BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Лондане пачаўся старэйшы тэнісны турнір серыі Вялікага шлема


Учора, 30 чэрвеня, на травяных кортах у Лондане пачаўся старэйшы тэнісны турнір серыі Вялікага шлема – Уімблдонскі.

Нашая ўвага ў ім скіраваная да ўдзельніц-беларусак. Учора ў першым крузе, ці ў 1/64 фіналу, свае матчы згулялі Арына Сабаленка ды Аляксандра Сасновіч. Арына перайграла 194 ракетку сусветнага рэйтынгу канадку Карсан Брэнсцін з лікам 2:0 (6:1, 7:5). І ў 1/32 фіналу 2 ліпеня згуляе з 48 ракеткай чэшкай Марыяй Боўзкавай.

А вось Аляксанадра Сасновіч у цяжкім матчы, які доўжыўся амаль 3 з паловай гадзіны, з двума тай-брэйкамі, перайграла прадстаўніцу Францыі 92 ракетку сусветнага рэйтынгу Варвару Грачову. Лік у сустрэчы 2:1 (6:4, 6:7, 7:6). 2 ліпеня ў 1/32 Аляксандру чакае сустрэча з самай моцнай украінскай тэнісісткай, 13-й ракеткай сусветнага рэйтынгу Элінай Світолінай.
Сёння ж у барацьбу ўступіць трэцяя беларуска – Вікторыя Азаранка. Яна пазмагаецца за выхад у наступны раўнд з 96 ракеткай расейкай Анастасіяй Захаравай.

Уімблдонскі тэнісны турнір працягнецца да 13 ліпеня. Яго прызавы фонд складае рэкордныя 53 500 000 фунтаў.

У працяг тэмы. Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) апублікавала абноўлены рэйтынг арганізацыі.
Найлепшай па-ранейшаму з’яўляецца беларуска Арына Сабаленка. Вікторыя Азаранка вярнулася ў першую сотню і цяпер яна – 87-я, Аляксандра Сасновіч – 107-я.
1 (1). Арына Сабаленка (Беларусь) – 11 640
2 (2). Кока Гаўф (ЗША) – 7 899
3 (3). Джэсіка Пегула (ЗША) – 6048
4 (8). Іга Свёнтак (Польшча) – 4 943
5 (4). Жасмін Пааліні (Італія) – 4 806
6 (5). Чжэн Цыньвэнь (Кітай) – 4 803
7 (7). Міра Андрэева (Расея) – 4 743
8 (6). Мэдысан Кіз (Кітай) – 4 484
9 (9). Паўла Бадоса (Гішпанія) – 3 684
10 (10). Эма Навара (ЗША) – 3 610
87 (105). Вікторыя Азаранка (Беларусь) – 774
107 (108). Аляксандра Сасновіч (Беларусь) – 688
169 (170). Ірына Шымановіч (Беларусь) – 431

211 (203). Крысціна Дзмітрук (Беларусь) – 339
308 (308). Алена Фалей (Беларусь) – 220

Учора ў клубным чэмпіянаце свету па футболе адбыўся адзін матч 1/8 фіналу. Гулялі італьянскі «Інтэр» ды бразільскі «Флуменэнсэ». Бразільцы перамаглі з лікам 2:0 і праходзяць далей у 1/4 фіналу.

Патэнцыйны супернік гарадзенскага «Нёмана» выключаны з еўракубкаў.

УЕФА прыняў рашэнне выключыць славацкую «Дунайску Стрэду» з кваліфікацыі Лігі канферэнцый бягучага сезону.

«На падставе ацэнкі дакументацыі, пададзенай клубамі, першая палата органа УЕФА па фінансавым кантролі клубаў прыйшла да высновы, што венгерскі «Дзьёр» і «Дунайска Стрэда» парушылі правіла аб множным валоданні», — гаворыцца ў заяве УЕФА.
У славацкага клуба і венгерскага «Дзьёра», таксама ўдзельніка ЛК, адзін уладальнік, бізнесмен Оскар Вілагі, што, згодна з правіламі, робіць немагчымым удзел у турніры абодвух клубаў з-за канфлікту інтарэсаў. Паведамляецца, што клубы спрабавалі падзяліць сваю дзейнасць на ўзроўнях адміністрацыі і аперацый, аднак ва УЕФА палічылі гэта недастатковым.

«Дунайска Стрэда» ў другім раўндзе кваліфікацыі Лігі Канферэнцый павінна была сустрэцца з пераможцам пары «Нёман» — «Урарту» (Арменія).

Такім чынам пераможца гэтай пары аўтаматычна выйдзе ў трэці раўнд.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя