BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У рэгулярным чэмпіянаце Беларусі па гандболе датэрмінова перамог “Мяшкоў Брэст”

Чэмпіёны краіны чарговы раз адолелі СКА і гарантавалі сабе першае месца. Армейцы знаходзіліся ў ролі даганяючых на працягу практычна ўсяго паядынку. У другім тайме менчане былі на некалькіх адрэзках блізкія да аднаўлення роўнасці. Аднак «мяшкоўцам» кожны раз атрымліваліся новыя ўцёкі. У выніку 31:29 на карысць «Мяшкоў Брэст». Самым выніковым ў складзе пераможцаў стаў Валянцін Куран, які закінуў 6 мячоў, у прайграўшых лідарам выступіў Павел Нямкоў з 11 галамі ў актыве. Такім чынам, СКА пацярпеў 8-е паразу запар у матчах з Берасцем. Палова з іх здарылася ў бягучым сезоне пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера, экс-капітана нацыянальнай зборнай Дзмітрыя Нікуленкава – адно ў Суперкубку і тры ў чэмпіянаце. У першынстве Беларусі берасцейцы нарасцілі адрыў ад армейцаў да 8 ачкоў. “Мяшкоў Брэст” не страціў ні бала і гарантаваў сабе першае месца па выніках “рэгуляркі” — за круг да яе фінішу.

Матчы ЧБ-2024 па футболе з 1 траўня па 11 лістапада пройдуць на натуральных газонах

У Доме футбола адбылося першае ў 2024 годзе пасяджэнне Выканкама. На ім быў зацверджаны рэгламент вышэйшай лігі сезона-2024. У прыватнасці, былі прыняты наступныя рашэнні: колькасць замен падчас матчу павялічана да 5. Раней камандам былі даступны 4 замены. Пятую можна было здзейсніць у выпадку выхаду на поле гульца-лімітчыка. Раней АБФФ адмяніла ліміты на маладых гульцоў. Замацаваны даты правядзення матчаў на натуральных газонах. У 2024 годзе на травяных палях пройдуць усе матчы чэмпіянату Беларусі з 1 траўня па 11 лістапада.

Папарыга пакінуў «Нёман» і перайшоў у «Нафтан»

Украінскі нападнік Раман Папарыга пакінуў «Нёман». Гэта пацвярджае прэс-служба клуба. У Гародні ён правёў мінулы сезон. Папарыга выходзіў на поле ў 29 матчах ва ўсіх турнірах, вызначыўся адным голам і адным асістам. Новым клубам Папарыгі стаў наваполацкі «Нафтан». За яго нападнік ўжо правёў таварыскі матч з «Віцебскам».

Ковель увайшоў у новы трэнерскі штаб «Смаргоні»

Леанід Ковель зноў стаў адным з трэнераў «Смаргоні». Раней ён ужо быў памочнікам галоўнага трэнера «Смаргоні», калі на гэтай пасадзе быў Ігар Трухаў. На дадзены момант галоўным трэнерам «Смаргоні» з’яўляецца Ігар Слесарчук. Разам з Ковелем у яго штабе будуць Сяргей Дараховіч і Уладзіслаў Дукса.

Барыс Панкратаў у 41 год вырашыў завяршыць кар’еру

Беларускі брамнік Барыс Панкратаў вырашыў павесіць пальчаткі на цвік. Пра гэта 41-гадовы галкіпер, які не так даўно пакінуў «Слуцк», паведаміў Bet News. Панкратаў – двухразовы чэмпіён Беларусі і ўладальнік Кубка краіны ў складзе БАТЭ, срэбраны прызёр вышэйшай лігі як гулец менскага “Дынама”. Таксама ён вядомы па выступленнях за “Граніт”, “Дняпро”, “Нёман”, “Белшыну” і “Іслач”. У мінулым сезоне Барыс правёў за “Слуцк” 6 матчаў, у якіх прапусціў 11 мячоў.
Цяпер ён плануе заняцца трэнерствам і можа ўвайсці ў штаб БАТЭ. Пры гэтым пакуль невядома, дзе будзе працаваць 41-гадовы спецыяліст – у аснове барысаўскага клуба або ў дублі. Але цяпер у сістэме БАТЭ ёсць толькі адзін трэнер брамнікаў – Яўген Дзергай.

Беларускія дзюдаісты выступяць ну турніры Вялікага шлема ў Парыжы

З 2 па 4 лютага ў сталіцы Францыі стартуе прэстыжны турнір з серыі Вялікага шлема па дзюдо “Paris Grand Slam-2024”. Больш за 650 дзюдаістаў са 111 краін свету сыдуцца на татамі парыжскай Accor Arena of Bercy. Нашу краіну прадставяць Ксенія Даніловіч (вага да 52 кг), Дар’я Канцавая (да 78 кг) і Ягор Варапаеў (да 90 кг), перадае прэс-служба міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.

Урад Латвіі забараніў гульні з камандамі Беларусі і Расеі

Сойм Латвіі прыняў у канчатковым чытанні папраўкі да Закона аб спорце, якія прадугледжваюць, што зборным Латвіі будзе забаронена гуляць супраць зборных Расеі ці Беларусі, калі яны ўдзельнічаюць у спаборніцтвах пад сваім сцягам ці ў нейтральным статусе. Закон таксама прадугледжвае, што Латвіі забараняецца арганізоўваць спаборніцтвы зборных каманд па гульнявых відах спорту (дарослых, юнацкіх і юніёрскіх), у якіх нацыянальныя зборныя Расеі ці Беларусі ўдзельнічаюць пад сваім сцягам ці ў нейтральным статусе. Асноўная мэта паправак да закона – “падкрэсліць салідарнасць Латвіі з Украінай і фундаментальна заблакаваць любыя спробы Расеі ўзаконіць свае ваенныя злачынствы з дапамогай спорту”, – паведамляе партал Delfi.

Беларускае Радыё Рацыя