У гандбольнай Лізе чэмпіёнаў вызначыліся ўсе ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі. Гандбалісты “Веспрэма” ў венгерскім дэрбі 1/8 фіналу другі раз абыгралі “Пік” з Сегеда – 39:32.

Беларускі правы крайні пераможцаў Мікіта Вайлупаў закінуў восем мячоў. У чвэрцьфінале “Веспрэм” сустрэнецца з дацкім “Ольбаргам”. Польскі “Кельцэ” ў сябе дома ўзяў верх над дацкім “Гудме” з лікам 33:28. Беларускі лінейны польскага клуба Арцём Каралёк вызначыўся два разы. У паядынках за выхад у “Фінал чатырох” “Кельцэ” будзе супернічаць з нямецкім “Магдэбургам”. Гэтыя супернікі сустракаліся ў вырашальным матчы мінулага сезона Лігі чэмпіёнаў і тады поспех быў на баку прадстаўнікоў бундэслігі – 30:29 (у авертайме).
Польская “Вісла” з Плоцка з беларусам Кірылам Самойлам у складзе не змагла прабіцца ў чвэрцьфінал, двойчы саступіўшы французскаму клубу “Пары Сен-Жэрмен” 26:30 і 33:34, які згуляе з іспанскай “Барселонай”. Апошнюю чвэрцьфінальную пару склалі французскі “Манпелье” і нямецкі “Кіль”. Першыя чвэрцьфіналы пройдуць 24-25 красавіка.
«Калгары» Шаранговіча страціў шанцы на трапленне ў плэй-оф НХЛ
«Калгары» Ягора Шаранговіча прайграў «Анахайму» 3:5. Пасля гэтай паразы «Калгары» страціў усе шанцы на трапленне ў плэй-оф НХЛ. «Калгары» займае 12-е месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі з 73 баламі. Каманда згуляе яшчэ 7 матчаў у рэгулярцы. Шаранговіч у гэтым сезоне набраў 54 (29+25) ачкі і займае другое месца ў камандзе пасля Назема Кадры (65 ачкоў).
У Менску пройдуць два матчы 3-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі
Першыя паядынкі 3-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі адбудуцца ў Менску. У стартавай сустрэчы гульнявога дня дзяржынскі “Арсенал” на полі стадыёна РЦАР БДУ згуляе з футбалістамі “Віцебска”. У мінулым туры “Арсенал” у гасцях разышоўся мірам з магілёўскім “Дняпром” 0:0, а віцябляне саступілі мазырскай “Славіі” 2:3. У другім матчы футбалісты “Менска” прымуць на сваёй арэне “Смаргонь”. На мінулым тыдні менчукі згулялі ўнічыю з чэмпіёнамі краіны сталічнымі дынамаўцамі 0:0, а іх супернікі прайгралі на выездзе берасцейскаму “Дынама” 1:4.
Футбалісткі зборнай Беларусі згуляюць з кіпрыёткамі на старце кваліфікацыі ЧЕ
Футбалісткі нацыянальнай зборнай Беларусі правядуць стартавы паядынак адборавага турніру жаночага чэмпіянату Еўропы 2025 года. У першым туры кваліфікацыйнай групы С1 падначаленыя Юрыя Малеева ў кіпрскай Ахне сустрэнуцца з камандай Кіпра. Гэты матч будзе судзіць англійская брыгада арбітраў на чале са Стэйсі Пірсан. У другі гульнявы дзень, 9 красавіка, там жа ў намінальна хатнім паядынку беларускі згуляюць са зборнай Грузіі, якая сёння прыме ў Тбілісі каманду Літвы.
Беларускае Радыё Рацыя






