На менскім стадыёне «Дынама» завяршыўся таварыскі матч паміж зборнымі Беларусі і Расеі. Гаспадары поля нічога не змаглі супрацьпаставіць гасцям і пацярпелі разгромную паразу з лікам 0:4. Дублем у расейцаў адзначыўся Чалаў, яшчэ па голе забілі Аблякоў і Цюкавін.
Палякі абыгралі ўкраінцаў перад Еўра
Хутка Еўра – каманды рыхтуюцца да найбуйнейшага рэгіянальнага турніру пры дапамозе таварыскіх матчаў. Палякі і ўкраінцы не выключэнне – абедзвюм камандам гуляць у складаных групах, так што падрыхтоўка патрэбна адпаведная. У пачатку матчу палякі моцна ціснулі на ўкраінцаў, і тыя завагаліся – на 11-й хвіліне абаронца гаспадароў Валюкевіч праткнуў мяч у браму.
Хутка палякі падвоілі перавагу дзякуючы прыгожаму голу Зеліньскага. А на 32-й хвіліне экс-украінскі, а цяпер польскі паўабаронца Тарас Раманчук забіў пасля падачы з кутняга і зрабіў лік зусім непрыстойным – 3:0. Пад заслону першага тайма ўкраінцы скарацілі адставанне – з перадачы Маліноўскага вызначыўся найлепшы бамбардзір чэмпіяната Іспаніі Арцём Доўбік. Перамога палякаў 3:1.
«Чыкага» можа задрафтаваць Арцёма Ляўшунова, з якім вядзе перамовы
Да беларускага абаронцы каманды Мічыганскага дзяржаўнага ўніверсітэта Арцёма Ляўшунова, чыё імя на слыху перад драфтам НХЛ 2024, праяўляе гарачую цікавасць клуб «Чыкага», які будзе выбіраць другім у першым раўндзе кірмаша талентаў. У інтэрв’ю журналісту Антоні Марціна з TVA Sports Арцём Ляўшуноў распавёў, што прадстаўнікі «Чыкага» сёлета размаўлялі з ім некалькі разоў. Акрамя таго, падчас драфт-камбайна (сістэма прагляду і тэсціравання гульцоў, якая праводзіцца перад штогадовым драфтам) Арцём Ляўшуноў правёў сумоўе з прадстаўнікамі «Манрэаля», у якога 5-ы выбар у першым раўндзе.
Трое беларусаў пазмагаюцца за званне чэмпіёнаў свету па тайскім боксе
Трое беларускіх спартоўцаў сталі фіналістамі чэмпіянату свету па муай-тай 2024 года, які праходзіць у грэчаскіх Патрах. Планетарны форум у Грэцыі сабраў больш за 560 байцоў з 93 краін, на спаборніцтвах стартавалі дзесяць прадстаўнікоў Беларусі. Да паўфінальнай стадыі ў сваіх вагавых катэгорыях дабраліся шэсць беларусаў, з якіх тром удалося прабіцца ў фінал. У вазе да 60 кг сярод атлетаў не старэйшых за 23 гады Іван Шангін за золата будзе змагацца з Эрсултанам Сайфутдзінавым з Расеі. У катэгорыі да 71 кг сярод моладзі наступным супернікам Яўгена Федарынчыка стане Таім Хадла з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў. Таксама ў маладзёжным заліку ў вазе да 86 кг наш Мікіта Кокаш званне чэмпіёна свету будзе аспрэчваць з французам Ваэлем Халімам. Фіналы чэмпіянату свету па муай-тай адбудуцца 9 чэрвеня.
Беларускае Радыё Рацыя