
17 сакавіка ў футбольнай Лізе чэмпіёнаў вызначыліся першыя чатыры чвэрцьфіналісты.
Спачатку ў Лісабоне скончылася нарвежская казка «Будзё/Глімта».
«Спортынг» зладзіў гістарычны для сябе суперкамбэк і адыграўся пасля паразы ў Будзё з лікам 0:3 тыдзень таму.
Асноўны час завяршыўся з лікам 3:0. А з улікам дадатковага часу ён стаў 5:0.
Галамі адзначыліся Інасіў, Гансалвэш, Суарэс, Араўха і Нэл.
Цікава, што нарвежская каманда выставіла на гэтую гульню такі ж склад, як і на папярэднія 5 гульняў.
«Будзё/Глімт» стаў першай камандай у гісторыі турніру, якая выпускала аднолькавы стартавы склад у 6 матчах запар.
А вось «Спортынг» выйшаў у 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў/Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў упершыню з 1983 года. Іх супернікам, забягаючы крыху наперад, стане «Арсенал».
Які з лікам 2:0 у Лондане на «Эмірэйтс» пераграў нямецкі «Баер» з Леверкузена. А па суме дзвюх сустрэч – з лікам 3:1.
Там жа ў Лондане на суседнім «Стэмфард Брыдж» заўзятары «Чэлсі» перажывалі дыяметральна супрацьлеглыя пачуцці. Іх каманда зноў была разгромленая дзеючым ўладальнікам кубка – французскім «ПСЖ». Гэтым разам на вачах сваіх зазятараў з лікам 0:3. А тыдзень таму ў Парыжы было – 2:5.
Таксама ў Англіі ў Манчэсцеры «Сіці» быў пераможаны гішпанскім «Рэалам» з Мадрыда з лікам 1:2. Тыдзень таму было 0:3 на карысць каралеўскага клуба.
Што праўда, добра ім ўчора дапамог паўабаронца «гараджанаў», Бернарду Сільва, які пакінуў сваю каманду ў меншасці ўжо на 20 хвіліне гульні пасля выдалення за гульню рукой у сваёй штрафной пляцоўцы і адпаведнага пенальці, які рэалізаваў Вінісіус Джуніёр, які, зрэшты, забіў для сваёй каманды і другі – пераможны гол.
Афрыканскі скандал. Зборная Марока па футболе афіцыйна прызнана пераможцам Кубка Афрыкі. Сенегалу залічана тэхнічная параза. Скандал у фінальным паядынку Кубка афрыканскіх нацый прадоўжыўся праз два месяцы пасля турніру.
Увечары аўторка Канфедэрацыя афрыканскага футбола (КАФ) абвясціла, што задаволіла апеляцыю Марока і залічыла тэхнічную паразу зборнай Сенегала ў фінале Кубка афрыканскіх нацый за сыход з поля пры ліку 0:0 пасля прызначанага ў яе браму пенальці. Нагадаем, 11-метровы быў прызначаны пасля фолу на Браіму Дыясу ў кампенсаваны час, пасля таго як асноўны завяршыўся з лікам 0:0. Да гэтага ў дададзены час арбітр з ДР Конга адмяніў забіты сенегальцамі гол.
Паўза зацягнулася на 13 хвілін, і толькі пасля гэтага Сенегал вярнуўся на поле. Аднак Браім Дыяс на 90+24-й хвіліне 11-метровы не забіў, матч перайшоў у дадатковы час, а там Пап Гей забіў адзіны гол і прынёс Сенегалу другі тытул у яго гісторыі. Аднак дзейнымі пераможцамі КАН “Львы Тэрангі” былі нядоўга.
Характэрна, што Браім Дыяс, які не забіў фатальны пенальці, быў аб’яўлены пераможцам кантынентальнага турніру якраз у той час, калі знаходзіўся на полі ў складзе мадрыдскага “Рэала” ў матчы Лігі чэмпіёнаў супраць “Манчэстэр Сіці”. А галоўны трэнер Валід Рэграгі зусім паспеў пакінуць сваю пасаду. Ну, а сенегальцы паспелі адсвяткаваць, зладзіць у Дакары чэмпіёнскі парад, а таксама атрымаць прэміі, бонусы і падарункі ад урада ў выглядзе элітных зямельных участкаў на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна.
