BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Парыжы прайшла цырымонія ўручэння «Залатога мяча»

У парыжскім гатэлі «Шатле» прайшла 69-я цырымонія ўручэння «Залатога мяча» па версіі выдання France Football.

"Залаты мяч"
“Залаты мяч”

Уладальнікам галоўнага трафея «Залатога мяча» стаў 28-гадовы нападнік французскага «ПСЖ» і зборнай Францыі – Усман Дэмбеле.

Трафей імя Герда Мюллера як лепшага бамбардзіра па выніках мінулага сезона атрымаў форвард лонданскага «Арсенала» і зборнай Швецыі Віктар Дзёкерэш. 27-гадовы нападнік у папярэдняй кампаніі выступаў у складзе партугальскага клуба «Спортынг», у складзе якога аформіў 54 галы ў 52 матчах. Таксама Дзёкерэш вызначыўся 9 забітымі мячамі ў 6 гульнях за зборную Швецыі на працягу сезона 2024/25.

А вось сярод жанчынаў такі трафей атрымала 28-гадовая польская футбалістка Эва Паёр, якая ў папярэднім сезоне згуляла за «Барселону» ў 46 матчах, забіла 43 мячы і аддала 14 асістаў. Разам з камандай яна стала чэмпіёнкай Гішпаніі, уладальніцай Кубка і Суперкубка Гішпаніі, а таксама фіналісткай жаночай Лігі чэмпіёнаў УЕФА. У складзе зборнай Польшчы ў папярэднім сезоне яна згуляла 13 матчаў і аформіла 9 галоў.

Узнагароду лепшага трэнера імя Ёхана Кройфа па выніках мінулага сезона атрымаў Луіс Энрыке, які ўзначальвае «ПСЖ». У папярэдняй кампаніі парыжане выйгралі Лігу чэмпіёнаў, Лігу 1, Кубак Францыі і дайшлі да фіналу клубнага чэмпіянату свету. Адпаведна «ПСЖ» і быў прызнаным лепшым футборльным клубам мінулага сезона.

Галкіпер «Манчэстэр Сіці» Джанлуіджы Данарума прызнаны найлепшым брамнікам мінулага сезона. 26-гадовы італьянец другі раз выйграў трафей Яшына. Упершыню гэта было ў 2021 годзе. Ён стаў другім галкіперам у гісторыі пасля Эміліяна Марцінеса, які выйграў двойчы ў гэтай намінацыі. Улетку гэтага года Данарума перайшоў у «Манчэстэр Сіці» з «ПСЖ». У мінулым сезоне ён прапусціў 39 галоў у 40 матчах і 11 разоў захаваў свае вароты ў недатыкальнасці.

Вінгер «Барселоны» Ламін Ямаль стаў найлепшым маладым гульцом мінулага сезона. 18-гадовы гішпанец ужо другі раз запар выйграў трафей імя Раймона Копа. У мінулым сезоне Ямаль аформіў 18 галоў і аддаў 21 асіст у 55 матчах.

Завяршыўся 22 тур у Вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе.

Барысаўскі «БАТЭ» згуляў унічыю 0:0 з дзяржынскім «Арсеналам».

Мазырская «Славія» на сваім полі прайграла берасцейскаму «Дынама» 0:1. Пры чым «бела-блакітныя» здабылі важную перамогу за 2 хвіліны да канца матча.
«Мінск» перайграў «Слуцк» з буйным лікам 3:0.
На першым месцы па-ранейшаму ідзе віцебскі «МЛ», у якога 52 ачкі. На другім – «Славія» з 41 ачком. А на трэцім радку – прысталічная «Іслач», у якой 39 пунктаў.

У розыгрышы Першай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе былі згуляныя матчы 25 тура. З цікавых вынікаў адзначым паразу «Нівы» з Камянеччыны ад «Гомель-2» з лікам 0:1. Ды буйную перамогу «Ліды» над дублёрамі менскага «Дынама» з лікам 4:1.
Тут на першым месцы па-ранейшаму ідзе магілёўскі «Дняпро», у якога 56 ачкоў. На другім «Баранавічы» з 53 ачкамі. На трэцім «Ніва», у якой 44 ачкі.

У чэмпіянаце Малдовы па футболе адбылася беларуская трэнерская дуэль.
У 13 туры «Зімбру» абыграў «Шэрыф» з лікам 2:0.
«Зімбру» ўзначальвае беларускі трэнер Алег Кубараў, таксама за каманду выступаюць абаронца Мікалай Золатаў, паўабаронца Цімафей Шаркоўскі і нападаючы Дзяніс Казлоўскі, які адкрыў лік на 8 хвіліне гульні. Галоўным трэнерам «Шэрыфа» з’яўляецца Вадзім Скрыпчанка.
Адзначым, што «Зімбру» і падоўжыў сваю бяспройгрышную серыю да 11 матчаў.
«Шэрыф» ідзе на першым месцы ў чэмпіянаце, у каманды 29 балаў. Другое і трэцяе месца дзеляць «Петракуб» і «Зімбру», набраўшы 27 ачкоў.

На чэмпіянаце свету па валейболе, які праходзіць на Філіпінах, працягваюцца матчы 1/8 фіналу.
Дзеючы чэмпіён свету – зборная Італіі перайграла Аргентыну з лікам 3:0 – 25:23, 25:20, 25:22. І трэці раз запар выйшла ў чвэрцьфінал, дзе сустрэнецца са зборнай Бельгіі, якая ў сваім матчы з такім самым лікам 3:0 перамагла Фінляндыю – 25:21, 25:17, 25:21.
А таксама Балгарыя адолела Партугалію 3:0 – 25:19, 25:23, 25:13.
А ЗША былі мацней за Славенію 3:1 – 19:25, 25:22, 25:17, 25:20.
Адпаведна ў 1/4 фіналу згуляюць балгары і амерыканцы.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя