BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

УЕФА абмяркоўвае магчымыя змены ў футбольнай Лізе чэмпіёнаў

УЕФА абмяркоўвае магчымыя змены ў футбольнай Лізе чэмпіёнаў на сезон 2025/26, піша нямецкае выданне Bild.

Цяпер вядома пра тры пункты, па якіх турнір можа абнавіцца з наступнага сезону:
1. Адмена экстратаймаў.
У выпадку нічыёй у асноўны час каманды будуць адразу пераходзіць да серыі пенальці. Гэта можа зменшыць нагрузку на гульцоў;
2. Перавага ў выглядзе дамашняга матча ў адказ у чвэрцьфіналах і паўфіналах.
Становішча каманд у турнірнай табліцы ЛЧ уплывае толькі на вызначэнне парадку правядзення матчаў толькі на 1/8 турніру, а ўсе наступныя раўнды вызначаюцца лёсаваннем.
3. Забарона на сустрэчу каманд з адной краіны ў групавым этапе.
Арганізацыя лічыць, што такія раннія матчы непрывабныя для заўзятараў, таму разглядае варыянт з вяртаннем да старога фармату, калі каманды з адной краіны маглі сустрэцца толькі з чвэрцьфіналу.

Футбольны клуб «Цэле» Івана Маеўскага выйшаў у фінал Кубка Славеніі.
Учора прайшоў паўфінальны матч Кубка, дзе «Цэле» выйграў у «Алімпіі» з лікам 2:1.
У трэнерскі штаб гаспадароў уваходзіць беларус Іван Маеўскі, які раней выступаў у складзе каманды як футбаліст.
У фінале «Цэле» згуляе з «Каперам».

Прэс-служба УЕФА запэўніла, што зборная Беларусі згуляе ў фінальнай частцы чэмпіянату Еўропы па міні-футболе ў 2026 годзе.
– Паведамляем, што зборная Беларусі прайшла кваліфікацыю і прыме ўдзел у фінальным турніры. Мы знаходзімся ў кантакце з абедзвюма прымаючымі асацыяцыямі па гэтым пытанні, – гаворыцца ў паведамленні.
Турнір пройдзе зімою ў Літве і Латвіі, Коўне ды Рызе адпаведна. З 18 студзеня па 8 лютага.

35-гадовая беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка ўпершыню з чэрвеня 2024 года згуляла матч у парным разрадзе. Гэта адбылося ўчора на турніры Mutua Madrid Open WTA 1000 у Мадрыдзе.
Беларуска ў пары з амерыканкай Эшлі Кругер прайшла пару Эйжа Мухамад і Дэмі Схюрс, якія прадстаўляюць ЗША і Нідэрланды адпаведна з лікам 2:0 (6:4, 6:4). І такім чынам яны выйшлі ў другі раўнд, 1/8 фінала турніра, дзе згуляюць з парай – амерыканкі Пэйтан Стэрнс ды расейкі Кацярыны Аляксандравай.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: football.by