У Парыжы прайшлі сустрэчы 1/64 фінала тэніснага турніра Ралан Гарос. У серыі WTA тут граюць дзьве беларускі. Арына Сабаленка без асаблівых намаганняў справілася з 86-й ракеткай сусветнага рэйтынгу расейку Камілай Рахімавай з лікам 2:0, па сэтах 6:1, 6:0.

А вось 35-гадовая Вікторыя Азаранка сустракалася ўчора са сваёй аднагодкай, некалі грознай, а зараз 1140-й ракеткай бельгійкай Янінай Вікмаер і за 49 хвілін паядынку не аддала той ніводнага гейма – 6:0, 6:0. І гэта для экс-першай ракеткі свету стала пятая сухая перамога ў турнірах Вялікага шлёму. Да яе з 2000 году такое дасягненне ўдавалася толькі двум тэнісісткам – Марыі Шарапавай ды Кім Кляйстэрс – па 6 разоў. Агулам жа беларуска не прайграла ў матчы ніводнага гейму 11-ы раз у кар’еры. Такім чынам Вікторыя Азаранка стала самай узроставай у навейшым часе тэнісісткай, якая павесіла падвойны «абаранак» у матчах турніраў Вялікага шлёму. Беларуска пабіла рэкорд амерыканкі Вінус Уільямс з «Уімблдона» 2015 года (Уільямс тады было на 9 месяцаў менш, чым Азаранцы зараз).
У 1/32-й Арына Сабаленка сёння, 28 траўня, сустрэнеца з 97-й ракеткай – швайцаркай Джыл Тайхман. А Вікторыя Азаранка заўтра з 30-й ракеткай амерыканкай Соф’яй Кенін.
Ралан Гарос, прызавы фонд якога складае 56 352 000 еўра працягнецца да 8 чэрвеня.
У чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе вызначыўся першы фіналіст. Ім стаў аршанскі ВітЭн, які разграміў МФК «Мінск» з лікам 12:2 і перамог у агульнай серыі 3:0.
У другой паўфінальнай пары з менскай «Сталіцы» ды гомельскага «ВРЗ» лік у серыі 1:1. Бліжэйшая сустрэча адбудзецца сёння ў Менску.
Расейскім хакеістам не дазволяць выступіць на Алімпіядзе-2026.
Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) афіцыйна паведаміў, што расейскія каманды, уключаючы нацыянальную зборную па хакеі, не змогуць прыняць удзел у зімовай Алімпіядзе 2026 года ў Італіі. Гэта звязана з дзейнымі санкцыямі, уведзенымі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны.
Рашэнне было апублікавана пасля таго, як у Расеі з’явілася інфармацыя пра перамовы паміж Федэрацыяй хакея Расеі і Міжнароднай федэрацыяй хакея (IIHF) наконт магчымасці ўдзелу расейскай зборнай у Гульнях. У МАК, аднак, нагадалі, што іх рэкамендацыі з сакавіка 2023 года застаюцца ў сіле, і каманда з нейтральных спартоўцаў не можа лічыцца афіцыйнай зборнай.
Нягледзячы на строгія абмежаванні, асобныя расейскія ды беларускія спартсмены раней змаглі ўдзельнічаць у летняй Алімпіядзе 2024 года ў Парыжы, але толькі ў нейтральным статусе — без сцяга, гімна і іншых нацыянальных знакаў. Гэтак жа сама можа быць і цяпер.
Некаторым фігурыстам з Расеі і Беларусі ўжо дазволілі выступіць у кваліфікацыі да зімовай Алімпіяды-2026, але таксама выключна як нейтральным атлетам.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






