
29 студзеня матчамі 8 тура завяршыўся асноўны этап футбольнай Лігі Еўропы.
У 1/8 фінала наўпрост выйшлі: «Ліён», «Міцьюлан», «Астан Віла», «Фрайбург», «Бетыс», «Порту», «Брага» і «Рома».
А вось перад тым у 1/16 фінала згуляюць: «Балонья», «Ферэнцвараш», «Ноцінгэм», «Вікторыя Пльзень», «Панацінаікас», «Генк», «Црвена Звезда», «ПАОК», «Штутгарт», «Сельта», «Фенербахчэ», «Селтык», «Ліль», «Бран», «Лудагорац» і «Дынама» (Заграб).
«Сан-Дыега» саступіў «Тусону» па булітах з лікам 3:4 у матчы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ.
Беларускі форвард прайграўшых Ягор Сідараў згуляў у чацвёртым звяне на левым фланзе і закінуў другую шайбу сваёй каманды ў першым перыядзе.
Па выніку ён зарабіў 1 (1+0) выніковае ачко і быў прызнаны трэцяй зоркай матчу.
Для 21-гадовага ўраджэнца Віцебска гэтая шайба стала 10-й у сезоне. Цяпер на яго рахунку 20 (10+10) выніковых балаў у 41 матчы.
У беларускай хакейнай Экстралізе былі згуляныя першыя матчы 44 тура рэгулярнага чэмпіяната.
«Брэст» прайграў салігорскаму «Шахцёру» з лікам 2:4.
Гарадзенскі «Нёман» нарэшце перарваў трохматчавую серыю паразаў і на выездзе перамог з «сухім» лікам 4:0 «Магілёў».
Смаленскі «Славуціч» прытармазіў аднаго з лідараў – «Дынама-Маладэчна», другі раз абгуляўшы яго на яго лёдзе па булітах з такім самым лікам 3:2. Агулам жа для маладэчанцаў гэта трэцяя запар параза па булітах.
Учора першая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка выйграла ва ўкраінкі Эліны Світолінай (№WTA, 12) з лікам 2-0 – 6:2, 6:3 у матчы 1/2 фіналу Australian Open.
Такім чынам беларуска выйшла ў чацвёрты фінал турніру запар. У 2023 і 2024 гадах яна стала пераможцай, у 2025-м саступіла амерыканцы Мэдысан Кіз.
Столькі ж падобных дасягненняў на турніры ў Мельбурне маюць толькі Штэфі Граф і Івон Гулагонг, якія таксама па чатыры разы даходзілі да фіналу Australian Open, дзе сёлета суперніцай Сабаленкі стане прадстаўніца Казахстана, 5-я ракетка свету Алена Рыбакіна.
Світоліна ж па выніках выступлення на турніры ў Мельбурне стане 10-й ракеткай свету.
Таксама Арына Сабаленка стала трэцяй тэнісісткай з 1988 года, якая здолела выйсці ў восем паўфіналаў запар на турнірах «Вялікага шлема» на хардавым пакрыцці.
Раней падобнага дасягнення дамагаліся толькі Ліндсі Дэвенпорт і Марціна Хінгіс.
Акрамя гэтага беларуская тэнісістка забяспечыла сабе прызавыя на 1 447 165 даляраў.
У выпадку перамогі ў вырашальным матчы Сабаленка заробіць 2 793 365 даляраў.
Агулам прызавы фонд турніру складае 75 мільёнаў аўстралійскай валютай.
Учора ў заключным матчы групавога этапа чэмпіянату Еўропы-2026 па міні-футболе зборная Беларусі сустракалася са Славеніяй і перамагла тую з лікам 3:2.
Каманда Аляксандра Чэрніка з трыма ачкамі па асабістых і іншых паказніках заняла апошняе месца ў сваім квартэце і завяршыла выступленне на турніры.
Для таго, каб выйсці ў плэй-оф, Беларусь павінна была перамагчы Славенію хаця б на сем мячоў, забіўшы пры гэтым не менш за дзевяць разоў, або з большай розніцай мячоў.
