BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Парыжы вызначыўся другі фіналіст футбольнай Лігі чэмпіёнаў

Учора ў Парыжы вызначыўся другі фіналіст футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Ім стаў ПСЖ, які перамог лонданскі «Арсенал» з лікам 2:1.

 Фота: © Aurelien Meunier – PSG / Contributor / PSG / Gettyimages.ru

Нагадаем, што тыдзень таму ў Лондане парыжане таксама перамаглі 1:0. Гэтым разам спачатку ў першым тайме лік адкрыў Руіз. Пасля пенальці ў вароты Раі не змог забіць Віцінья. Але праз тры хвіліны аднаклубніка падстрахаваў Хакімі, які падвоіў лік. На што праз дзве хвіліны адказаў паўабаронца «кананіраў» Сака. Але лік па суме дзьвюх сустрэч 3:1 на карысць парыжанаў і яны на «Альянц Арэне» 31 траўня разыграюць з міланскім «Інтэрам» галоўны клубны футбольны трафей Старога свету. Варта адзначыць, што «Інтэр» гуляў у фіналах 6 разоў і мае тры кубкі. А ПСЖ усяго адзін раз і тое няўдала.

У Кубку Беларусі па футболе вызначыўся першы фіналіст. Ім прадказальна стаў гарадзенскі «Нёман». Хоць «жоўта-зялёныя» ўчора і саступілі «Віцебску» з мінімальным лікам 0:1. Але гандыкап у тры галы ў першай сустрэчы ў Гародні дазволіў «Нёману» выйсці ў фінал Кубка другі год запар і чацвёрты раз агулам. Сёння ж таксама на берагах Дзьвіны вызначыцца другі фіналіст у сустрэчы мясцовага «МЛ» і жодзінскага «Тарпеда». Нагадаю, што першая гульня скончылася безгалявой нічыёй 0:0. Фінал жа пройдзе ў Гародні, а дзеючым яго ўладальнікам ёсць – «Нёман». Ці здолее ён абараніць свой трафей, даведаемся 24 траўня.

Аляксей Протас закінуў сваю першую шайбу ў Кубку Стэнлі. У першым матчы другога раўнду плэй-оф Кубка Стэнлі «Вашынгтон Кэпіталз» на сваім лёдзе ў авертайме прайграў «Караліне Харыкейнз» з лікам 1:2. Адзіны гол «Вашынгтона» ў гэтай сустрэчы на 23-й хвіліне забіў беларускі форвард Аляксей Протас, які гуляў у чацвертым звяне. Гэта стала першым яго голам у плэй-оф НХЛ у кар’еры. Агулам Протас правёў на лёдзе 16 хвілін і 2 секунды, у тым ліку амаль дзве хвіліны (1:56) гуляў у меншасці. У яго актыве: 1 гол, 4 кідкі (з іх 2 міма варот), 1 заблакаваны кідок суперніка і паказчык карыснасці: «0».

Беларускім фехтавальшчыкам дазволілі выступаць на міжнародных спаборніцтвах. Міжнародная федэрацыя фехтавання (FIE) дазволіла спартоўцам з Беларусі і Расеі ўдзельнічаць у камандных спаборніцтвах пад сваёй эгідай, паведамляе прэс-служба федэрацыі. Праўда, для ўдзелу ў спаборніцтвах спартоўцы павінны мець нейтральны статус, ім дазваляецца выступаць не пад сваімі дзяржаўнымі сцягамі, а пад сцягам FIE. Па новых правілах яны змогуць выступаць ужо сёлета на чэмпіянаце Еўропы. У 2023 годзе FIE забараніла выступленні ўсіх беларускіх і расейскіх спартоўцаў, а таксама кантакты з афіцыйнымі асобамі. Сяброўства беларускай і расейскай федэрацый фехтавання ў FIE было прыпынена.

У Рыме працягваецца тэнісны турнір серыі WTA 1000. Учора ў барацьбу ў ім уступіла 54-я ракетка беларуска Вікторыя Азаранка, якая ў 1/64 фінала без асаблівых цяжкасцяў перамагла суседку па сусветным рэйтынгу – калумбійку Камілу Асорыо з лікам 2:0 (6:2, 6:3) па сэтах. Заўтра ж у 1/32-й Вікторыя сустрэнецца з 25-й ракеткай сусветнага рэйтынгу полькай Магдаленай Фрэх. Таксама з гэтай стадыі ў змаганне за Рымскі трафей уключаецца першая рактека Арына Сабаленка. Што цікава, пры ўдалым выступленні, беларускі могуць сысціся між сабою ў чвэрцьфінале турніра.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя