
У Марока працягваецца групавы этап Кубка афрыканскіх нацыяў.
Каманда гаспадароў турніра згуляла ўнічыю 1:1 са зборнай Малі.
Бенін абгуляў Батсвану з лікам 1:0.
Унічыю з аднолькавым лікам 1:1 паміж сабою згулялі пары Сенегала і Конга ды Уганды і Танзаніі.
Зборная Нігерыі абыграла Туніс з лікам 3:2.
Для нігерыйцаў гэта была другая перамога на групавым этапе бягучага розыгрышу турніру – у першым туры яны адолелі зборную Танзаніі з лікам 2:1.
Дзякуючы гэтай перамозе, зборная Нігерыі датэрмінова гарантавала сабе выхад ў наступную стадыю спаборніцтваў.
Нігерыя аднаасобна ўзначальвае турнірную табліцу групы C, маючы 6 ачкоў пасля двух згуляных матчаў, і за тур да завяршэння групавога этапа апярэджвае зборныя Танзаніі і Уганды на 5 ачкоў.
Такім чынам, за тур да завяршэння групавога этапа Нігерыя ўжо забяспечыла сабе месца ў 1/8 фіналу турніру.
Раней у плэй-оф КАН-2025 выйшла зборная Егіпта, якая таксама здабыла дзве перамогі ў групе A.
Учора зборная Алжыра перамагла зборную Буркіна-Фасо з лікам 1:0.
Дзякуючы гэтай перамозе, а таксама перамозе зборнай Судана над Экватарыяльнай Гвінеяй з такім самым лікам 1:0, «Лісы пустыні» забяспечылі сабе першае месца ў групе Е ўжо пасля другога тура.
Алжырцы маюць 6 ачкоў у актыве, Буркіна-Фасо і Судан – па 3, аднак з-за паразаў у вочных сустрэчах з Алжырам гэтыя зборныя ўжо не змогуць апярэдзіць яго ў табліцы. Экватарыяльная Гвінея страціла шанцы нават на трэцяе месца.
У групе F Мазамбік перайграў Габон з лікам 3:2.
А дзеючыя чэмпіёны Афрыкі – зборная Кот-д’Івуара згуляла ўнічыю 1:1 са зборнай Камеруна.
26-гадовы беларускі паўабаронца Макс Эбонг змяніў «Астану» з Д1 Казахстана на сафійскі ЦСКА з Д1 Балгарыі.
Прэс-служба клуба паведаміла, што кантракт разлічаны на тры гады.
За «Астану» футбаліст выступаў з 2020 года. За ўвесь гэты час ён правёў 177 матчаў ва ўсіх турнірах, забіўшы 11 галоў і аддаўшы 26 галявых перадач.
У сезоне-2025 беларус правёў 24 гульні, забіў 3 мячы і зрабіў 3 асісты.
Адзначым, што ў складзе ЦСКА таксама выступае беларускі галкіпер Фёдар Лапавухаў.
У турнірнай табліцы ЦСКА пасля 19 матчаў займае 5-е месца.
Раней паведамлялася, што Эбонгам цікавіліся «МЛ» Віцебск і «Кайсар» з Д1 Казахстана.
Як паведамляе asnews.kz, сума трансферу беларуса з «Астаны» ў сафійскі ЦСКА склала 500 тысяч еўра.
Крыніца адзначае, што «Астана» з Д1 Казахстана адчувае фінансавыя цяжкасці, а супрацоўнікі клуба не атрымліваюць заробак з верасня.
Арына Сабаленка прайграла ў Дубаі «Бітву полаў».
Аўстралійскі тэнісіст Нік Кір’яс упэўнена перамог першую ракетку свету сярод жанчын, беларуску Арыну Сабаленку, у дэманстрацыйным матчы пад назвай «Бітва полаў».
Ён выйграў сустрэчу, не прайграўшы аніводнага сэту — 6:3, 6:3.
Паядынак адбыўся ў Дубаі і доўжыўся 1 гадзіну 17 хвілін. Сабаленка, якая з’яўляецца чатырохразовай пераможцай турніраў Вялікага шлема, не змагла на роўных супрацьстаяць фіналісту Уімблдона 2022 года.
