«Прэсбол» назваў сімвалічную зборную чэмпіянату Беларусі-2024 па футболе. У «каманду мары» вышэйшай лігі трапілі толькі тры футбалісты менскага «Дынама», якое заваявала золата. Склад і спалучэнні выглядаюць так: брамнік Лапавухаў (Дынама Мн) – абаронцы Раі Лопес і Гаўрыловіч (Дынама Мн), Прамудраў (Тарпеда-БелАЗ), Карповіч (Нёман) – паўабаронцы Алыкулаў і Казлоў (Нёман), Карцоў (Дынама Бр) — нападнікі Скавыш (Тарпеда-БелАЗ) — Эфаге (Гомель) і Баркоўскі (Дынама Бр).
Шыкаўка выйшаў на замену ў матчы з “Пагонню”
“Карона” на хатняй арэне разышлася мірам з “Пагонню” са Шчэціна ў матчы 18-га тура чэмпіянату Польшчы — 0:0. У гаспадароў беларускі нападнік Яўген Шыкаўка выйшаў на замену на 75-й хвіліне. “Карона” з 18 ачкамі займае 15-е месца ў турнірнай табліцы.
Крывушэнка працягне трэніраваць “Нафтан”
Ігар Крывушэнка працягне працу ў якасці галоўнага трэнера «Нафтана-Наваполацк» у сезоне 2025 года. Пра гэта паведамляюць сацсеткі клуба. Крывушэнка пачаў сваю дзейнасць у Наваполацку ў пачатку верасня. Пад яго кіраўніцтвам каманда дамаглася чатырох перамог, чатырох нічыйных вынікаў і пацярпела шэсць паразаў. Увесь трэнерскі штаб Ігара Крывушэнкі – Валерый Стрыпейкіс, Ігар Трухаў, Ігар Латаш і Павел Лісоўскі – застанецца з ім працаваць у сезоне 2025 года, – гаворыцца ў паведамленні.
Штангістка Шчэпанава замкнула дзясятку лепшых на чэмпіянаце свету
Беларускія штангісты пачалі выступы на чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы, які праходзіць у сталіцы Бахрэйна Манаме. Першай з беларускіх спартовак на памост выйшла Аліна Шчэпанава, якая выступае ў катэгорыі да 59 кг. Спаборніцтвы ў рыўку беларуска пачала з удалай спробы на 94 кг, але затым не справілася са штангай 96 кг і 97 кг. У штуршку паспяховым апынуўся толькі стартавы падыход на 114 кг, вага на тры кілаграмы цяжэйшая Шчэпанавай не скарылася двойчы. Сума Аліны ў двубор’і 208 кг прынесла ёй выніковае дзясятае месца сярод 22 удзельніц. Чэмпіёнкай свету з вынікам 249 кг стала прадстаўніца КНДР Кім Іль Ген.
Сабаленка прызнана лепшай тэнісісткай года па версіі WTA
Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) аб’явіла лаўрэатаў 2024 года. Па выніках галасавання прадстаўнікоў вядучых сусветных СМІ найлепшай тэнісісткай планеты ўпершыню стала беларуска Арына Сабаленка. У адыходзячым годзе яна стала пераможцай двух турніраў серыі “Вялікага шлема” – Australian Open і US Open, выйграла турніры ў Цынцынаці і Ухане, а таксама даходзіла да фіналаў спаборніцтваў у Брысбене, Мадрыдзе і Рыме. За год Сабаленка правяла 70 паядынкаў, святкаваўшы 56 перамог, і завяршыла сезон у рангу першай ракеткі планеты. Найлепшай парай свету прызнаны італьянскі тандэм Сара Эрані / Ясмін Пааліні. Амерыканка Эма Навара ўдастоена прыза “Прагрэс года”, найлепшым маладым гульцом стала навазеландская тэнісістка Лулу Сан, а іспанка Паула Бадоса стане ўладальніцай узнагароды WTA “Вяртанне года”.
Беларускае Радыё Рацыя