У Вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе на выходных прайшлі матчы 17 тура. У суботу ў матчы суседзяў па «падвале» турнірнай табліцы паміж «Смаргонню» і «Слуцкам» зафіксаваная «сухая» нічыя з лікам 0:0.

Працягвае сваё піке колішні гранд беларускага футбола – барысаўскі БАТЭ. Гэтым разам ён прайграў прысталічнай «Іслачы» з лікам 0:2. Галамі за «ваўкоў» адзначыліся – Хвашчынскі і Кавалевіч. Зараз БАТЭ ад зоны вылету аддзяляюць усяго 4 ачкі. Каманда не перамагае 10 матчаў запар з 2 траўня. У наступным туры ёй граць паказальны матч з апошняй камандай чэмпіянату з Маладэчна. «Віцебск» на сваім полі саступіў «Мінску» з лікам 1:2.
У нядзелю «Дынама» ў Берасці перамагло наваполацкі «Нафтан» з лікам 2:0. З аднолькавым лікам 4:0 перамаглі лідары чэмпіянату – віцебскі «МЛ» і менскае «Дынама». Пад каток «букмекераў» патрапіў на сваім полі дзяржынскі «Арсенал». А дынамаўцы на Нацыянальным стадыёне “раскаталі” моцнае жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ».
Гарадзенскі ж «Нёман» знаходзіцца ў сваім еўратуры і працягвае прапускаць матчы ўнутранага чэмпіянату. Гэтым разам з «Гомелем».
Такім чынам, вяршыня і падвал турнірнай табліцы выглядаюць наступным чынам. Віцебскі «МЛ», мазырская «Славія» і «Дынама» Менск. Ды «Слуцк», «Смаргонь» і «Маладзечна» адпаведна.
У розыгрышы беларускай Першай лігі прайшлі матчы 19 тура.
З цікавых вынікаў выдзелім сінхронныя перамогі лідараў чэмпіянату. Магілёўскага «Дняпро» над «Асіповічамі» з лікам 2:0. «Баранавічаў» над бабруйскай «Белшынай» 2:1. І «Нівы» ў прымежным Долбізне над суседзямі па турнірнай табліцы – дублем барысаўскага БАТЭ з хакейным лікам 5:3. Цікава, што барысаўчане ўсе свае тры галы забілі за 4 хвіліны з 55-й па 59-ю. А таксама адзначым перамогу «Ліды» ў заходнім дэрбі над «Астраўцом» на іх полі з лікам 3:1.
У 4 туры польскай Экстракласы «Ягелонія» ў Беластоку выдала фантастычную гульню супраць кракаўскай «Краковіі». «Ягелончыкі» на перапоўненай «Хортэн Арэне» перамаглі кракавякаў з лікам 5:2. Пры чым два разы ім даводзілася адыгрывацца. Спачатку лік на табло параўняў 17-гадовы беластоцкі вундэркінд Оскар Петушэўскі. Пасля з пенальці за фол супраць яго ж гэта зрабіў Афіміка Пулулу. А пасля таго, як «Краковія» засталася на 69 хвіліне ўдзесяцёх, мячы забівалі па чарзе – капітан жоўта-чырвоных украінец Тарас Раманчук, гішпанец Алехандра Поза ды грэк Дымітрыс Раліс. Такім чынам «Ягелонія» ўзнялася на 7 радок турнірнай табліцы.
Варшаўская «Легія» Іллі Шкурына ідзе на другім месцы. Учора яна перамагла «Катавіцы» з лікам 3:1. Беларускі форвард выйшаў на поле на 85 хвіліне пры ліку 1:1. І пры ім каманда забіла тыя самыя пераможныя два галы на 95 і 97 хвілінах.
«Пагоня» (Варшава) – каманда створаная беларусамі ўдала стартавала ў першым раўндзе Кубка Польшчы па футболе. У нядзелю нашыя хлопцы перамаглі з разгромным лікам 6:0 каманду 9 дывізіёна Польшчы «ГКС Хынув» на стадыёне вёскі Дрвалев, што ляжыць каля Варшавы ў Гроецкім павеце. У наступным 2-м раўндзе Кубку 20 жніўня «Пагоня» сустрэнецца ўжо з камандай 8 польскага дывізіёна «Чэмпіён-2» Варшава.
У групавым этапе Кубку Беларусі па хакеі – Кубку Салея на выходных былі згуляныя некалькі матчаў. Баранавіцкі «Авіятар» на сваёй пляцоўцы саступіў гараденскаму «Нёману» з лікам 1:2. «Дынама-Маладэчна» прайграла салігорскаму «Шахцёру» 1:3. Менскае «Юнацтва» па булітах перайграла «Брэст» 4:3. Наваполацкі «Хімік» у овертайме ў «дзвінскім» дэрбі перайграў «Віцебск» з лікам 1:0. З такім самым лікам, але ў асноўны час, аршанскі «Лакаматыў» адолеў «Гомель». І «Магілёў» буйна разграміў смаленскі «Славуціч» з лікам 6:2.
У 1/32 турніру серыі WTA-1000 у амерыканскім Цынцынаці першая ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Арына Сабаленка абыграла 59 ракетку чэшку Маркету Вондроўшаву – 7:5, 6:1.
Падчас матчу ў суперніцы Сабаленкі было 12 брэйк-пойнтаў, але беларуска адыграла ўсё і ні разу не саступіла падачу. Сама Сабаленка рэалізавала 3 брэйк-пойнты з 3.
У 1/16 турніра ў Цынцынаці першая ракетка свету згуляе з 39 ракеткай брытанкай Эмай Радукану.
Турнір на пакрыцці хард праходзіць з 7 па 18 жніўня. Яго прызавы фонд складае – 5 152 599 даляраў.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