Такім чынам, Марока афіцыйна і другі раз у гісторыі, пасля 50-гадовага перапынку стала ўладальнікам галоўнага турніру кантынента (1976, 2025). Сенегальцы засталіся са срэбнымі медалямі, якія заваявалі ў 3-і раз (2002, 2019, 2025).
Учора ў Беластоку быў згуляны шматпакутны, два разы адкладзены праз снег і моцны мароз, матч 16 тура польскай футбольнай Экстракласы паміж «Ягелоніяй» і «ГКС» (Катавіцы).
«Яга» перамагла з лікам 2:1. Спачатку на 11 хвіліне гульні адзначыўся гішпанец Алехандра Поза. А пасля ў «распранальню» «гексе» мяч на 45 хвіліне “паклаў” капітан беластачанаў – украінец Тарас Раманчук. Катавічане адквіталі адзін мяч толькі на 82 хвіліне, акурат адразу пасля таго, як поле пакінуў беларускі форвард Ілля Шкурын, які пачаў гульню ў стартавым складзе.
Такім чынам быў згуляны апошні адкладзены матч у Экстракласе і пасля 25 тураў «Ягелонія» вярнулася на другі радок. Што праўда першы і трэці «Гурнік» Забжэ і «Лех» Познань, як і «Яга», маюць па 41 ачку. «ГКС» Іллі Шкурына апусціліся на 7 радок, але з 38 ачкамі знаходзіцца ўсяго ў двух пунктах ад зоны еўракубкаў.
Як стала вядома рэсурсу Tribuna.com, сістэма VAR з’явіцца ў вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе не раней за верасень.
Нагадаем, што намеснік старшыні АБФФ Андрэй Васілевіч у канцы лютага заяўляў пра тое, што «з пункту гледжання спецыялістаў і тэхнічнага суправаджэння ўжо ўсё гатова» і знаходзіцца «на нізкім старце».
Таксама адзначалася, што сістэму змогуць выкарыстоўваць толькі ў трох-чатырох матчах у туры.
У плэй-оф беларускай хакейнай Экстралігі ўчора былі згуляныя трэція матчы.
«Нёман» у Гародні саступіў менскаму «Юнацтву» з лікам 3:5.
А «Ліда» ў Смаленску ў авертайме з лікам 1:2 прайграла «Славуцічу».
Лік у гэтых парах стаў 1:2 не на карысць дружын з Гарадзеншчыны.
За акіянам былі згуляныя чарговыя матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ з удзелам беларускіх хакеістаў.
«Калгары» Ягора Шаранговіча саступіў «Дэтройту» з лікам 2:5. Беларус правёў на лёдзе 13:53 хв, не адзначыўся выніковымі баламі і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «-2».
«Далас» Уладзіслава Калячонка прайграў «Юце» з лікам 3:6. Беларус не патрапіў у заяўку.
«Пітсбург» Іллі Салаўёва буйна абыграў «Каларада» з лікам 7:2. Беларус правёў на лёдзе 13:21 хв, таксама не вызначыўся выніковымі баламі і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+1».
Учора беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч, якая замае 116-ы радок у сусветным рэйтынгу, кваліфікавалася ў асноўную сетку турніру WTA-1000 у Маямі.
У фінале кваліфікацыі беларуска прайшла 90 ракетку мексіканку Рэнату Сарасуа. Гульня завяршылася з лікам 2:0 – 6:3, 6:4.
Сасновіч стала другой беларускай у асноўнай сетцы тысячніка ў Маямі.
Акрамя яе, там жа згуляе першая ракетка Арына Сабаленка.
Беларуская гарналыжніца Марыя Шканава выйграла золата ў слаламе на спаборніцтвах у Славеніі.
Беларуска паказала час па суме двух заездаў – 1 хвіліна 39,94 секунды.
Другі і трэці радкі занялі славенкі Лапанья Ліла Грэйс і Далінар Манца адпаведна.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