У сваю чаргу Гішпанія разграміла Бельгію з лікам 10:3.
Свае матчы беларусы гулялі ў Любляне.
Група С: 1.Іспанія – 9 ачкоў (3 матчы). 2. Бельгія – 3 (3). 3.Славенія – 3 (3). 4.Беларусь – 3 (3).
Таксама завершыла выступ на Еўра і каманда Польшчы, якая прайграла ўсе тры свае гульні, а ўчора заключную Партугаліі з лікам 2:3.
Такім чынам чвэрцьфінальныя пары міні-Еўра наступныя: Францыя – Украіна, Гішпанія – Італія, Арменія – Харватыя і Партугалія – Бельгія.
Футбольны Кубак Івуліна будзе перайменаваны ў гонар экс-журналіста «Трыбуны», аўтара YouTube-канала «Жыццё-маліна» Мікіты Мелказёрава, які памёр у ноч на 21 снежня 2025 года.
Аматарскі турнір быў заснаваны ў Варшаве ў 2022 годзе ў знак салідарнасці з палітвязнем экс-журналістам «Трыбуны» Аляксандрам Івуліным. У выніку стаў штогадовым. Выйшаўшы на волю ў пачатку 2023-га, Івулін перасяліўся ў Польшчу, з таго часу прымае ўдзел у арганізацыі турніру. Мелказёраў быў яго пастаянным удзельнікам.
«Дзякуй, што забраў мой «Кубак Івуліна». Думаю, так правільна», – напісаў Аляксандр у лісце да сябра.
Мелказёраў памёр у сябе дома ў Варшаве, дзе жыў у апошні час. Яму было 37 гадоў.
Міжнародны саюз сучаснага пяцібор’я (UIPM) адмяніў забарону на арганізацыю ў Беларусі турніраў пад сваёй эгідай.
«Абмежаванні на падачу заяўкі Беларуссю на правядзенне спаборніцтваў UIPM знятыя. Але UIPM па-ранейшаму будзе ўстрымлівацца ад арганізацыі або падтрымкі міжнародных мерапрыемстваў у Расеі», – пазначылі ў прэс-службе саюза.
Раней паведамлялася, што ў канцы студзеня Міжнародны саюз сучаснага пяцібор’я дазволіў беларускім і расейскім спартоўцам ва ўзросце да 19 гадоў удзельнічаць ва ўсіх турнірах пад эгідай UIPM з дзяржаўным сцягам і гімнам.
Атлеты з Беларусі і Расеі старэйшага ўзросту могуць выступаць на міжнародных спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе.
А тым часам старшыня Беларускай асацыяцыі каноэ Валянцін Байко, які валодае прадпрыемствам «Контэ Спа», паспрабаваў аспрэчыць забарону ад Польшчы на ўезд у шэнгенскую зону.
Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі не знайшло падставаў для адмены ўведзеных раней абмежаваньняў.
У абгрунтаванні, пазначана, што ў якасці члена Савета Рэспублікі Байко пасля 2020 года браў удзел у прыняцці заканадаўчых актаў, якія «пашыраюць паўнамоцтвы беларускіх сілавікоў і гарантуюць іх беспакаранасць, а таксама абмяжоўваюць правы грамадзян на публічныя пратэсты і крытыку дзеянняў улад і доступ да недзяржаўных крыніц».
Нагадаем, што санкцыі ў дачыненні да Байко 29 траўня 2023 года ўвёў кіраўнік МУС Польшчы па заяве кіраўніка Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW). Падставай паслужыла членства Байко ў рэжымным Савеце Рэспублікі, які ўзначальвае Наталля Качанава.
Актывы бізнэсмэна ў Польшчы былі замарожаныя, а яго самога ўнеслі ў спіс асоб, непажаданых на тэрыторыі краіны. Польшча ўнесла дадзеныя Байко ў Шэнгенскую інфармацыйную сістэму (SIS II), што робіць для яго немагчымым наведванне кожнай з краін Шэнгенскай дамовы.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






