BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Лізе чэмпіёнаў менскае «Дынама» згуляе з балгарскім «Лудагорцам»

Вызначыліся бліжэйшыя супернікі беларускіх клубаў у розыгрышы футбольнай Лігі чэмпіёнаў ды Лігі канферэнцый. Учора ў Доме еўрапейскага футбола ў швейцарскім Ньёне прайшло лёсаванне першага кваліфікацыйнага раўнда еўракубкаў. У Лізе чэмпіёнаў менскае «Дынама» згуляе з балгарскім «Лудагорцам». Матчы стадыі пройдуць 8—9 і 15—16 ліпеня. Першая сустрэча на выездзе. А свой хатні паядынак «Дынама» правядзе ў Венгрыі. У мінулым годзе «Дынама» ўжо гуляла з «Лудагорцам» у 2-м раўндзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў і прайграла па выніках двух паядынкаў (0:2 і 1:0) і выбыла ў кваліфікацыю Лігі Еўропы, а потым дабралася ад асноўнай стадыі Лігі канферэнцый. Таксама літоўскі «Жальгірыс» Юрыя Кендыша правядзе двубой з мальтыйскім «Хамрун Спартанс». А казахстанскі «Кайрат» Валерыя Грамыкі са славенскай «Алімпіяй» з Любляны.

У Лізе Еўропы таксама вызначыліся некаторыя з цікавых нам пары каманд. Так варшаўская «Легія», за якую выступае беларускі форвард Ілля Шкурын, згуляе супраць «Актобэ» беларускага трэнера Вячаслава Леўчука. А славенскі «Цэле» беларускага спецыяліста Івана Маеўскага згуляе супраць азербайджанскага «Сабаха». Гульні пройдуць 10 і 17 ліпеня.

У Лізе канферэнцый традыцыйна беларускае прадстаўніцтва найбольшае. Тут «Тарпеда-БелАЗ» згуляе з «Работнічкамі» з Паўночнай Македоніі, берасцейскае «Дынама» будзе гуляць супраць «Суцьескі» з Чарнагорыі, а «Нёман» памераецца сіламі з армянскім «Урарту». А таксама албанскі «Партызані» Дзмітрыя Падстрэлава згуляе з эстонскім «Нымме Калью». Матчы пройдуць 10 і 17 ліпеня. «Тарпеда-БелАЗ» ужо вызначылася са стадыёнам, дзе будзе прымаць супернікаў. Ім стаў спарткомплекс «Халадаш» у венгерскім горадзе Сомбатхей.

Нагадаю, што каб дабрацца да асноўнай стадыі еўракубкаў, трэба прайсці тры, альбо чатыры раўнды. А сёння ў тым жа Ньёне адбудзецца лёсаванне другога раўнда еўракубкаў, дзе беларускія каманды даведаюцца сваіх патэнцыйных супернікаў у выпадку праходу далей.

Учора быў згуляны першы матч 1/16 фіналу Кубка Беларусі. Прадстаўнік другога дывізіёна «Ворша» на сваім полі была разгромленая адным з лідараў вышэйшай лігі берасцейскім «Дынама» з лікам 1:8. Цікава, што ў браме гаспадароў цягам матчу згулялі адразу тры брамнікі. Пасля перапынку пры ліку 0:4 замест Арцёма Валадзькова выйшаў Максім Макараў, а на 76-й хвіліне пры ліку 0:7 яго змяніў Раман Краўчанка.

Учора былі згуляныя чарговыя матчы моладзевага Чэмпіяната Еўропы па футболе. Так Францыя перамагла Польшчу 4:1. Грузія саступіла Партугаліі 0:4. Гішпанія згуляла ўнічыю ў камандай Італіі 1:1. А Румынія саступіла гаспадарам турніра зборнай Славакіі з лікам 1:2. Такім чынам у 1/8 фінала ўжо выйшлі зборныя Гішпаніі, Італіі, Германіі, Партугаліі, Францыі ды Даніі.

Чарговыя чатыры гульні былі згуляныя ўчора на клубным Чэмпіянаце свету па футболе, які праходзіць у ЗША. Аргентынскі «Бока Хуніёрс» згуляў 2:2 з партугальскай «Бенфікай». Тут варта адзначыць, што цягам матча за эмоцыі і жорсткую гульню напрамую былі выдаленыя з поля два гульцы «Бокі» і адзін «Бенфікі». Бразільскі «Фламэнга» перамог 2:0 туніскі «Эсперанс». Таксама бразільскі «Флуменэнсэ» згуляў унічыю 0:0 з нямецкай «Барусіяй Дортмунд». І аргенцінскі «Рывер Плэйт» перамог 3:1 японскую «Урава Рэдс».

У ЗША у Нацыянальнай баскетбольнай лізе быў згуляны пяты фінальны матч. «Аклахома» перамагла «Індыяну» 120:109 і вышла наперад у серыі да чатырох перамог 3:2.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя