Надзвычайную інтрыгу мае бягучы чэмпіянат Польшчы па футболе. Уладальнікі ўсіх медалёў вызначацца толькі ў апошнім туры.
У 33-м туры вроцлаўскі “Шлёнск” адолеў на сваім полі 2:0 “Радомяк” і на паўтары гадзіны выйшаў у лідары турніра. Беластоцкая “Ягелонія” гасцявала ў горадзе Глівіцэ. Тамтэйшы “Пяст” на фінішы набраў спрынтарскую хаду і выйграў 4 з апошніх сваіх 5 матчаў, а яшчэ ў адным падзяліў ачкі.
Гульня для “Ягі” склалася вельмі цяжка. На 77-й хвіліне беластачане прапусцілі і ўратавалі каштоўнейшы пункт толькі ў самай канцоўцы. На 90-й хвіліне Хесус Імас параўняў лічбы на табло – 1:1.

Хесус Імас
Такім чынам дыспазіцыя перад заключным турам ясная: “Ягелонія” і “Шлёнск” маюць роўна па 60 ачкоў. У разе вікторый гэтых клубаў у апошніх паядынках “Яга” стане чэмпіёнам па лепшай розніцы мячоў.
У заключным туры 25 траўня “Ягелонія” прымае на сваім стадыёне пазнаньскую “Варту”, а “Шлёнск” у той жа час выступіць у Чанстахове супраць “Ракува”.
На бронзавыя медалі па стане на раніцу 19 траўня прэтэндуюць ажно 5 камандаў. Столькі ж клубаў змагаецца за выжыванне. Так што інтрыгаў яшчэ шмат.
У перадапошнім туры “Карона” з Кельцаў адолела на сваім полі “Рух” (Хожуў) – 2:0. Другі мяч на рахунку беларускага футбаліста Яўгена Шыкаўкі (гэта яго 8-ы гол у чэмпіянаце).
Беларускае Радыё Рацыя






