BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Лізе чэмпіёнаў працягваеццца адбор

Працягваюцца матчы ў адказ другога раўнда ў Лізе чэмпіёнаў па футболе. Учора такіх было згуляна 10.
Азербайджанскі «Карабах» і другі раз перайграў ірландскі «Шэлбурн», гэтым разам з лікам 1:0 і праходзіць у трэці раўнд.
Таксама 1:0 і таксама другі раз перамог шведскі «Мальмё» латышскі «РФШ».
Паўночна-македонская «Шкендыя» выйграла ў Бухарэсце у «Сцяўа» з лікам 2:1 і таксама крочыць далей.

Балгарскі «Лудагорац», які турам раней выбіў менскае «Дынама», у дадатковы час перайграў харвацкую «Рыеку» з лікам 3:1. Пасля нічыёй у першым матчы 0:0. Учора каманды ў асноўны час згулялі 1:1. І ў дадатковы час балгары забілі два галы харватам, якія з-за выдаленняў выйшлі на овертаймы толькі ўдзевяцёх. Такім чынам «Лудагорац» праходзіць у трэці раўнд.

Венгерскі «Ферэнцвараш» і армянскі «Ноах» тыдзень таму згулялі 2:1. А ўчора выдалі гульню ў даганялкі. Увесь матч першымі забівалі венгры, а армяне іх увесь час даганялі. І такім чынам дагуляліся да ліку 4:3 і далей крочыць «Ферэнцвараш».

Ізраільскі «Макабі» з Тэль-Авіва і кіпрыёцкі «Пафас» згулялі 0:1 і па суме дзвюх сустрэч у трэці раўнд праходзяць астравіцяне.

Грэцкі «Панацінаікас» ды шатландскі «Рэйнджэрс» згулялі 1:1, але дзякуючы хатняй перамозе тыдзень таму далей ідуць “рэйнджэры” з Глазга.

Чэмпіён Польшчы – познаньскі «Лех» з мінімальным лікам 1:0 перамог у Ісландыі «Брэйдаблік» і па суме дзвюх перамог з агульным лікам 8:1 праходзіць далей на сербскую «Црвену Звезду».

Аўстрыйскі «РБ Зальцбург» і нарвежскі «Бран» згулялі 1:1. Пры гэтым галамі каманды абмяняліся ў першыя 6 хвілін матча. І далей па суме сустрэч крочаць аўстрыякі.
Цікавым выдаўся двубой віцэ-чэмпіёнаў Швайцарыі ды Чэхіі – «Сэрвета» і «Вікторыі» (Пльзень) адпаведна. У першым матчы, тыдзень таму ў Пльзені мінімальна перамог «Сэрвет» 1:0. Учора ж па ходзе сустрэчы ў Жэневе ўжо «Вікторыя» павяла 2:1. Пасля прамежку часу з 66 па 69 хвіліны каманды “схапілі” па выдаленні і дагульвалі ўжо 10 на 10. І калі час ішоў да дадатковага, чэхі ўсё ж забілі трэці гол і прайшлі ў трэці раўнд.

Сёння сваю барацьбу за выхад у трэці раўнд Лігі канферэнцый працягнуць гарадзенскі «Нёман», жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ», менскае «Дынама», ды шэраг іншых камандаў з удзелам беларускіх гульцоў ды трэнераў, у Лізе Еўропы ў тым ліку.

Працягвае паспяховае выступленне на таварыскім турніры Continental Futsal Championship, які праходзіць у Тайландзе з 29 ліпеня па 3 жніўня, зборная Беларусі па міні-футболе. Учора яна згуляла свой другі матч, у якім перайграла зборную Аўстраліі з лікам 2:1. Галамі адзначыліся – Шыманоўскі і Шчарбіч.
Сёння ж нашы хлопцы згуляюць матч са сваімі асноўнымі канкурэнтамі за першае месца ў групе Б – з Савудаўскай Арабіяй.

Учора ў Кітае распачаўся фінальны турнір у Лізе нацый па валейболе.
У чвэрцьфінале Італія перамагла Кубу 3:1 (25:18, 25:19, 20:25, 25:21).
А вось Бразілія прайшла гаспадароў турніра – зборную Кітая з такім самым лікам 3:1 (29:31, 25:19, 25:16, 25:21).
Сёння ж за выхад у паўфінал пазмагаюцца Польшча ды Японія і Францыя ды Славенія.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя