BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ва УЕФА пракаментавалі нявыдачу віз гульцам зборнай Беларусі

Рашэнні па выдачы віз футбалістам пры гасцявых матчах еўрапейскіх спаборніцтваў могуць прымаць толькі адпаведныя органы краіны, якая прымае. Пра гэта ТАСС паведамілі ў прэс-службе Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА).

Фота: football.by

Нападнік калінінградскай “Балтыкі” Віталь Лісаковіч паведаміў, што яму і яшчэ двум гульцам зборнай Беларусі адмовілі ў візе для ўдзелу ў матчы з камандай Паўночнай Ірландыі ў пятым туры групавога этапа Лігі нацый. Візы таксама не атрымалі нападнік Павел Савіцкі з гарадзенскага “Нёмана” і паўабаронца Валерый Бачэраў з “Уфы”. «Усе патрабаванні да паездкі, у тым ліку падачу заяў на атрыманне візы, уваходзяць у сферу адказнасці выязной групы. Адпаведныя органы ўлады з’яўляюцца адзінымі асобамі, якія прымаюць рашэнні па гэтых пытаннях», – паведамілі ў прэс-службе УЕФА. Матч зборных Паўночнай Ірландыі і Беларусі пройдзе 15 лістапада ў Белфасце.

Футбалісты маладзёжнай зборнай Беларусі правядуць спарынг з БАТЭ

Трэнерскі штаб беларускай маладзёжнай зборнай Беларусі вызначыў склад каманды на спарынг з барысаўскім БАТЭ. Галоўны трэнер “маладзёжкі” Сяргей Яромка запрасіў у трэніровачны лагер 20 гульцоў. У  тым ліку абаронцу берасцейскага «Дынама» Ягора Хралянкова і яго аднаклубніка паўабаронцу Мікіту Бурака. Маладзёжная зборная будзе трэніравацца на базе тэхнічнага цэнтра АБФФ у Вяснянцы і 17 лістапада правядзе кантрольны матч з БАТЭ.

Беларускія футбалісткі згуляюць з венгеркамі на старце жаночай Лігі нацый

Стаў вядомы каляндар гульняў футбалістак зборнай Беларусі на групавым этапе другога розыгрышу жаночай Лігі нацый. На старце спаборніцтваў у групе В3 падначаленыя Юрыя Малеева 21 лютага 2025 года ў намінальна хатнім паядынку сустрэнуцца з камандай Венгрыі, а ў другім туры 25 лютага згуляюць на выездзе з футбалісткамі Сербіі. Пасля завяршэння групавога этапа пераможцы чатырох квартэтаў лігі В атрымаюць прамыя пропускі ў лігу А. Каманды, якія зоймуць другія пазіцыі, правядуць стыкавыя паядынкі са зборнымі, якія фінішуюць на трэціх месцах у групах лігі А. У мінулым сезоне зборная Беларусі выступала ў трэцім па рангу дывізіёне – лізе С, і, заняўшы першае месца ў сваёй групе, паднялася ў лігу В.

Мантэла – галоўны фаварыт на пасаду трэнера «Ромы»

Галоўны трэнер зборнай Турцыі Вінчэнца Мантэла з’яўляецца галоўным фаварытам на пасаду трэнера «Ромы», паведамляе Corriere dello Sport. Па дадзеных крыніцы, 50-гадовы спецыяліст з’яўляецца фаварытам на пасаду трэнера «Ромы». Яго вызваляць, калі італьянскі клуб выплаціць турэцкай федэрацыі шасцімесячны заробак.

Вінчэнца ўзначаліў зборную Турцыі ў верасні мінулага года. Сярод іншых варыянтаў – Раберта Манчыні, але ў «Ромы» ёсць і іншыя кандыдатуры.

Рымскі клуб адправіў у адстаўку Івана Юрыча, які ўзначаліў каманду 18 верасня, змяніўшы Даніэле дэ Росі. Пад яго кіраўніцтвам каманда правяла 12 матчаў, атрымала 4 перамогі, зведала 5 параз і 3 разы згуляла ўнічыю. «Рома» займае 13-е месца ў турнірнай табліцы Серыі А пасля 12 тураў.

Сабаленка атрымала ўзнагароду першай ракеткі свету па выніках 2024 года

Беларускай тэнісістцы Арыне Сабаленцы ўручаны прыз першай ракеткі планеты па выніках года. У гэтым сезоне 26-гадовая Сабаленка стала пераможцай двух турніраў серыі “Вялікага шлема” – Australian Open і US Open, а таксама выйграла турніры ў Цынцынаці і Ухані. Акрамя таго, яна даходзіла да фіналаў спаборніцтваў у Брысбене, Мадрыдзе і Рыме. За год Сабаленка правяла 70 паядынкаў, святкаваўшы 56 перамог. На нядаўнім выніковым турніры WTA у Эр-Рыядзе беларуска саступіла ў паўфінале амерыканцы Коры Гаўф, але гэта не перашкодзіла ёй застацца на чале сусветнага рэйтынгу.

Беларускае Радыё Рацыя