
У Марока стартаваў 35-ы па ліку розыгрыш Кубка афрыканскіх нацый.
У матчы-адкрыцці гаспадары турніра – зборная Марока згуляла супраць Каморскіх выспаў.
Гульня прайшла ў Рабаце і завяршылася з лікам 2:0 на карысць мараканцаў.
На 55-й хвіліне паўабаронца гаспадароў Браім Дыяс адкрыў лік пасля перадачы Нусаіра Мазраўі. Гэты гол стаў першым на турніры. Таксама паўабаронца мадрыдскага «Рэала» быў прызнаны лепшым гульцом сустрэчы.
Акрамя гэтага Малі згуляла ўнічыю з Замбіяй 1:1. Пры чым замбійцы параўнялі лік толькі на 92 хвіліне матча.
Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка перайграла Анголу з лікам 2:1.
І з такім самым лікам 2:1 Егіпет на 91 хвіліне гульні здабыў валявую перамогу над Зімбабвэ.
Само сабою, пераможную кропку ў матчы паставіў форвард «Ліверпуля» – Махамед Салах.
Дзеючым пераможцам Кубка афрыканскіх нацый з’яўляецца зборная Кот-д’Івуара.
Турнір працягнецца з 21 снежня па 18 студзеня.
А тым часам учора ФІФА апублікавала абноўлены рэйтынг мужчынскіх зборных.
Каманда Беларусі, набраўшы 1227.09 ачкоў, засталася на 99-й пазіцыі.
Нагадаем, што ў папярэднім абнаўленні дзякуючы нічыім са зборнымі Даніі і Грэцыі ў лістападаўскіх матчах адбору на Чэмпіянат свету 2026 Беларусь зарабіла 14 ачкоў і ўзнялася на чатыры радкі ў топе.
У выніку каманда знаходзіцца паміж Трынідадам і Табага і Сальвадорам.
Узначальвае рэйтынг зборная Гішпаніі, на другім месцы Аргентына, а замыкае тройку каманда Францыі. Украіна ў выніковым рэйтынгу года знаходзіцца на 28 радку, Польшча на 31, Латвія на 140, Літва на 146 месцы.
Куды лепш справы ідуць у беларусак.
Жаночая зборная Беларусі ў выніковым рэйтынгу года ўзнялася на два радкі і займае зараз 48 месца паміж камандамі Чылі і Ўзбекістана. Першыя тры радкі займаюць каманды Гішпаніі, ЗША ды Германіі, адпаведна. Польшча – 24-я, Украіна – 34-я, Літва – 103-я, Латвія – 107-я.
Камісія арбітраў УЕФА абнавіла спіс суддзяў на другую палову сезона.
У выніковы ранкінг увайшоў беларус Ігар Шумілаў, які замяніў іншага нашага суайчынніка Дзмітрыя Дзмітрыева.
Гэта дазволіць 32-гадоваму беларускаму арбітру абслугоўваць міжнародныя матчы пад эгідай Еўрапейскага саюза футбольных асацыяцый.
Таксама ў спісе значацца беларусы Віктар Шымусік, Антон Лашук і Амін Кургхелі. Усім ім прысвоеная другая катэгорыя.
Абаронца «Сталі» з Жэшува Уладзіслаў Красоўскі ўвайшоў у пяцёрку найлепшых гульцоў восеньскага перыяду ў Першай лізе чэмпіяната Польшчы па футболе па колькасці перахопаў.
На рахунку беларуса 34 перахопы.
Першае месца ў рэйтынгу займае Якуб Беднарчык з «Гурніка» Ленчна з 42 перахопамі.
21-гадовы беларус правёў у чэмпіянаце 18 матчаў. На яго рахунку шэсць жоўтых картак, але карыснымі баламі ён не адзначыўся.
Яго «Сталь» займае пятае месца ў турнірнай табліцы, у яе актыве 31 ачко пасля 19 тураў.
У беларускай хакейнай Экстралізе ўчора былі згуляныя заключныя матчы 35 тура рэгулярнага чэмпіяната.
Аршанскі «Лакаматыў» на сваім лёдзе саступіў з лікам 3:4 салігорскаму «Шахцёру».
З такім самым лікам 4:3 смаленскі «Славуціч» па булітах перайграў «Магілёў».
Жлобінскі «Металург» з лікам 2:1 быў мацнейшым за наваполацкі «Хімік».
І «Дынама-Маладэчна» разграміла «Брэст» з лікам 6:1.
Такім чынам тройка лідараў у табліцы застаецца нязменнай: узначальвае яе па-ранейшаму менскае «Юнацтва», у якога 60 ачкоў, на другім месцы з 51 ачком ідзе «Ліда» і замыкае п’едыстал – жлобінскі «Металург», у якога 49 ачкоў.
У Нацыянальнай хакейнай лізе «Вашынгтон» Аляксея Протаса прайграў «Дэтройту» ў овертайме з лікам 2:3. Беларус правёў на лёдзе 21:14 хв, з іх 27 секундаў – у меншасці, зрабіў пяць кідкоў (з іх два – міма), ужыў адзін сілавы прыём, зрабіў адзін блок, прайграў адно ўкідванне і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «-1»
«Бостан» Уладзіслава Калячонка прайграў «Атаве» з лікам 2:6. Беларус у заяўку на матч не патрапіў.
Стала вядома, што беларускі брамнік Аляксей Коласаў працягне сезон у АХЛ, дзе будзе выступаць за «Ліхай Вэлі» – фарм-клуб «Філадэльфіі».
Паведамляецца, што асноўны галкіпер «Філадэльфіі» Даніэль Уладарж аднавіўся пасля траўмы і вярнуўся ў склад.
Аляксея Коласава экстрана выклікалі ў каманду НХЛ напярэдадні матчу з «Рэйнджэрс», аднак беларус правёў сустрэчу на лаўцы запасных.
Усяго ў сезоне-2025/26 Коласаў прыняў удзел у двух матчах НХЛ. Ён зарабіў каэфіцыент надзейнасці 1,62 і 92,9% адбітых кідкоў.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі «Атланта» прайграла «Чыкага» з лікам 150:152.
Гэта – самая выніковая гульня ў гэтым сезоне НБА.
Па дадзеных ESPN Research, гэта была толькі восьмая гульня ў гісторыі НБА, у якой абедзве каманды набралі не менш за 150 ачкоў у асноўны час. За апошнія 35 сезонаў гэта здаралася тройчы.
Самы ж выніковы матч у гісторыі НБА, які завяршыўся без овертайму, адбыўся 2 лістапада 1990 года. Тады «Голдэн Стэйт» перамог «Дэнвер» з лікам 162:158.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






