BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Ньёне прайшло лёсаванне раўнда плэй-оф еўракубкаў

У швайцарскім Ньёне ў Еўрапейскім доме футбола прайшло лёсаванне раўнда плэй-оф еўракубкаў. Гарадзенскі «Нёман» у выпадку праходу фарэрскага «Клаксвіка», можа пазмагацца за выхад у асноўны раўнд Лігі канферэнцый з гішпанскім «Рая Вальекана» з Мадрыда. Гульні гэтай стадыі пройдуць 21 і 28 жніўня. У мінулым сезоне каманда заняла 8-е месца ў гішпанскай Ла-Лізе. У клубным рэйтынгу УЕФА знаходзіцца на 102-й пазіцыі і гэта самае нізкае месца з усіх гішпанскіх камандаў.

здымак ілюстрацыйны з адкрытых крыніц інтэрнэту
здымак ілюстрацыйны з адкрытых крыніц інтэрнэту

Але перад тым «Нёману» трэба выйсці пераможцам у двубоі з фарэрцамі. Першая іх сустрэча адбудзецца ўжо сёння на Фарэрскіх выспах а 20:45 па агульна еўрапейскім часе і на гадзіну пазней па беларускім. Гульня ў адказ пройдзе па традыцыі ў «хатняй» для беларускіх клубаў Венгрыі ў наступны чацвер 14 жніўня.

У раўндзе плэй-оф у Лізе чэмпіёнаў гіпатэтычным супернікам казахскага «Кайрата» беларусаў Аляксандра Мартыновіча і Валера Грамыкі можа быць шатландскі «Сэлтык».
А ў Лізе Еўропы для варшаўскай «Легіі» Іллі Шкурына гіпатэтычна супернікам стане пераможца пары з нарвежскага «Брана» ды шведскага «Хакена».

І ў Лізе канферэнцый таксама патэнцыйным супернікам кіпрыёцкага «Арыса» Арцёма Радзькова можа стаць пераможца пары з бельгійскага «Андэрлехта» ды малдаўскага «Шэрыфа».
Для славенскага «Цэле» Івана Маеўскага гэта пераможца пары з чэшскага «Баніка» ды аўстрыйскай «Аўстрыі».

Казахская «Астана» Макса Эбонга можа выйсці альбо на ірландскі «Сэнт-Патрыкс», альбо на турэцкі «Бешыкташ».

Ну, і беластоцкая «Ягелонія» ў выпадку праходу дацкага «Сількеборга» патрапляе на пераможцу пары з харвацкага «Хайдук» і албанскага «Дынама».

У сталіцы Малдовы Кішынёве прайшоў 4-ы этап Еўралігі па пляжным футболе без удзелу зборнай Беларусі. У выніку вызначыліся ўсе 8 каманд, якія згуляюць у Суперфінале турніру.
Раней беларусы гарантавалі сабе пуцёўку. Да іх дадаліся швайцарцы, партугальцы, гішпанцы, італьянцы, украінцы, французы і датчане. Суперфінал Еўралігі па пляжным футболе пройдзе з 9 па 14 верасня ў італьянскім Віярэджа.

А таксама вызначыліся месцы ўсіх зборных па выніках адбору на Суперфінал. Першае і другое месцы занялі Італія ды Гішпанія, якія набралі па 18 ачкоў у 6 матчах кваліфікацыі.

На 3-м месцы зборная Беларусі з 15 ачкамі. Столькі ж балаў і ў Швейцарыі, і ў Партугаліі, аднак у каманд розніца забітых і прапушчаных мячоў горшая.

Далей ідуць: Украіна, Францыя (па 12), Данія (9). І каманды, якія не прайшлі – Польшча (8), Чэхія (7), Германія (6), Малдова, Грузія (па 3), Эстонія, Турцыя, Латвія – ачкоў не набралі.

Стаў вядомы каляндар сустрэч чэмпіёна Беларусі па міні-футболе – аршанскага «Вітэна» на папярэдняй стадыі Лігі чэмпіёнаў. Гульні дадзенага раўнда пройдуць у сталіцы Балгарыі – Сафіі з 27 па 30 жніўня.

27 жніўня
«Вітэн» – «Еўропа» (Гібралтар) – 16:00
28 жніўня:
«Вітэн» – «Вайлімдорф» (Германія) – 16:00
30 жніўня
«Вітэн» – «Леўскі» (Балгарыя) – 19:00. Усюды час указаны – беларускі. У Еўропе на гадзіну раней.

Пераможца групы атрымае права на ўдзел у асноўным раўндзе турніру, які пройдзе на Сіцыліі. У ім возьмуць удзел італьянская «Катанія», фінскі «Акаа», а таксама пераможца папярэдняга квартэта, у якім выступяць венгерскі «Веспрэм», грэцкі АЕК, нарвежскі «Шармтралан» і англійскі «Болтан».

814 ракетка рэйтынгу АТР беларус Ілля Івашка ўчора сустракаўся з 81 ракеткай палякам Камілем Майхшакам у 1/16 фіналу тэніснага турніру серыі Чэленджэр, які праходзіць у польскім Гродзіску Мазавецкім. Ілля выйграў першы гейм з лікам 6:3, пасля начыста прайграў другі з лікам 0:6 і ў трэцім, саступаючы па ходу гейма 2:5, здолеў навязаць барацьбу Камілю, параўняў лік да 5:5, але ў канцы матча ўсё ж паляк на класе абыграў беларуса 5:7. І па выніку Ілля Івашка саступіў з агульным лікам 1:2.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя