Упершыню ў гісторыі беларускі брамнік згуляў у Нацыянальнай хакейнай лізе. Аляксей Коласаў правёў першы матч за «Філадэльфію Флаерз». У рамках рэгулярнага чэмпіянату НХЛ. «Філадэльфія» на хатнім лёдзе прайграла «Манрэаль Канадыенс» з лікам 3:4. 22-гадовы беларус Аляксей Коласаў правёў сваю першую гульню за гаспадароў. Агулам для яго гэта першы выхад на лёд у Лізе. Ён таксама стаў першым беларускім брамнікам у гісторыі НХЛ і 16-м беларускім хакеістам у галоўнай хакейнай лізе свету з 1992 года. Коласаў гэтай ноччу адыграў на лёдзе 58 хвілін і 10 секундаў, прапусціў 4 шайбы і адбіў 20 з 24 кідкоў. «Філадэльфія» займае апошняе месца ва Усходняй канферэнцыі НХЛ з 5 баламі ў 9 матчах. Наступны матч «Флаерз» правядуць ноччу 30 кастрычніка ў гасцях супраць «Бостан Бруінз».
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка ўмацавалася на першым радку сусветнага рэйтынгу. Зараз яе адрыў ад полькі Ігі Свёнтак складае больш за тысячу балаў. У апублікаваным сёння свежым рэйтынг-лісце Сусветнай жаночай асацыяцыі ў Арыны зараз 9016 балаў. У Ігі Свёнтак, якая ідзе другой — 7970 балаў, у Коры Гаўф — 5230, Жасмін Пааліні — 5144, а ў Алены Рыбакінай — 4971 бал. Яшчэ адна беларуска Вікторыя Азаранка займае дваццаты радок, у яе 2126 балаў. Сабаленка вярнула сабе званне першай ракеткі свету на мінулым тыдні. Яна ўжо займала першы радок рэйтынгу WTA на працягу двух месяцаў – восенню мінулага года. Нагадаем, што ў канцы тыдня ў саўдаўскім Эр-Рыдзе стартуе Выніковы турнір года, па выніках якога размяркуюцца месцы ў сусветным рэйтынгу.
А тым часам у мужчынскім рэйтынгу ATP лепшы беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў займае 333 радок са 150 баламі. Тройка ж першых выглядае наступным чынам – італьянец Янік Сінер, гішпанец Карлас Алькарас і германец Аляксандр Звераў.
І да навінаў футбола. Гол Яўгена Яблонскага прынёс «Астэрасу» перамогу над «Алімпіякасам» у грэцкай Суперлізе. Каманда з Трыпалі абыграла легендарны «Алімпіякас» з лікам 1:0 у матчы 9-га тура чэмпіяната Грэцыі. Адзіны гол на 21-й хвіліне забіў беларускі хаўбек Яўген Яблонскі і быў заменены на 72-й хвіліне. Перамога дазволіла «Астэрасу» дагнаць па ачках «Панацінаікас», і з 13 баламі выйсці на шостае месца ў турнірнай табліцы. У бягучым сезоне Яблонскі згуляў у 8 матчах, у якіх вызначыўся двума мячамі і зарабіў тры жоўтыя карткі.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






