BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Славакіі набірае ход моладзевы чэмпіянат Еўропы па футболе

У Славакіі набірае ход моладзевы чэмпіянат Еўропы па футболе. Учорашні дзень прынёс наступныя вынікі. Украіна саступіла Даніі з лікам 2:3. Дзеючыя чэмпіёны – зборная Англіі перамагла зборную Чэхіі 3:1. Фінляндыя згуляла выніковую нічыю з Нідэрландамі 2:2. А Гераманія з буйным лікам 3:0 перайграла Славенію. І такім чынам усе ўдзельнікі згулялі па адным матчы. Чэмпіянат пройдзе да 28 чэрвеня.

Міхал Пробеж заявіў, што пакідае пасаду галоўнага трэнера зборнай Польшчы па футболе.
«Я прыйшоў да высновы, што ў цяперашняй сітуацыі найлепшым рашэннем для дабра нацыянальнай зборнай будзе мая адстаўка з пасады галоўнага трэнера. Выкананне гэтай функцыі было ажыццяўленнем маіх прафесійных мар і найвялікшым гонарам у жыцці.

Дзякуй усім сваім супрацоўнікам, работнікам зборнай, прэзідэнту і праўленню за давер. Дзякую, канешне, футбалістаў, з якімі меў гонар працаваць. Жадаю вам усім поспеху, бо зборная – гэта наш агульны нацыянальны здабытак. І асобная падзяка заўзятарам – вы былі з намі заўсёды – у добрыя і дрэнныя часы», – сказаў Пробеж.

Нагадаем, Роберт Левандоўскі адмовіўся гуляць за зборную Польшчы. Па словах нападніка, ён не будзе гуляць за каманду пакуль яе галоўным трэнерам будзе заставацца Міхал Пробеж.

За акіянам прайшоў трэці паядынак фінальнай серыі ў Нацыянальнай басктебольнай лізе. «Індыяна» перайграла «Аклахому» з лікам 116:107 і павяла 2:1 у барацьбе за чэмпіёнства.
Гэта першы фінал для «Індыяны» з 2000 года, а таксама першы для «Аклахомы» з 2012 года.

У працяг баскетбольнай тэмы – беларускі баскетбаліст Максім Салаш пакінуў французскі «Бур». Спартсмен выступаў за гэты клуб з сезона 2023/24. І ў гэтым сезоне дайшоў з ім да паўфіналу. У мінулым сезоне Салаш правёў у чэмпіянаце Францыі 33 гульні, у сярэднім набіраў 10.5 ачкоў, аддаваў 0.9 асіста і здзяйсняў 3.5 падборы.

А тым часам у Кітаі працягваецца валейбольная Ліга Нацый. Нашая ўвага там прыкаваная да зборнай Польшчы, за якую паспяхова выступае гулец з беларускімі каранямі, гарадзенец – атакуючы № 1 у камандзе Аляксей Насевіч. І ўчора ў другім сваім матчы Польшча перамагла Японію з лікам 3:1. Па сэтах – 27:25, 25:22, 18:25 і, увага, у чацвёртым сэце палякі даціснулі японцаў з фантастычным лікам 39:37! Гэта, канешне, не сусветны рэкорд 56:54, але мала да таго. І зараз Польшча ідзе ў агульнай табліцы Лігі Нацый на першым месцы.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя