Еўрапейскія футбольныя чыноўнікі лічаць, што допуск Расеі да міжнародных турніраў, нават на юнацкім роўні, немагчымы да палітычнага ўрэгулявання.
Пра гэта паведамляе выданне RTE.
МАК раней рэкамендаваў дапусціць беларусаў і расейцаў да міжнародных юнацкіх спаборніцтваў пад сваімі сцягамі. Міжнародныя федэрацыі атрымалі просьбу разгледзець магчымасці рэалізацыі гэтага рашэння.
Раней УЕФА разглядала паўторны допуск Расеі да спаборніцтваў сярод гульцоў да 17 гадоў у 2023 годзе, але ад гэтай ідэі адмовілася.
Сярод еўрапейскіх футбольных арганізацый захоўваецца скептыцызм адносна практычнасці такога кроку.

У польскай Экстракласе былі згуляныя некаторыя раней перанесеныя матчы.
«Ракуў» у Чэнстахове саступіў любінскаму «Заглембе» з лікам 0:1.
У «падвальных» разборках працягвае сваю пікіроўку варшаўская «Легія». Гэтым разам «старая дама» ў Варшаве прайграла глівіцкаму «Пясту». Беларускі форвард якога – Герман Баркоўскі выйшаў у асноўным складзе, у першым тайме пасля сольнага прахода да штрафной пляцоўкі дальнім стрэлам з дапамогай рыкашэта патрапіў у бэльку варшавякаў. Быў заменены на 76 хвіліне. А на 83-й «пястоўцы» забілі пераможны гол і тым самым вырваліся з зоны вылета, дзе апошні радок зараз разам з «Брук-Бэтам» дзеліць акурат «Легія».
Ну а беластоцкая «Ягелонія» ў чарговы раз не скарысталася асечкай супернікаў і ўпарта не хоча выходзіць на першы радок турнірнай табліцы. Гэтым разам «Яга» ва ўсходнім дэрбі згуляла ўнічыю 1:1 у Любліне з «Маторам». Там спачатку на 39 хвіліне забіў гол Афіміка Пулулу. А праз 5 хвілін люблінцы з пенальці лік параўнялі.
Такім чынам Экстракласа сыходзіць на зімовыя канікулы да 30 студзеня з наступным становішчам у турнірнай табліцы. Першы радок з 30 ачкамі дзеляць плоцкая «Вісла» ды «Гурнік» Забжэ. А на трэцім месцы з 29 пунктамі ідзе «Ягелонія». Што праўда ў беластачанаў маеца адна гульня ў запасе.
33-гадовая беларуская канькабежка Марына Зуева адабралася на дзве дыстанцыі па выніках кваліфікацыйных стартаў Алімпійскіх гульняў 2026 года.
У агульным заліку Кубка свету ў стаерскіх дысцыплінах Зуева набрала 115 ачкоў і заняла 13-е месца. Ліцэнзіі на Гульні-2026 на дыстанцыі 3000 м атрымалі 15 мацнейшых спартовак з 68.
Зуева таксама прайшла адбор і на дыстанцыі 5000 м.
Беларуская лыжніца Ганна Мачахіна таксама выканала нарматыў для гонак на зімовыя Алімпійскія гульні 2026 года ў Італіі.
Кваліфікацыя на Алімпіяду ў лыжных гонках праходзіла ў рамках Кубка свету. Для атрымання квоты спартоўцам трэба было набраць менш за 300 балаў FIS (найлепшы даступны вынік – 0 балаў), а таксама менш за 150 дыстанцыйных ачкоў FIS і менш за 350 спрынтавых ачкоў FIS.
22-гадовая спартоўка атрымала нейтральны статус 11 снежня і паспела выступіць у нядзельнай гонцы з раздзельнага старту на этапе Кубка свету ў швейцарскім Давосе, дзе заняла 66-е месца сярод 77 удзельніц, саступіўшы пераможцы з Нарвегіі 4 хвіліны і 21 секунду.
У выніку беларуска набрала 130,77 бала FIS, таксама на яе рахунку 141,66 дыстанцыйных ачкоў FIS і 233,95 спрынтавых ачкоў FIS. Гэта дазволіла ёй выканаць нарматыў для ўсіх гонак.
Прычым вынік як па дыстанцыйных, так і па спрынтавых ачках яна можа палепшыць на наступных этапах КС да 19 студзеня.
Нагадаем, што раней ліцэнзіі на Алімпійскія гульні ўзялі фігурыстка Вікторыя Сафонава і канькабежка Марына Зуева.
У мужчынскай эстафеце на этапе Кубка свету па біятлоне ў аўстрыйскім Хохфільцэне перамогу святкавала зборная Нарвегіі, другой стала Францыя, на трэцім месцы – Швецыя.
1. Нарвегія – 1.11.54,8 (0+3)
2. Францыя – +43,1 (0+8)
3. Швецыя – +1.05,7 (0+9)
4. ЗША – +1.14,4 (0+7)
5. Германія – +1.20,0 (1 +11)
6. Італія – +2.57,4 (1+8)
7. Украіна – +3.09,6 (0+6)
8. Эстонія – +3.12,7 (0+8)
9. Чэхія – +3.12,8 (3+9)
10. Славенія – +3.25,0 (2+11)
А вось у жаночай гонцы пераследу на этапе Кубка свету ў тым жа Хохфільцэне, першынствавала італьянка Ліза Вітоцы, другой фінішавала шведка Анна Магнусан, трэцяй стала нарвежка Марэн Кіркеейдэ.
1. Ліза Вітоцы (Італія) – 28:31.5 (0+0+0+0)
2. Анна Магнусан (Швецыя) – +11.4 (0+0+1+0)
3. Марэн Кіркеэйдэ (Нарвегія) – +39.5 (1+1+1+0)
4. Жусцін Брэза-Бушэ (Францыя) – +41.2 (1+1+0+0)
5. Эльвіра Эберг (Швецыя) – +43.8 (1+0+1+0)
6. Каміль Бенэ (Францыя) – +44.5 (0+0+0+0)
7. Лу Жанмано (Францыя) – +51.5 (0+1+0+2)
8. Рэгіна Эрмітс (Эстонія) – +52.9 (0+0+0+0)
9. Даратэя Вірэр (Італія) – +54.9 (0+1+1+0)
10. Анна Вайдэль (Германія) – +55.7 (1+1+0+0)
У Германіі ды Нідэрландах завяршыўся 27 чэмпіянат свету па гандболе сярод жаночых камандаў.
Рэабілітаваліся за фінал на мінулым турніры і чэмпіёнкамі 5-ы раз сталі гандбалісткі Нарвегіі. Яны гэтым разам перамаглі каманду адных з гаспадынь турніра – зборную Германіі – з лікам 23:20.
У матчы за бронзу мінулыя чэмпіёнкі – каманда Францыі ў овертайме з лікам 33:31 былі мацнейшымі за каманду іншых гаспадынь турніра – зборнай Нідэрландаў.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






