У Польшчы праходзяць паўфінальныя сустрэчы розыгрыша Кубка краіны. Варта адзначыць, што ў кожнай пары граюць каманды, дзе ў складзе ёсць беларускія гульцы. Так учора «Пушча» з Непаломіц на сваім полі прайграла шчэцінскай «Погані» з лікам 0:3. У складзе першых беларускі нападнік Герман Баркоўскі з’явіўся на полі на 55 хвіліне ўжо пры ліку 0:3. І, на жаль, нічым дапамагчы сваёй камандзе ўжо не змог.
Сёння ж «Рух» у Хожуве прыме варшаўскую «Легію» беларускага нападніка Іллі Шкурына.
Адзначым, што ў Кубку Польшчы па футболе на стадыі плэй-оф двубой складае ўсяго адну гульню. Пачатак гульні а 18-й гадзіне па мясцовым часе. Фінал жа адбудзецца 2 траўня.
У працяг тэмы. Сёння таксама адбудзецца матч за футбольны Суперкубак Польшчы. У якім сустрэнуцца прадстаўнікі другога дывізіёна, уладальнікі мінулагодняга Кубка – кракаўская «Вісла» беларускага брамніка Антона Чычкана, ды дзеючыя чэмпіёны – беластоцкая «Ягелонія». Пачатак гэтага гістарычнага матча а 21-й гадзіне па мясцовым часе на «Нарадовым» стадыёне ў Варшаве. Варта ўзгадаць, што пачаткова гульня павінная была адбыцца ў Беластоку на «Хортэн-Арэне», але была перанесеная ў сталіцу Польшчы, што выклікала абурэнне і байкот фанатаў «Ягелоніі».
Нападнік «Славіі» Андрэй Салавей прызнаны найлепшым гульцом другога тура чэмпіянату Беларусі па футболе. Салавей аформіў дубль і аддаў голавую перадачу ў хатнім матчы супраць «Маладэчна», якіх мазырцы перамаглі з лікам 4:1. Ён таксама ўзначальвае спіс бамбардзіраў чэмпіянату пасля 2 тураў з трыма галамі. Нагадаем таксама, што лепшы гулец чэмпіянату Беларусі па футболе 2021 года і яго жонка былі нядаўна засуджаныя да двух гадоў хатняй хіміі па палітычным артыкуле.
Хакейнае менскае «Дынама» ўчора прайграла на выездзе маскоўскаму ЦСКА ў 1/8 фінала Кантынентальнай хакейнай лігі з лікам 1:2. Тым самым лік у паядынках стаў 2:2. Тут серыя доўжыцца да 4-х перамогаў.
У Менску выйшла з друку новая кніга пра беларускі футбол – «Футбол 1941 года. 10 матчаў менскага «Дынама». Аўтар кнігі – даследчык гісторыі беларускага футбола, прэс-сакратар «Менска» Аляксандр Томін. У кнізе ён распавёў пра дэбютны сезон менскага «Дынама» у вышэйшым дывізіёне чэмпіянату СССР па футболе. У кнізе прыведзены біяграфічныя дадзеныя футбалістаў і трэнераў каманды, якія ў далейшым гінулі падчас Другой сусветнай вайны.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






