BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Румыніі завяршыўся юнацкі чэмпіянат Еўропы па футболе

У Румыніі завяршыўся 22-і юнацкі чэмпіянат Еўропы па футболе для гульцоў, якія нарадзіліся не раней за 1 студзеня 2006 года. Уладальнікам галоўнага трафея ўпершыню для сябе стала зборная Нідэрландаў, якая ў фінале перамагла з мінімальным лікам 1:0 дзеючых і 12-кратных чэмпіёнаў – зборную Гішпаніі.

А тым часам у Злучаных Штатах Амерыкі працягваецца клубны чэмпіянат свету. Учора былі згуляныя чарговыя матчы трэцяга тура групавога раўнда. Італьянскі «Інтэр» перайграў аргентынскі «Рывер Плэйт» з лікам 2:0. Мексіканскі «Мантэрэй» разграміў японскую «Ураву» 4:0. Англійскі «Манчэсцер Сіці» ды італьянскі «Ювентус» на дваіх настралялі 7 галоў і ў матчы з «хакейным» лікам 5:2 перамаглі англічане. А арабскі «Аль-Аін» з лікам 2:1 перайграў мараканскі «Выдад».

Варшаўская «Легія», за якую выступае беларускі нападаючы Ілля Шкурын, згуляла ўнічыю ў таварыскім матчы з балгарскім «Лудагорцам» (2:2).
Шкурын выйшаў на замену на 81-й хвіліне, галявымі дзеяннямі не вызначыўся.
Нагадаем, «Лудагорац» з’яўляецца супернікам менскага «Дынама» ў 1-м раўндзе кваліфікацыі Лігі Чэмпіёнаў.

Стала вядома, хто рассудзіць гульні беларускіх камандаў у стартавых матчах еўракваліфікацыі.
На першым матчы 1-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў паміж менскім «Дынама» і «Лудагорцам» будзе працаваць судзейская брыгада з Аўстрыі.
Таксама аўстрыйская брыгада суддзяў будзе працаваць на матчы1-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі канферэнцый паміж берасцейскім «Дынама» і чарнагорскай «Суцьескай».
Сустрэчу «Тарпеда-БелАЗ» супраць паўночна-македонскіх «Работнічкаў» абслужаць суддзі з Грузіі.

А гульню «Нёмана» супраць армянскага «Урарту» абслужыць брыгада з Харватыі.

Беларуская тэнісістка, 108-я ракетка сусветнага рэйтынгу, Аляксандра Сасновіч перайграла ў фінале кваліфікацыі на Уімблдон 131-ю ракетку, прадстаўніцу Латвіі Дар’ю Семяністу, з лікам 2:0 (7:5, 6:3).
Разам з ёй праз кваліфікацыю прабіліся яшчэ 15 тэнісістак. І тым самым Аляксандра згуляе на лонданскіх травяных кортах разам з іншымі беларускамі – Вікторыяй Азаранкай і Арынай Сабаленкай.
Асноўны Уімблдонскі турнір Grand Slem пройдзе з 30 чэрвеня па 13 ліпеня. Яго прызавы фонд складзе 53 500 000 еўра.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя