BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вайлупаў дапамог гандбалістам “Веспрэма” перамагчы “Гудмэ” ў Лізе чэмпіёнаў

У розыгрышы гандбольнай Лігі чэмпіёнаў завяршыліся сустрэчы 12-га тура групавога этапа. У папярэдняй групе В венгерскі “Веспрэм” перамог на хатняй арэне дацкі “Гудмэ” з лікам 34:31. Беларускі правы крайні венгерскага клуба Мікіта Вайлупаў, які вярнуўся ў склад пасля траўмы, пяць разоў забіў суперніку. Усяго ў гэтым сезоне чэмпіёнскай Лігі ён закінуў ужо 25 мячоў.
Польская “Вісла” з Плоцка, за якую выступае беларус Кірыл Самойлаў, абыграла на сваёй пляцоўцы французскі “Манпелье” 22:18. Беларус у гэтай сустрэчы на пляцоўку не выходзіў, а да гэтага ён вызначыўся 5 разоў.

Шымановіч і Сарасуа выйшлі ў 1/2 фіналу турніру WTA-125 у Мексіцы

Беларуска Ірына Шымановіч і мексіканка Рэната Сарасуа прабіліся ў паўфінал парнага разраду турніру WTA-125 у мексіканскім Пуэрта-Вальярта з прызавым фондам 115 тысяч даляраў. У чвэрцьфінале яны перамаглі ў дзвюх партыях расейскіх тэнісістак Ірыну Храмачову і Яну Сізікаву – 6:4, 6:4. У паўфінальным матчы Шымановіч і Сарасуа сустрэнуцца з французска-чэшскім тандэмам Эліксан Лячэмія / Ганна Шышкова.

Протас і Шаранговіч адзначыліся галявымі перадачамі ў матчах НХЛ

Беларускія хакеісты Аляксей Протас і Ягор Шаранговіч працягнулі асабістыя выніковыя серыі ў рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай хакейнай лігі. У ноч на пятніцу па менскім часе клуб Аляксея Пратаса “Вашынгтон” гасцяваў у “Тампы-Бэй”. За пяць хвілін да канца трэцяга перыяду пры роўным ліку 3:3 беларус аддаў перадачу шведскаму абаронцу “Кэпіталз” Расмусу Сандзіну, які стаў аўтарам пераможнай шайбы. Незадоўга да сірэны “сталічныя” закінулі ў пустую брамку і выйгралі 5:3. Протас набраў выніковы бал у трэцім матчы запар, у 54 гульнях сезона ў актыве Аляксея 23 (4+19) ачкі. “Вашынгтон” займае дзевятае месца на Усходзе, адстаючы ад зоны плей-оф на пяць пунктаў.
Таксама Ягор Шаранговіч дапамог свайму “Калгары” святкаваць хатнюю перамогу над лепшай камандай лігі “Бостанам”. Як і яго суайчыннік, ён асіставаў шведскаму гульцу абароны – Оліверу Шылінгтану, які адкрыў лік на 13-й хвіліне. “Агеньчыкі” і “мішкі” ў выніку дагуляліся да авертайму, дзе Назем Кадры прынёс канадскаму клубу два ачкі – 3:2. Шаранговіч аддаў галявы пас у другой гульні запар, усяго ў Ягора 37 (20+17) балаў у 57 матчах сезона. “Калгары” пакуль ідзе 11-м на Захадзе.

Менскія дынамаўцы правядуць апошні дамашні матч рэгулярнага чэмпіянату КХЛ

Хакеісты менскага “Дынама” сёння правядуць заключны хатні матч у бягучым рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Апошнім госцем “Мінск-Арэны” ў лютым стане СКА з Санкт-Пецярбурга. “Армейцы” – адна з наймацнейшых каманд цяперашняга сезона, і ажыятаж вакол матча з грозным сапернікам аказаўся адпаведным: усе квіткі на гульню былі прададзены яшчэ тыдзень таму. “Зубры” знаходзяцца на пераможнай сцежцы пасля поспехаў у паядынках супраць “Куньлуня” і “Нафтахіміка”. У турнірнай табліцы каманды з Менска і Санкт-Пецярбурга падзяляюць цэлых 27 ачкоў.

Беларускае Радыё Рацыя