BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Парыжы прайшла цырымонія закрыцця Алімпійскіх гульняў

У Парыжы на стадыёне “Стад дэ Франс” прайшла ўрачыстая цырымонія закрыцця Алімпійскіх гульняў.

На стадыёне разам з тысячамі спартоўцаў і дзясяткамі тысяч гледачоў прысутнічалі прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, прэзідэнт Алімпійскага камітэта Томас Бах і кіраўнік УЕФА Джані Інфанціна. На цырымоніі прайшоў парад спартоўцаў, выказванне падзякі шматтысячным добраахвотнікам, якія дапамагалі правядзенню гульняў, і цырымонія ўзнагароджання пераможцам жаночага марафону.

Зборная Беларусі заняла 50-е месца ў медальным заліку Алімпіяды-2024. У актыве беларускіх спартоўцаў чатыры ўзнагароды — адзін залаты медаль, два срэбраныя і адзін бронзавы. У Парыжы 17 беларусаў выступалі ў нейтральным статусе. Медальны залік Алімпіяды выйграла каманда ЗША, абышоўшы Кітай у апошнім спаборніцтве. У нядзелю амерыканкі выйгралі золата ў жаночым баскетболе – заключным турніры Гульняў у Парыжы. Дзякуючы гэтаму амерыканцы выйшлі на першае месца ў агульнакамандным заліку (40 залатых, 44 срэбраныя і 42 бронзавыя медалі), Кітай перамясціўся на другое месца (40 залатых 27 срэбраных і 24 бронзавыя). Мэр Парыжа Ганна Ідальга перадала алімпійскую эстафету мэру Лос-Анжэлеса Карэн Бас. Менавіта з гэтага моманту пачаўся зваротны адлік да Алімпіяды ў Лос-Анджэлесе. Цырымонія яе адкрыцця запланавана на 14 ліпеня 2028 года.

“Юнацтва” закінула 10 шайбаў “Авіятару” і выйшла ў “фінал чатырох” Кубка Салея

Хакеісты “Юнацтва” першымі выйшлі ў “фінал чатырох” другога па значнасці турніру ў беларускім хакеі – Кубка Руслана Салея. На турніры выступаюць 14 каманд беларускай экстралігі, падзеленыя на дзве групы. Датэрміновую перамогу ў пуле “А” святкавала менскае “Юнацтва”, якое выйграла пяць матчаў з пяці. Падначаленыя Сяргея Стася на выездзе знішчылі баранавіцкі “Авіятар” 10:2. Дагнаць мінчан па набраных ачках яшчэ можа “Шахцёр”, але “гарнякі” ў любым выпадку будуць саступаць “Юнацтву” з-за няўдачы ў асабістай сустрэчы. Напярэдадні салігарчане таксама дамагліся буйнога поспеху ў гасцях, разграміўшы “Брэст” з лікам 5:0.

“Нёман” згуляў унічыю з “Гомелем”

Да 17-га тура “Нёман” лічыўся самым бескампрамісным клубам вышэйшай лігі. Пасля нічыі з «Гомелем» такім ён і застаўся, але ўжо на пару са «Слуцкам». “Нёман” і “Гомель” разышліся мірам 1:1 у матчы 17-га тура чэмпіянату Беларусі. У гамяльчан вызначыўся Джуніёр Эфаге, які з адзінаццаццю галамі адзінаасобна ўзначаліў бамбардзірскую гонку, за гарадзенцаў забіў Павел Савіцкі. Такім чынам, безнічыйная серыя гарадзенцаў са старту чэмпіянату была спынена на адзнацы 15 гульняў.  Футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа” пацярпелі другую паразу ў матчах чэмпіянату Беларусі. У гасцявым паядынку лідэры першынства прайгралі на выездзе “Слуцку” з лікам 0:1. Гаспадары выйшлі наперад на 6-й хвіліне сустрэчы пасля дакладнага ўдару Кірыла Цапянкова. У пачатку другога тайма случчакі засталіся ў меншасці, але здолелі абараніць сваю мінімальную перавагу, выйграўшы чацвёрты матч запар. Яшчэ ў адным матчы дзяржынскі “Арсенал” перамог у Барысаве магілёўскі “Днепр” – 3:1.

“Ягелонія” можа страціць аднаго з лідараў

Перад пачаткам сезона беластоцкай «Ягелоніі» ўдалося пазбегнуць распродажу каманды. Акрамя Барталамея Вдовіка, у складзе засталіся галоўныя зоркі. Аднак трансфернае акно ўсё яшчэ адкрыта, і чэмпіёны Польшчы могуць страціць важнага гульца. Гаворка ідзе пра Дамініка Марчука. Вінгер у колерах «Ягелоніі» ў мінулым сезоне забіў 7 галоў і зрабіў 14 галявых перадач. Ён таксама стаў найлепшым юнаком у Экстракласе. Томаш Влодарчык з партала «meczyki» паведаміў, што гулец можа з’ехаць у ЗША. Клуб, які мае намер падпісаць гэтага гульца, – «Рэал Солт-Лэйк-Сіці». Гулец ужо пагадзіўся гуляць за мяжой. Сайт Transfermarkt ацэньвае Марчука ў 3,5 мільёна еўра. Аднак разлічваць на такі вялікі прыбытак “Ягелоніі” не даводзіцца. Паводле інфармацыі Владарчыка, у кантракце гульца ёсць пункт, які дазваляе яму сысці за 1,5 мільёна еўра і амерыканцы поўныя рашучасці заплаціць гэтую суму. Марчук можа нават не згуляць заўтра ў матчы-рэваншы супраць “Бодо/Глімта” у рамках кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: cdn-m.sport24.ru