
Учора была згуляная першая палова матчаў 5 тура групавога этапа футбольнай Лігі чэмпіёнаў.
Партугальская «Бенфіка» на выездзе абгуляла нідэрландскі «Аякс» з лікам 2:0.
Галамі адзначыліся Даль і Барэйра.
У амстэрдамскага клуба 5 паразаў у 5 матчах бягучага сезона агульнага этапа Лігі чэмпіёнаў, каманда ідзе апошняй у турнірнай табліцы.
У цэлым жа серыя няўдач «Аякса» ў еўракубках складае 8 матчаў – гэта горшы паказчык у гісторыі клуба.
Турэцкі «Галатасарай» на сваім полі саступіў бельгійскаму «Роял Юніян» з лікам 0:1.
Італьянскі «Ювентус» здабыў цяжкую валявую перамогу ў прыпалярных умовах у гасцях у нарвежскага «Бодзё/Глімт». Першымі лік адкрылі «зубныя шчоткі». Пасля двойчы забіла «старая сіньёра». На 87 хвіліне скандынавы лік параўнялі, але на 91 хвіліне турынцы-такі вырвалі перамогу 3:2.
Нямецкая «Барусія Дортмунд» разграміла гішпанскі «Вільярэал» з лікам 4:0. Пры гэтым не рэалізаваўшы два 11-метровых удары. Спачатку удар Герасі нагою парыраваў Луіс Джуніёр, што праўда той усё ж дабіў мяч, а пасля Сільва патрапіў у «бэльку».
Агулам жа для «Барусіі» гэта 4 з 5 матчаў гэтага розыгрыша, у якім хлопцы накалацілі па 4 галы.
Ангельскі «Чэлсі» з лікам 3:0 перамог гішпанскую «Барсэлону». Пры чым «каталонцы» самыя паклалі пачатак свайму разгрому яшчэ ў першым тайме. Спачатку ў сваю браму мяч адправіў Кундэ, а пасля 26-гадовы капітан каманды ўругваец Рональд Араўха быў выдалены пасля 2 жоўтых картак на працягу 12 хвілін гульні. У другім тайме «арыстакратам» заставалася толькі «дабіць» «сіне-гранатавых».
А вось іншы ангельскі клуб «Манчэсцер Сіці» на сваім полі прайграў «аспірынаваму» «Байеру» з нямецкага Леверкузена з лікам 0:2.
Французскі «Марсэль» дзякуючы дублю Абамеянга «з распранальні» на 46-й і 50-й хвілінах здабыў валявую перамогу 2:1 над ангельскім «Ньюкаслам». Пры тым, што «сарокі» павялі ў ліку ўжо на 6 хвіліне гульні.
Італьянскі «Напалі» з лікам 2:0 перайграў азербайджанскі «Карабах». Там перш неапалітанец Хёйлунд не рэалізаваў пенальці, а пасля другі мяч у сваю браму забіў чарнагорскі легіянер каўказскай каманды – Марка Янкавіч.
Ну і на завяршэнне гульнявога дня чэшская «Славія» ў Празе згуляла ўнічыю 0:0 з гішпанскім «Атлетыка» з Більбаа.
У розыгрышы рэгулярнага чэмпіяната беларускай хакейнай Экстралігі былі згуляныя астатнія матчы 28 тура.
«Дынама-Маладэчна» перайграла «Гомель» з лікам 5:2.
2:3 – з такім лікам аршанскі «Лакаматыў» саступіў «Брэсту».
З лікам 3:4 смаленскі «Славуціч» прайграў наваполацкаму «Хіміку».
І жлобінскі «Металург» перайграў гарадзенскі «Нёман» з лікам 2:1.
Зараз першай тройка лідараў турнірнай табліцы выглядае наступным чынам. На першым месцы па-ранейшаму ідзе менскае «Юнацтва» з паўсотняй ачкоў, а другі і трэці радкі дзеляць «Дынама-Маладэчна» і «Ліда», у якіх па 43 пункты.
«Вашынгтон» у матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі сустракаўся з «Каламбусам» і перамог з лікам 5:1.
24-гадовы беларускі нападнік «Вашынгтона» Аляксей Протас зрабіў галявую перадачу.
Усяго ён правёў на лёдзе 18:34 хв (2:09 хв – у меншасці), набраў 1 (0+1) ачко, зрабіў 2 кідкі (яшчэ два міма брамкі), здзейсніў 1 сілавы прыём і 1 страту, а таксама завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+3».
Беларус у гэтым матчы больш за ўсіх з форвардаў «Кэпіталз» знаходзіўся на лёдзе.
У сезоне-2025/26 Протас правёў 23 гульні, набраў 14 (6+8) ачкоў.
Акрамя таго беларускі нападнік «Вашынгтона» Аляксей Протас з’яўляецца адным з найлепшых у НХЛ па паказчыку карыснасці. У форварда ён раўняецца «+14».
Па гэтым паказчыку беларус найлепшы ў камандзе. Другое месца дзеляць Мэт Рой і Якаб Чычран (па «+13»).
Таксама Протас уваходзіць у топ-6 НХЛ.
Вышэй Аляксея размяшчаецца толькі квінтэт з «Каларада». На першай пазіцыі Натан Макінан («+23»).
Беларуская левая паўсярэдняя з румынскім грамадзянствам Марыя Скробіч (Канавал) трапіла ў склад зборнай Румыніі на ЧС-2025 па гандболе.
Турнір пройдзе з 26 лістапада па 14 снежня.
Адзначым, што Скробіч ужо дэбютавала за новую каманду ў матчах 15 і 19 кастрычніка ў Кубку ЕГФ. У першым матчы з Нарвегіяй (27:29) яна аформіла 2 галы пасля 2 спроб, у другім з Польшчай (34:29) – рэалізавала адзіны кідок і атрымала дзвюххвіліннае выдаленне.
Да 2023 года паўсярэдняя выступала за Беларусь. На яе рахунку 31 матч і 45 галоў.
Адзначым, у траўні спартоўка выйшла замуж за балканскага гандбаліста Нёманью Скробіча.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






