У Славакіі пачаўся 25-ы чэмпіянат Еўропы па футболе сярод гульцоў узростам да 21 года.

Пачаткова зборныя-ўдзельніцы падзеленыя на 4 групы па 4 каманды ў кожнай. Дзве лепшыя адкуль выйдуць у чвэрцьфінал. Учора прайшоў першы гульнёвы дзень, які прынёс наступныя вынікі. Каманда гаспадароў саступіла Гішпаніі з лікам 2:3. Польшча прайграла Грузіі, з такім самым лікам, як пазаўчора саступіла ў Фінляндыі нацыянальная дружына – 1:2. Партугалія з Францыяй разышліся сухой нічыёй 0:0. А Італія перамагла Румынію з мінімальным лікам 1:0.
Нагадаем, што ў турніры прымаюць удзел футбалісты, якія нарадзіліся не раней за 1 студзеня 2002 года. Прадоўжыцца ён да 28 чэрвеня.
А тым часам актыўна ідзе адбор на чэмпіянат свету наступнага году сярод нацыянальных зборных. І там зборная Бразіліі засталася адзінай камандай у свеце, якая адбіралася на ўсе чэмпіянаты свету. Яна сёння з мінімальным лікам 1:0 перамагла зборную Парагвая, тым самым афіцыйна кваліфікаваўшыся на чэмпіянат свету 2026 года.
З 1930 года прайшло 22 чэмпіянаты свету. Удзел падапечных Карла Анчалоці, які толькі некалькі дзён таму ўзначаліў зборную, пакінуўшы «Рэал», у будучым мундыялі стане 23-м.
Зборная Бразіліі выйгравала гэты турнір пяць разоў (1958, 1962, 1970, 1994, 2002), што таксама з’яўляецца абсалютным рэкордам.
Зазначым, што на другім месцы па колькасці ўдзелаў у ЧС — Германія — 20.
Чэмпіянат свету па футболе пройдзе летам 2026 года ўпершыню ў трох краінах: ЗША, Мексіцы і Канадзе.
З вялікіх футбольных палёў перанясемся ў зал. Дзе прайшоў другі матч фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У Менску аршанскі «ВітЭН» перайграў «Сталіцу» з мінімальным лікам 3:2. І тым самым параўняў лік 1:1 у серыі да трох перамог. Наступныя дзве сустрэчы пройдуць у Воршы.
З футбольнай тэмы саскочым на валейбольную. У Кітаі распачалася Ліга нацый. У турніры прымаюць удзел 18 мацнейшых зборных свету. Цікава будзе паназіраць за зборнай Польшчы, у складзе якой выступае нараджэнец Гародні – № 1 бела-чырвоных атакуючы Аляксей Насевіч. Учора Польшча пачала турнір з перамогі над Нідэрландамі з лікам 3:1 (25:22, 22:25, 25:22, 25:22).
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






