BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У матчы НХЛ “Юта” перайграла “Бостан”

У чэмпіянаце Беларусі ў Вышэйшай лізе былі згуляныя матчы 25 тура. Асноўныя канкурэнты за залатыя медалі чэмпіяната гарадзенскі «Нёман» і менскае «Дынама» сінхронна перамаглі на сваіх палях – «Слуцк» і мазырскую «Славію» адпаведна з аднолькавым лікам 2:0. За жоўта-зялёных забітымі галамі вызначыліся – Карповіч і Савіцкі, а за бела-блакітных – Пігас і Альфрэд.

Яшчэ чатырма нядзельнымі матчамі была завершаная праграма тура. Дзе барысаўскі «БАТЭ» перамог дзяржынскі «Арсенал» з лікам 3:2, «Менск» з такім самым лікам узяў верх над «Іслаччу», ва ўсходнім дэрбі «Гомель» і магілёўскі «Дняпро» разышліся мірам 1:1 і ў заключным матчы ў лакальных разборках за бронзавыя медалі жодзінскі клуб «Тарпеда» перамог берасцейскае «Дынама» 3:1 тым самым яшчэ болей аддаліў перпектывы берасцейцаў на медалі трэцяга гатунку.

У польскай Экстракласе беластоцкая «Ягелонія» наведалася ў Любін да «Заглембе» і прывезла адтуль дзяжурныя тры пункты, здабыўшы перамогу 1:3. Што праўда іх канкурэнты познаньскі «Лех» і «Ракаў» з Чэнстахова таксама здабылі важныя перамогі і захавалі статус-кво ў першай тройцы турнірнай табліцы. «Лех» ідзе на першым месцы з 28 ачкамі, «Ракаў» другі з 26 пунктамі і замыкае п’едэстал «Ягелонія», у якой на адно ачко меней.

У 1 групе Трэцяй польскай лігі ў падляшскім дэрбі «ЛКС» з Ломжы ўзяў верх над «Віграмі» з Сувалак з лікам 2:1. Каманды зараз знаходзяцца на 3 і 4 месцах у сваёй лізе адпаведна.

Юрый Кендыш другі раз у кар’еры выйграў чэмпіянат Літвы. Яго “Жальгірыс” на выездзе разграміў у Алітусе “Дайнаву”, якой кіруе беларускі спецыяліст Сяргей Кузняцоў з лікам 5:0 і за тры туры да фінішу забяспечыў сабе 11-е ў гісторыі золата. Кендыш ужо браў тытул у А Лізе з тым жа “Жальгірысам” у 2015 годзе. А яшчэ 7 разоў выйграваў іншыя чэмпіянаты.

У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ “Юта” перайграла “Бостан” у авертайме з лікам 2:1. Беларускі абаронца гаспадароў Уладзіслаў Калячонак, закінуўшы шайбу, быў прызнаны “другой зоркай” паядынку. Наш суайчыннік зраўняў лік на 55-й хвіліне. Калячонак у агульнай складанасці правёў на пляцоўцы 15 хвілін 54 секунды, нанёс два кідкі, зарабіў дзве хвіліны штрафу і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+1». Яго “Юта” ў 6 сустрэчах набраўшы 9 ачкоў, займае трэцяе месца ў Заходняй канферэнцыі.

Яшчэ адзін беларус адзначыўся ў матчы, дзе “Вашынгтон” на чужой пляцоўцы перайграў “Нью-Джэрсі” — 6:5 і таксама ў авертайме. Беларускі форвард гасцей Аляксей Протас запісаў у актыў выніковую перадачу. Протас у агульнай складанасці правёў на пляцоўцы 16 хвілін 22 секунды, нанёс адзін кідок і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці “+1”. Яго “Вашынгтон” у 4 сустрэчах набраўшы 6 ачкоў, займае шостае месца ва Усходняй канферэнцыі.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя