BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Урад Габона рэпрэсаваў сваю футбольную зборную

Кубак Афрыкі

У апошні дзень 2025 года 4 матчамі 3 тура завяршыўся групавы этап Кубка афрыканскіх нацый.
У групе Е Экватарыяльная Гвінея з лікам 1:3 прайграла Алжыру. І Буркіна-Фасо з лікам 2:0 абгуляла Судан. Тут напрамую ў 1/8 фінала выйшлі Алжыр і Буркіна-Фасо.
А таксама ў групе F дзеючы чэмпіён Афрыкі Кот-д’Івуар здабыў супервалявую перамогу над Габонам. Івуарыйцы саступаючы палову гульні з лікам 0:2, ужо ў дадазены час звялі яго да 3:2 на сваю карысць. Камерун здабыў валявую перамогу над Мазамбікам з лікам 2:1. І з гэтай групы напрамую ў 1/8 фінала выйшлі Кот-д’Івуар ды Камерун.
Акрамя гэтага да іх далучыліся 4 лепшыя каманды, што занялі ў сваіх групах 3 месцы – Мазамбік, Бенін, Судан і Танзанія.
І такім чынам – на гэтай стадыі турніру паміж сабой згуляюць:
3 студзеня: Сенегал – Судан, Малі – Туніс
4 студзеня: Марока – Танзанія, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка – Камерун
5 студзеня: Егіпет – Бенін, Нігерыя – Мазамбік
6 студзеня: Алжыр – ДР Конга, Кот-д’Івуар – Буркіна-Фасо

А зараз пра рэпрэсіі.
Урад Габона прыняў рэзкія меры ў адносінах да футбольнай зборнай краіны.
Каманда Цьеры Муюма вылецела з Кубка Афрыкі, не набраўшы ніводнага ачка ў групе. Яе апярэдзілі каманды Кот-д’Івуара, Камеруна і Мазамбіка.
«Улічваючы ганебнае выступленне «пантэр» на Кубку Афрыкі ў Марока ў 2025 годзе і ўлічваючы розныя наступствы, якія дыяметральна супрацьлеглыя каштоўнасцям этыкі і прыкладнасці, якія адстойваюцца Пятай Рэспублікай, урад прыняў рашэнне: распусціць трэнерскі штаб; адхіліць нацыянальную каманду да далейшага апавяшчэння; выключыць гульцоў Бруна Экюэля-Манга і П’ера Эмерыка Абамеянга з каманды», – заявілі ва ўрадзе.

Форвард мадрыдскага «Рэала» Кіліян Мбапэ ўзначаліў рэйтынг бамбардзіраў Лігі чэмпіёнаў у 2025 годзе.
27-гадовы нападнік забіў 14 мячоў цягам мінулага году.
Другое месца ў рэйтынгу заняў Лаўтара Марцінес з «Інтэра» – 12 галоў, а трэцім стаў Хары Кейн з «Баварыі» – 11 забітых мячоў.
Найлепшыя бамбардзіры Лігі чэмпіёнаў у 2025 годзе:
1) 14 – Кіліян Мбапэ («Рэал»);
2) 12 – Лаўтара Марцінес («Інтэр»);
3) 11 – Хары Кейн («Баварыя»);
4) 10 – Серу Гірасі («Барусія» Д.);
5-7) 9 – Усман Дэмбеле («ПСЖ»);
5-7) 9 – Эрлінг Холанд («Манчэстэр Сіці»);
5-7) 9 – Віктар Асімхен («Галатасарай»).

Галоўны трэнер «Зімбру» Алег Кубараў прызнаны найлепшым трэнерам 2025 года ў чэмпіянаце Малдовы па футболе.
59-гадовы беларускі спецыяліст узначаліў каманду ў чэрвені мінулага года. Пад яго кіраўніцтвам «Зімбру» атрымалі 16 перамог, чатыры разы згулялі ўнічыю і чатыры разы прайгралі.

Нападнік кішынёўскіх «зуброў» Дзяніс Казлоўскі быў прызнаны найлепшым форвардам чэмпіянату Малдовы па выніках года.
Беларус перайшоў у каманду ў ліпені 2025 года. У бягучым сезоне ён правёў 19 матчаў ва ўсіх турнірах, у якіх вызначыўся 15 галамі і двума галявымі перадачамі.
Па выніках першага этапа чэмпіянату іх каманда заняла трэцяе месца ў турнірнай табліцы. У 21 матчы «Зімбру» набраў 44 ачкі.

Самы старэйшы футбаліст свету Кадзуёсі Міура перайшоў з «Ёкагамы» ў «Фукусіма Юнайтэд» на правах арэнды, паведамляе прэс-служба клуба.
Яго кантракт разлічаны да 30 чэрвеня 2026 года.
58-гадовы паўабаронца, які мінулы сезон правёў за «Атлетыка Судзука» ў 4-м дывізіёне Японіі, зараз будзе выступаць за каманду з 3-га дывізіёна.
«Мой запал да футбола не мяняецца нават з узростам. Я шчыра ўдзячны за магчымасць гуляць у Фукусіме і буду прыкладаць усе намаганні. Давайце разам тварыць гісторыю», – сказаў Міюра.
Наступны сезон стане для Міюры, якому 26 лютага споўніцца 59 гадоў, 41-м у прафесійнай кар’еры.

У матчы рэгулярнага сезона НХЛ «Чыкага» прайграў у серыі булітаў «Нью-Йорк Айлендэрс» з лікам 2:3.
20-гадовы беларускі абаронца Арцём Лeўшуноў пачаў матч у другой пары з Уайетам Кайзерам.
Лeўшуноў правёў на лёдзе 22.43 хв, набраў 1 (0+1) ачко, у створ не трапляў, зарабіў 2 хвіліны штрафу, заблакаваў 1 стрэл сyперніка, ужыў 2 сілавыя прыёмы, здзейсніў 1 страту і завяршыў матч з карыснасцю 0.
Усяго ў сезоне Лeўшуноў правёў 37 гульняў, набраў 18 (1 +17) ачкоў, мае паказчык карыснасці -13 і 22 штрафныя хвіліны.

«Вашынгтон» выйграў у «Рэйнджэрс» з лікам 6:3.
Беларускі форвард Аляксей Протас правёў на лёдзе 15:07 хв, уключаючы 0:21 хв у меншасці, набраў 2 (1+1) ачкі, аформіў пераможны гол, нанёс 1 кідок, ужыў 1 сілавы прыём, здзейсніў 1 перахоп, дапусціў 3 страты.
Адзначым, што 24-гадовы форвард падоўжыў сваю дзейсную серыю да чатырох гульняў (3 галы, 4 перадачы, 7 ачкоў). 12 з 15 галоў Пратаса былі забітыя ў фармаце 5 на 5, што з’яўляецца найлепшым вынікам у Вашынгтоне і дзеліць 10-е месца ў НХЛ.
У бягучым сезоне на рахунку Протаса 30 (15+15) ачкоў у 40 матчах, таксама ён мае паказчык карыснасці «+22» і 14 штрафных хвілін.

«Калгары» Ягора Шаранговіча абыграў «Філадэльфію» з лікам 5:1.
Беларускі нападнік правёў на лёдзе 16:13 хв, з іх 0:45 хв ён адпрацаваў у большасці і 1:06 хв – у меншасці. Форвард адзначыўся голам, нанёс 3 кідкі, здзейсніў 1 перахоп і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-1».
У гэтым сезоне Шаранговіч правёў 36 матчаў, набраў 13 (8+5) ачкоў, мае паказчык карыснасці «-10» і дзве штрафныя хвіліны.

«Ліхай Вэлі» абыграў «Хершы» з лікам 3:0 у матчы АХЛ.
Беларускі брамнік «Ліхай Вэлі» Аляксей Коласаў адыграў усю гульню, адбіў 31 кідок з 31 і правёў «сухі» матч. Ён быў прызнаны першай зоркай сустрэчы
У бягучым сезоне ў яго 17 матчаў, 8 перамог, 2 «сухары», каэфіцыент надзейнасці 2.60 і працэнт адбітых кідкоў 90,6.
19-гадовы беларускі нападаючы «Хершы» Ілля Протас не набраў дзейсных ачкоў, нанёс 2 кідкі і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-2».

У гэтым сезоне ён правёў 29 гульняў, набраў 23 (12+11) ачкі і мае паказчык карыснасці «+6».

31 снежня ў Італіі прайшоў мас-старт 3 тура Кубку свету па лыжных гонках забегамі на этапе «Тур дэ Скай» ў Тобласе.
Перамогу святкавала амерыканка Джэсі Дыгінс.
Беларуская спартоўка Ганна Мачахіна заняла 59-е месца і Ганна Каралёва прыйшла 76-й.
А вось учора там жа прайшоў 4 тур – класічны пераслед на 20 км.
Перамогі ізноў дасягнула амерыканка Джэсі Дыгінс.
А вось беларускія лыжніцы памяняліся месцамі, зараз Ганна Каралёва заняла 58-е месца, а Ганна Мачахіна прыйшла 62-й.

Чэмпіянат Еўропы па фехтаванні сярод дарослых, які павінен быў прайсці ў Таліне ў 2026 годзе, аказаўся пад пагрозай зрыву.
Міжнародная федэрацыя фехтавання патрабуе ад краіны-арганізатара пісьмовага пацверджання, што ўсе спартоўцы змогуць удзельнічаць у турніры і перасячы мяжу незалежна ад грамадзянства і воінскага звання.
Аднак эстонскія ўлады адмаўляюцца падпісваць такі дакумент.
Па словах віцэ-канцлера Міністэрства культуры па пытаннях спорту Райда Міта, эстонская дзяржава не можа даць пацвярджэнне, што ўсе ахвочыя ўдзельнічаць у чэмпіянаце Еўропы змогуць перасячы мяжу. Ён дадаў, што пазіцыя ўрада адназначная: спартоўцам з Беларусі і Расеі візы не выдаюцца, дзейнічае нулявая талерантнасць і выключэнняў не будзе.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя