У Мюнхене прайшоў 70-ы па ліку фінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў УЕФА. Французскі «Пары Сэн-Жэрмен» упершыню ў гісторыі стаў яго пераможцам. Прытым аформіў гэта дасягненне, паставіўшы рэкорд: дагэтуль ніхто ў фінале не перамагаў суперніка з разгромным лікам 5:0.

Раней найбуйнейшым лікам у фінале быў 4:0. Ён фіксаваўся ў 1974 годзе ў матчы мюнхенскай «Баварыі» і мадрыдскага «Атлетыка», у 1989 годзе ў матчы міланскага «Інтэра» з бухарэсцкім «Сцяўа» і ў 1994 годзе ў матчы «Мілана» супраць «Барселоны».
«Пары Сэн-Жэрмен» цвёрда ўзяў у свае рукі ініцыятыву з самага пачатку матча. Ужо на 12-й хвіліне мараканскі легіянер Ашраф Хакімі забіў першы мяч, а на 20-й Дэзірэ Дуэ павялічыў перавагу. З такім лікам каманды пайшлі на перапынак.
У другім жа тайме французская каманда аформіла разгром. На 63-й хвіліне той жа Дуэ давёў лік да буйнога, на 73-й грузін Хвіча Кварацхелія забіў чацвёрты мяч, а на 86-й Сені Меюлю паставіў кропку.
Акрамя таго, гэта другі галоўны еўракубак для французскіх камандаў. Папярэдні ў 1993 годзе выйграваў «Алімпік Марсэль».
А вось на футбольных палях Беларусі прайшлі чарговыя матчы 11 тура ў Вышэйшай лізе. І вось іх вынікі. У барысаўскім дэрбі жодзінскае «Тарпеда БелАЗ» перамагло барысаўскі БАТЭ з лікам 3:2. Менскае «Дынама» з мінімальным лікам перамагло наваполацкі «Нафтан» з лікам 1:0. У віцебскім дэрбі «МЛ» перайграў «Віцебск» 2:0. Працягвае ліхаманіць гарадзенскі «Нёман». Пасля перамогі ў фінале Кубка Беларусі «алені» гэтым разам саступілі на сваім полі мазырскай «Славіі» з лікам 1:2. «Слуцк» на сваім полі быў разгромлены «Гомелем» з лікам 0:3. «Смаргонь» на сваім полі прайграла «Мінску» 0:2. Працягвае сваю серыю паразаў «Маладэчна». Гэтым разам яно саступіла на выездзе дзяржынскаму «Арсеналу» з буйным лікам 0:3.
Першы радок у турнірнай табліцы адзінаасобна займае дэбютант – віцебскі «МЛ» з 29 ачкамі. Другі і трэці радок дзеляць «Славія» ды менскае «Дынама», у якіх па 23 ачкі.
Таксама прайшоў шэраг матчаў у 10 тур розыгрышу ў Першай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе. З цікавых вынікаў адзначым паразу «Ліды» ў Магілёве ад «Дняпра» 0:2, ды перамогу «Нівы» ў Долбізне над «Астраўцом» 2:1. Тут турнірную табліцу ўзначальваюць «Дняпро», бабруйская «Белшына» ды «Ніва».
Упершыню з 2008 года змяніўся чэмпіён Беларусі па баскетболе. Ім у 9-ы раз стаў «Гродна-93».
У вырашальным пятым матчы фінальнай серыі, які праходзіў у спартовым комплексе «Алімпія» ў Лідзе, гарадзенцы перайгралі баскетбалістаў «Мінска» з лікам 69:66.
Апошні раз тытул даставаўся не «Мінску» (або «Цмокам») у 2008 годзе. У 2005—2008 гадах чэмпіянат выйграваў менскі «Віталюр». «Гродна-93» быў чэмпіёнам у 1996 і з 1998 па 2004 гады.
Шматгадовая гегемонія аднаго клуба скончылася і ў гандболе. Менскаму СКА ўдалося перамагчы гандбольны клуб «Мяшкоў Брэст» і перарваць шматгадовае дамінаванне апошняга ў чэмпіянаце Беларусі. У пятым, вырашальным матчы залатой серыі армейцы абыгралі супернікаў на іх пляцоўцы — 29:27.
Раней каманды абменьваліся перамогамі ў сваіх хатніх гульнях, і да гэтага менская каманда два гады не магла выйграць «класічны» матч. Але сёлета маладая каманда Дзмітрыя Нікуленкава згуляла так выдатна, што ўсё ж такі забрала ў берасцейцаў тытул.
Увогуле гэта 11-ы чэмпіёнскі тытул у гісторыі мінскага СКА, але апошні раз гэты клуб перамагаў у 2002 годзе. Пачынаючы ж з 2013 года нязменным чэмпіёнам быў «Мяшкоў Брэст».
Першая ракетка сусветнага тэніснага рэйтынгу беларуска Арына Сабаленка працягвае ўпэўнены шлях да свайго чарговага трафея турніраў Вялікага шлёма. У 1/8 фінала парыжскага грунтовага турніра Ралан Гарос Арына перамагла 16-ю ракетку амерыканку Аманду Анісімаву з лікам 2:0, па сэтах 7:5, 6:3. Заўтра ў чвэрцьфінале яна згуляе з 7 ракеткай кітаянкай Чжэнь Цыньвэнь.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






