«Краіна з самаабвешчаным прэзідэнтам – пешка тэрарыстычнай краіны» – з такой фармулёўкай украінская зборная па пляжным футболе адмовілася гуляць супраць зборнай Беларусі ў матчы за бронзавыя медалі Суперфінала Еўралігі, які праводзіўся ў італьянскім Віярэджа.

Мужчынская зборная Беларусі па пляжным футболе стала бронзавым прызёрам Суперфіналу Еўралігі — 2025, не выходзячы на поле. У паядынку за трэцяе месца беларусы мусілі сустрэцца са зборнай Украіны. Але супернік вырашыў байкатаваць матч. «Супернікам зборнай Украіны ў матчы за 3-е месца павінна стаць каманда, якая прадстаўляе краіну з самаабвешчаным прэзідэнтам (гэтая каманда прайграла Іспаніі з лікам 3:6 у іншым паўфінале). Аднак зборная Украіны будзе байкатаваць гэты матч, бо Беларусь — пешка тэрарыстычнай краіны», – паведаміла прэс-служба асацыяцыі пляжнага футбола Украіны.
Такім чынам, украінцам залічаная тэхнічная параза 0:3 і яны займаюць 4-е месца ў Еўралізе-2025. Для Беларусі ж гэта – трэцяя запар бронза Еўралігі пачынаючы з 2023 года. У 2021 было срэбра.
У фінальным матчы паміж зборнымі Італіі ды Гішпаніі зафіксаваны лік 8:5 і галоўны трафей дастаўся гаспадарам. Для італьянцаў гэта – чацвёртае золата.
У Вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе на выходных былі згуляныя некаторыя матчы. У суботу «Смаргонь» згуляла ўнічыю 1:1 з наваполацкім «Нафтанам». «Слуцк» з буйным лікам 0:3 прайграў барысаўскаму БАТЭ. А жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» у Віцебску нанесла першую паразу лідару чэмпіяната МЛ з лікам 1:0. А вось у нядзелю «Маладэчна» саступіла 0:1 прысталічнай «Іслачы». У сталічным дэрбі «Мінск» перайграў «Дынама» з лікам 2:1. Прычым усе галы ў матчы забілі менавіта «гараджане». Сёння ў прынцыповым заходнім дэрбі ў Берасці згуляюць «Дынама» і гарадзенскі «Нёман». А таксама «Гомель» і «Віцебск».
А пакуль на першым месцы ідзе МЛ, у якога 52 пункты, на другім – мазырская «Славія» з 41 ачком і на трэцяе месца ўзнялася «Іслач» з 38 ачкамі. А замыкае табліцу па-ранейшаму гарадское трыа – «Смаргонь», «Слуцк» ды «Маладэчна».
У розыгрышы Першай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе былі згуляныя матчы 24 тура. З цікавых выдзелім даволі нечаканую перамогу «Слоніма» над гомельскім «Лакаматывам» з лікам 2:1. Перамогу «Баранавічаў» у прынцыповым матчы з «Нівай» у Долбізне з лікам 2:0. Прычым «Ніва» з 28 хвіліны за двайное выдаленне грала ў 9-х. І перамогу магілёўскага «Дняпро» з лікам 3:1 над пінскай «Хваляй». І такім чынам «Дняпро» усё бліжэй да вяртання ў Вышэйшую лігу, а «Баранавічы» да свайго дэбюта там.
У польскай Экстракласе былі згуляныя некаторыя матчы 8 тура. «Пяст» у Глівіцах Германа Баркоўскага прымаў у сябе беластоцкую «Ягелонію». Каманды згулялі ўнічыю 1:1. На гол Хесуса Імаза «Пяст» у дзень свайго 80-гадовага юбілею змог адказаць толькі на перадапошняй 93 хвіліне, чым не сапсаваў святочны настрой сваіх фанатаў. Беларускі форвард «Пяста» Герман Баркоўскі выйшаў на поле на 67 хвіліне матча, голам не адзначыўся, але сваімі карыснымі дзеяннямі заслужыў другую ў камандзе ацэнку – 7.9 бала.
Завяршыўся 42 чэмпіянат Еўропы па баскетболе. Зборная Германіі другі раз у гісторыі стала чэмпіёнам Еўропы. У фінале, які праходзіў у Рызе, у матчы інтрыга якога захоўвалася да апошніх секундаў, немцы адолелі зборную Турцыі з лікам 88:83. А ў гульні за бронзавыя медалі зборная Грэцыі перайграла Фінляндыю з лікам 92:89.
У беларускай хакейнай Экстралізе на выходных былі згуляныя матчы 4 тура. У суботу «Дынама-Маладэчна» абыграла гарадзенскі «Нёман» з лікам 4:2. «Ліда» перамагла «Магілёў» – 4:3. А салігорскі «Шахцёр» у Смаленску па булітах перамог «Славуціч» з лікам 3:2. А ў нядзелю жлобінскі «Металург» перайграў «Брэст» – 2:1. «Авіятар» у Баранавічах саступіў менскаму «Юнацтву» – 0:3. «Віцебск» перайграў «Гомель» – 2:1. І аршанскі «Лакаматыў» быў мацнейшы за наваполацкі «Хімік» – 3:2.
Першы радок айчыннага хакейнага чэмпіяната па-ранейшаму дзеляць, маючы па 8 ачкоў – «Юнацтва» і «Ліда».
У суботу і нядзелю на Філіпінах былі згуляныя матчы 1 тура групавога этапу 21-га чэмпіяната Свету па валейболе. З цікавых нам вынікаў выдзелім хіба што перамогу Польшчы над Румыніяй з лікам 3:0 (34:32, 25:15, 25:19). І паразу Украіны ад Бельгіі з лікам 0:3 (16:25, 17:25, 22:25).
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






