
Сёння на XXXIII летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы выступяць двое прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі – барэц Магамедхабіб Кадзімагамедаў і штангістка Сюзана Валадзько. Спаборніцтвы па вольнай барацьбе ў вагавай катэгорыі да 74 кг стартуюць роўна апоўдні. У першым раўндзе супрацьстаяць Кадзімагамёдаву будзе спартовец з Узбекістана Разамбек Жамалаў. Пераможца гэтай пары ў адной восьмай фіналу сустрэнецца з прадстаўніком Славакіі Таймуразам Салказанавым. Усе паядынкі ў гэтай вазе, уключаючы паўфіналы, адбудуцца сёння, а сутычкі за золата і бронзу пройдуць 10 жніўня. На мінулай Алімпіядзе ў Токіа Кадзімагамедаў стаў срэбраным прызёрам, сёлета Магамедхабіб таксама быў другім на чэмпіянаце Еўропы.
У 20.30 па менскім часе будзе дадзены старт турніру па цяжкай атлетыцы ў жанчын у вагавай катэгорыі да 71 кг, дзе прыме ўдзел Сюзана Валадзько. Усяго на Гульні ў гэтай вазе адабраліся 12 штангістак. На леташнім чэмпіянаце свету Валадзько паказала шосты вынік.
Суперзорная баскетбольная зборная ЗША з цяжкасцямі трапіла ў фінал Гульняў
Зборная ЗША адолела каманду Сербіі ў паўфінале мужчынскага баскетбольнага турніру Алімпіяды-2024 у Парыжы – 95:91.
Самым выніковым у сустрэчы стаў амерыканскі абаронца Стэфэн Кары з 36 ачкамі, ён рэалізаваў 9 трохачковых з 14. Цэнтравы зборнай ЗША Джоэл Эмбіід запісаў у актыў 19 ачкоў, абаронца сербаў Богдан Багданавіч — 20. Амерыканцы да чацвёртай чвэрці толькі двойчы вялі ў ліку і саступалі з розніцай 13 ачкоў. За золата каманда ЗША 11 жніўня паспрачаецца з французамі.
Медальны залік Гульняў: ЗША і Кітай у вялікім адрыве
У чацвер на Алімпіядзе-2024 у Парыжы разыгралі 26 камплектаў медалёў у 13 відах спорту. Па выніках дня ў агульным заліку працягвае лідыраваць каманда ЗША з 30 залатымі медалямі, у Кітая 29 узнагарод вышэйшай пробы, у Аўстраліі – 18. Францыя мае ў скарбонцы 14 залатых медалёў.
Футбалісты менскага “Дынама” абыгралі ў “Лінкальна”
У першым матчы трэцяга раўнда футбольнай Лігі Еўропы мінскія дынамаўцы сустракаліся з гібралтарскім “Лінкальнам”. Гульня завяршылася перамогай беларускага клуба — 2:0. Аўтарам першага гола на 36-й хвіліне стаў Аляксей Гаўрыловіч, а пад канец сустрэчы адзначыўся бразільскі легіянер Педра Ігар. Паядынак у адказ пройдзе 15 жніўня ў Гібралтары. Калі менскае “Дынама” выйграе і другі матч, іх наступным супернікам будзе бельгійскі “Андэрлехт”.
Хакеісты “Юнацтва” святкавалі чацвёртую перамогу запар у групе Кубка Салея
Трыма матчамі ў Менску, Гародні і Лідзе ў чацвер працягнуўся групавы этап другога па значнасці турніру ў беларускім хакеі – Кубка Руслана Салея. Хакеісты сталічнага “Юнацтва” працягунлі серыю без паразаў да чатырох матчаў, на гэты раз падначаленыя Сяргея Стася не пакінулі шанцаў віцэ-чэмпіёну Беларусі “Брэсту” – 4:1. Дубль за “Юнацтва” аформіў Іван Касарэнкаў, тры галявыя перадачы аддаў Станіслаў Кучкін.
Таксама “Нёман” пацярпеў трэцюю няўдачу ў чатырох гульнях са старту турніру. Гарадзенцы прымалі баранавіцкі “Авіятар” і ўпусцілі перамогу ў самым канцы. “Лётчыкам” удалося перавесці сустрэчу ў авертайм за восем секунд да фінальнай сірэны, а затым і выйграць серыю булітаў – у выніку 3:2. Паралельна ў Лідзе мясцовы клуб абыграў “Дынама-Маладзечна” з лікам 1:0, аўтарам адзінай шайбы стаў Антон Падарожнікаў.
Беларускае Радыё Рацыя






