў у стартавым складзе.
У галасаванні балельшчыкаў ён апярэдзіў паўабаронцу Бернарду Сілву і брамніка Джанлуіджы Данаруму.
У Любляне, дзе праходзіць чэмпіянат Еўропы па міні-футболе, адбылася сустрэча старшыні АБФФ Яўгена Булойчыка і прэзідэнта УЕФА Аляксандэра Чаферына.
Як паведамляе прэс-служба АБФФ, у рамках перамоваў Булойчык «падзякаваў за тую падтрымку, якую УЕФА штогод аказвае беларускаму футболу», а Чаферын «станоўча ацаніў вялікі ўклад, які ўносіць у развіццё футбола ў Беларусі кіраўніцтва краіны».
Як бачым, не дарма Украіна ўнесла Чаферына ў базу «Міратворац».
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Вашынгтон» Аляксея Протаса абыграў «Нэшвіл» з лікам 4:2. Беларус правёў на лёдзе 18 хвілін 16 секунд і выніковых балаў не набраў.
«Пітсбург» Іллі Салаўёва перамог «Бафала» з лікам 5:2.
25-гадовы беларускі абаронца пераможцаў Ілья Салаўёў згуляў у трэцяй пары абароны з Конарам Кліфтанам.
На 9-й хвіліне сустрэчы Салаўёў аформіў асіст на Эйверы Хейза пры першым кідку ў створ варот.
Усяго беларус правёў на лёдзе 12 хвілін 8 секунд.
У бягучым сезоне НХЛ на рахунку ўраджэнца Магілёва 21 матч, у якіх ён набраў 6 (1+5) ачкоў пры паказчыку карыснасці «+5» і дзесяці хвілінах штрафнога часу.
«Пітсбург» з 70 ачкамі ў 56 матчах ідзе на пятым месцы ва Усходняй канферэнцыі.
«Філадэльфія» Аляксея Коласава саступіла «Атаве» з лікам 1:2.
24-гадовы беларускі брамнік Аляксей Коласаў увесь матч правёў у запасе і пасля быў адпраўлены ў фарм-клуб «Філадэльфіі» – «Ліхай Вэлі».
Адзначым, што галкіпер быў адпраўлены ў АХЛ 1 лютага, а потым, праз дзень, яго зноў вярнулі ў асноўны склад.
Апошнія два паядынкі «Філадэльфіі» Коласаў правёў на лаве запасных.
У бягучым сезоне НХЛ у яго чатыры матчы і ніводнай перамогі. Яго каэфіцыент надзейнасці складае 4,00, працэнт адбітых кідкоў – 83,0.
У бягучым сезоне АХЛ на рахунку беларуса 21 гульня, 9 перамог, каэфіцыент надзейнасці 2.69 і паказчык адбітых кідкоў 90,2 працэнта.
«Калгары» абыграў «Эдмантан» з лікам 4:3.
Беларускі форвард пераможцаў Ягор Шаранговіч падчас гульні пазбавіўся чатырох зубоў.
Гэта адбылося ў канцы другога перыяду, калі нападнік «Эдмантана» Лявон Драйзайтль трапіў клюшкай у твар Шаранговіча. Пасля гэтага беларус не змог хутка падняцца з лёду, пакуль у гэты час Драйзайтль аформіў гол. Суддзі гэты эпізод пакінулі без увагі.
Усяго беларус правёў на лёдзе 18 хвілін 35 секунд і выніковых балаў не набраў.
У бягучым сезоне НХЛ Шаранговіч у 52 матчах за каманду набраў 20 ачкоў (11+9), мае паказчык карыснасці «–18» і восем хвілін штрафнога часу. Гулец не набірае ачкі ў шасці апошніх сустрэчах.
29-гадовы беларускі баксёр Дзмітрый Асанаў перамог гішпанца Карласа Рамаса тэхнічным накаўтам у тытульным баі за чэмпіёнскі пояс у лёгкай вазе.
Пасля 7-га раунда супернік беларуса капітуляваў на зэдліку.
Такім чынам Асанаў абараніў тытул WBC Continental & IBF Intercontinental. Для яго гэта 12-я перамога на прафесійным рынгу, шэсць з іх скончыліся накаўтам.
Адзначым, што пачаткова нараджэнец Маладэчна павінен быў біцца з аргенцінцам Клаўдыё Данефам, але гэты бой быў адменены.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






