BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ягелонія” паспяхова выступіла ў Даніі

На футбольных палях Старога Свету ўчора прайшоў яшчэ шэраг першых матчаў трэцяга раўнда еўракубкаў. Засяродзім увагу на некаторых з іх.

Футбол. Здымак ілюстрацыйны
Здымак ілюстрацыйны

У Лізе Еўропы адбылося 10 матчаў.

Кіпрыёцкі «АЕК» у Ларнацы з буйным лікам перайграў варшаўскую «Легію» Іллі Шкурына з лікам 4:1. Што праўда сам беларускі форвард на поле так і не выйшаў. Магчыма, пры яго ўдзеле лік быў бы не такім катастрафічным для варшавякаў. Ці зможа Ілля выратаваць «Легію», даведаемся праз тыдзень. Каманда ўжо забяспечыла сабе еўравосень. А вось якую, дазнаемся 14 жніўня.

Данецкі «Шахтар» у Грэцыі згуляў унічыю 0:0 з афінскім «Панацінаікасам».

29 матчаў прайшло ўчора ў Лізе канферэнцыяў.

Кіпрыёцкі «Арыс», дзе галоўным трэнерам беларускі спецыяліст Арцём Радзькоў, у Лімасоле згуляў унічыю 2:2 з грэцкім «АЕК». Тут цікава разгортвался падзеі. Адразу грэкі павялі ў ліку, забіўшы галы на 9-й і 14-й хвілінах. А затым хуценька кіпрыёты Радзькова лік параўнялі – на 18-й і 31-й хвілінах. Астанія 60 хвілін матча каманды галамі не вызначыліся.

Малдаўскі «Мілсамі» перайграў з лікам 3:2 сан-марынскі «Віртус». Пры чым пераможны трэці гол малдаване забілі на апошніх хвілінах гульні ў меньшасці.

Літоўскі «Жальгірыс» у Коўна саступіў балгарскай «Ардзе» з лікам 0:1.

Латышская «Рыга» на сваім поле перайграла з буйным лікам ізраільскі «Бейтар» з лікам 3:0.
Беластоцкая «Ягелонія» ў Даніі перайграла з лікам 1:0 «Сількеборг». На 15 хвіліне голам адзначыўся партугальскі легіянер беластачанаў – Бернарду Вітал.

Жытомірскае «Палісся» ў Жэшуве з буйным лікам 3:0 перамагло венгерскі «Пакс».

«Лазана» ў Швайцарыі перайграла з лікам 3:1 казахскую «Астану». Беларускі капітан апошніх Макс Эбонг правёў на полі ўвесь матч.

Там жа ў Швайцарыі «Лугана» было разгромлена з лікам 0:5 славенскім «Цэле», дзе памочнікам галоўнага трэнера – беларускі спецыяліст Іван Маеўскі.

«Ракуў» у Чэнстахове саступіў 0:1 ізраільскаму «Макабі» з Хайфы. Таму самаму, які тыдзень таму выбіў з Лігі канферэнцыяў жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ».

Гульні ў адказ ва ўсіх гэтых камандаў пройдуць 14 жніўня.

Яшчэ адзін беларускі футбаліст будзе граць у вышэйшым дэвізіёне аднаго з чэмпіянатаў у Еўропе.

Агент беларускага паўабаронцы Рамана Пасевіча Руслан Даўбенка расказаў, што футбаліст, які цяпер належыць расескім «Сочы», перайшоў у славенскую «Муру» ў арэнду з правам выкупу.
Такім чынам у вышэйшых дывізіёнах у Еўропе беларусы гуляюць у Балгарыі (два чалавекі), Босніі і Герцагавіне (1), Грэцыі (1), на Кіпры (1), Партугаліі (1), Польшчы (2), Сербіі (1).

Што да краін постсавецкай прасторы, то найбольшая беларуская дыяспара ў вышэйшым дывізіёне Казахстана (15), у Расеі (8), Кыргызстане (8). Малдова (3), Літва (2), Грузія (1), Арменія (1).

Учора быў абноўлены жаночы рэйтынг ФІФА. Зборная Беларусі вярнулася на 50-е месца. Гэта стала магчыма пасля ліпеньскіх перамог у дзвух таварыскіх матчах са зборнай Азербайджана, пасля чаго ў актыве каманды стала 1496.09 ачка. Раней падапечныя Уладзіміра Шындзікава выляцелі з топ-50 рэйтынгу, заняўшы 53-ы радок. Нагадаем, што ў чэрвені беларускі занялі апошняе месца ў сваёй групе Лігі нацый і з трыма ачкамі вылецелі ў дывізіён С. У шасці матчах розыгрышу каманда не забіла ніводнага мяча і прапусціла восем. На першае месца ў рэйтынгу ФІФА ўзняліся фіналісткі чэмпіянату Еўропы з Гішпаніі. На другім – ЗША. На трэцім – Швецыя.

У Кубку Салея – Кубку Беларусі па хакеі ўчора былі згуляныя тры матчы.
«Шахцёр» у Салігорску саступіў «Брэсту» з лікам 2:3.
«Нёман» у Гародні перайграў «Ліду» з лікам 3:2.

І «Юнацтва» ў Менску перайграла «Авіятар» з Баранавічаў з лікам 4:1.
У групе А першынствуюць – «Юнацтва», «Дынама-Маладэчна» і «Брэст».
А ў групе Б – «Віцебск», «Лакаматыў» Ворша і «Славуціч» Смаленск.

27-гадовая беларуская першая ракетка свету Арына Сабаленка сустрэнецца з Маркетай Вондрушавай (63 WTA) з Чэхіі ў другім раўндзе турніру WTA-1000 у Цынцынаці.
У матчы першага раўнда Вондрушава перайграла румынку Жаклін Крысціян (52 WTA) з лікам 6:3, 6:1.

Нагадаем, што для беларускі гэта будзе першы матч пасля паўфіналу «Уімблдона» 10 ліпеня, у якім яна пацярпела паразу ад Аманды Анісімавай (4:6, 6:4, 4:6). Пасля гэтага Сабаленка прыняла рашэнне прапусціць турнір WTA-1000 у Манрэалі.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя