BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Украіна заклікала працягнуць санкцыі супраць беларускіх і расейскіх хакеістаў

Украінскія чыноўнікі настойваюць на захаванні і ўзмацненні міжнародных санкцый у дачыненні да хакеістаў і трэнераў з Беларусі і Расеі. З адпаведным зваротам да кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) звярнуліся міністр моладзі і спорту Украіны Матвей Бедны і кіраўнік нацыянальнай федэрацыі хакея Сяргей Мазур. Яны падкрэсліваюць, што поўнамаштабная вайна, развязаная Расеяй з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі, ужо забрала жыцці сотняў украінскіх спартоўцаў, у тым ліку дзясяткаў хакеістаў. Украіна спадзяецца, што ІІХФ захавае прынцыповую пазіцыю і не дазволіць беларускім і расейскім камандам удзельнічаць у міжнародных турнірах.

Канадзец Брук застаецца ў “Дынама” яшчэ на два сезоны

Абаронца менскага “Дынама” Джош Брук працягнуў кантракт з клубам. Паводле новага пагаднення, хакеіст застанецца ў камандзе да канца сезона 2026/2027. Канадзец далучыўся да “зуброў” перад пачаткам гэтага сезона КХЛ і ўжо правёў 46 матчаў, у якіх набраў 10 (2+8) балаў. У студзені ён адзначыўся серыяй з трох гульняў з выніковымі дзеяннямі запар і зараз лічыцца адным з найлепшых у камандзе па паказчыку карыснасці (“+10”). “Дынама” на дадзены момант знаходзіцца на сёмай пазіцыі ў Заходняй канферэнцыі з 58 ачкамі. Наступны матч каманда згуляе 2 лютага на “Мінск-Арэне” супраць “Авангарда” з Омска.

Байдачны і Гурэнка пракаментавалі пераход Баркоўскага ў «Пушчу»

Нападнік Герман Баркоўскі, які выступаў за берасцейскае «Дынама», перайшоў у польскі клуб «Пушча». Былы галоўны трэнер зборнай Беларусі Анатоль Байдачны лічыць, што галоўную ролю ў пераходзе адыгралі фінансавыя пытанні. «Сёння футбол — гэта бізнес, і ўсё вырашаюць грошы», — адзначыў ён. Сваю думку выказаў і экс-гулец і трэнер Сяргей Гурэнка: «Для Баркоўскага гэта можа стаць добрай магчымасцю. Калі ён сябе праявіць, з’явяцца іншыя прапановы ў польскім чэмпіянаце». У мінулым сезоне 22-гадовы нападнік адзначыўся 10 галамі і 16 выніковымі перадачамі ў вышэйшай лізе. Яго новая каманда займае 12-е месца ў польскай Экстракласе.

Вяртанне дадому: Васілючак трэніруецца з “Лідай”

Беларускі галкіпер Уладзіслаў Васілючак далучыўся да трэніровак “Ліды”. Як паведамляюць спартовыя крыніцы, 30-гадовы брамнік нядаўна пакінуў казахстанскі “Туран”, дзе згуляў 10 матчаў у сезоне-2024. Васілючак родам з Ліды і ўжо абараняў браму мясцовай каманды ў 2019 годзе. Пераважную частку кар’еры правёў у гарадзенскім “Нёмане”, а таксама выступаў за моладзевую зборную Беларусі.

“Манчэстэр Сіці” можа выкласці 60 мільёнаў еўра за гульца “Порту”

Англійскі гранд зрабіў афіцыйную прапанову “Порту” наконт трансферу 23-гадовага паўабаронцы Ніка Гансалеса. Паводле журналіста Фабрыцыа Рамана, партугальцы хочуць захаваць гульца, таму гатовы прадаць яго толькі за істотную суму. У кантракце футбаліста прапісана сума адступных — 60 мільёнаў еўра. У гэтым сезоне Гансалес згуляў 29 матчаў, у якіх забіў 7 галоў і аддаў 6 выніковых перадач. Яго дзеючы кантракт з “Порту” разлічаны да 2028 года.

Беларускае Радыё Рацыя