Матч праходзіў згодна са спецыяльнымі правіламі, створанымі для балансу сілаў. Кожнаму з удзельнікаў дазвалялася толькі адна падача — без другой спробы. Акрамя таго, частка корта, на якой гуляла Сабаленка, была паменшаная на 9% у параўнанні са стандартным памерам.
Абодва сэты згулялі ў звычайным фармаце — да шасці геймаў. У выпадку трэцяга сэту прадугледжваўся тай-брэйк да 10 выйграных балаў замест паўнавартаснай партыі, аднак да яго справа не дайшла.
У рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай Хакейнай Лігі прайшлі чарговыя выніковыя матчы з удзелам беларускіх гульцоў.
«Нью-Джэрсі» ў авертайме саступіў «Вашынгтону» Аляксея Протаса з лікам 3:4. Протас правёў на лёдзе 19 хвілін 49 секунд, вызначыўся закінутай шайбай і двума асістамі, здзейсніў пяць кідкоў па варотах, таксама ў яго актыве адзін сілавы прыём, сустрэчу скончыў з паказчыкам карыснасці «+3». Адзначым, што яшчэ адна шайба Протаса на 12-й хвіліне гульні была адмененая пасля прагляду суддзямі відэа-паўтору. Аляксея прызналі другой зоркай матча.
У бягучым сезоне Протас набраў 27 (14+13) ачкоў у 38 матчах, мае паказчык карыснасці «+23» і 14 штрафных хвілін.
Яго «Вашынгтон» з 45 ачкамі пасля 38 гульняў займае сёмае месца ва Усходняй канферэнцыі і перапыніў серыю з трох паразаў запар.
Сам Аляксей Протас вярнуўся ў топ-10 па паказчыку карыснасці ў НХЛ і размясціўся на 7-й пазіцыі.
Вышэй за Протаса толькі пяць гульцоў «Каларада» і Джэй-Джэй Мозер з «Тампы». У лідарах Натан Макінан («+47»), следам – яго аднаклубнікі Марцін Нечас («+37») і Арттуры Лехконен («+33»).
«Далас» па булітах прайграў «Чыкага» Арцёма Леўшунова таксама з лікам 3:4. Леўшуноў правёў на лёдзе 23 хвіліны 10 секунд, вызначыўся галявой перадачай, здзейсніў чатыры кідкі па варотах і адзін сілавы прыём, заблакаваў адзін кідок суперніка і дапусціў чатыры страты шайбы, сустрэчу скончыў з паказчыкам карыснасці «0».
Беларус мае 17 (1+16) бамбардзірскіх балаў у 35 гульнях гэтага сезона.
Яго «Чыкага» пакінуў апошнюю пазіцыю ў табліцы Захаду. Ён на бал апярэджвае «Ванкувер» і на 5 адстае ад топ-8 камандаў.
«Калгары» Ягора Шаранговіча абыграў «Эдмантан» з лікам 3:2. Шаранговіч правёў на лёдзе 21 хвіліну 43 секунды, вызначыўся закінутай шайбай, здзейсніў чатыры кідкі па варотах і адзін сілавы прыём, два разы дапусціў страту шайбы і адзін раз здзейсніў перахоп, сустрэчу скончыў з паказчыкам карыснасці «+1».
У бягучым сезоне беларус правёў 34 матчы, набраў 12 (7+5) ачкоў, мае паказчык карыснасці «-8» і дзве штрафныя хвіліны. Яго безвыніковая серыя доўжылася шэсць сустрэч і была спыненая ў гэтым матчы.
«Калгары» ж набраў 36 ачкоў у 38 матчах і захоўвае 13-е месца ў Заходняй канферэнцыі.
Што ж тычыцца іншых беларусаў, то «Бафала» выйграла ў «Бостана» Уладзіслава Калячонка з лікам 4:1. Калячонак правёў на лёдзе 13 хвілін 36 секунд, вызначыўся адным кідком па варотах, дапусціў дзве страты шайбы і зрабіў адзін перахоп, сустрэчу скончыў з паказчыкам карыснасці «0».
А вось «Ванкувер» Мікіты Талапілы саступіў «Сан-Хасэ» з лікам 3:6. Талапіла на гульню заяўлены не быў.
«Каларада» Іллі Салаўёва па булітах выйграў у «Вегаса» з лікам 6:5. Салаўёў на гульню таксама заяўлены не быў.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






