BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Валейбалісткі “Мінчанкі” выйгралі Суперкубак Беларусі

Валейбалісткі “Мінчанкі” выйгралі Суперкубак Беларусі. У сталічным палацы спорту “Уручча” яны абыгралі гарадзенскі “Камунальнік-ГрДУ” — 3:0. Паядынак за Суперкубак Беларусі па валейболе сярод жаночых каманд быў праведзены другі раз у гісторыі. Летась ганаровы трафей таксама заваявалі прадстаўніцы “Мінчанкі”, якія абыгралі з лікам 3:0 берасцейскае “Прыбужжа”. У матчы за мужчынскі Суперкубак-2024 у канцы верасня гомельская “Энергія” перамагла салігорскі “Шахцёр”.

Хакеісты менскага “Дынама” ў гасцях абыгралі СКА

Менскае “Дынама” перарвала серыю з трох паразаў у чэмпіянаце КХЛ. Тыдзень таму ў Менску была параза ад СКА — 0:3. У чацвер у Санкт-Пецярбургу “Дынама” ўзяло рэванш — 4:2. Стартавы перыяд скончыўся з мінімальнай перавагай “Дынама”, лік у матчы адкрыў абаронца Нікалас Мелаш. У сярэдзіне наступнай трэці Ілля Усаў падвоіў перавагу, а незадоўга да заканчэння адрэзка большасць рэалізаваў Вадзім Шыпачоў. Гэтая шайба стала для дасведчанага расейца першай у форме “зуброў”. На заключны перапынак каманды пайшлі пры ліку 3:0 на карысць гасцей. У трэцяй дваццаціхвілінцы хакеісты з Санкт-Пецярбурга наблізіліся да менчан, але Усаў аформіў дубль і абрынуў надзеі “армейцаў” на выратаванне. Набраўшы на выездзе тры ачкі з шасці магчымых, сталічны клуб захаваў сёмае месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі КХЛ.

Сабаленка выйшла ў чвэрцьфінал турніру WTA-1000 ва Ухане

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прабілася ў чвэрцьфінал турніру WTA-1000 у кітайскім Ухане з прызавым фондам 3 мільёны 200 тысяч даляраў. У матчы 1/8 фіналу другая ракетка планеты сустракалася з прадстаўніцай Казахстана Юліяй Пуцінцавай і выйграла – 1:6, 6:4, 6:0. Арына Сабаленка з’яўляецца двухразовай пераможцай гэтых спаборніцтваў – яна выйгравала іх у 2018 і 2019 гадах.

Грэцыя на “Уэмблі” сенсацыйна вырвала перамогу ў Англіі

У рамках дывізіёна “В” Лігі нацый зборная Грэцыі на “Уэмблі” дамаглася сенсацыйнай перамогі над камандай Англіі з лікам 2:1. Пры гэтым ангельцы валодалі мячом 63 працэнты гульнявога часу.
Дублем вызначыўся форвард “Бенфікі” Вангеліс Паўлідзіс. У складзе ангельцаў адзін гол на рахунку Джуда Белінгема. Таксама адзначым нічыю ў матчы зборных Італіі і Бельгіі – 2:2.

Беларускае Радыё Рацыя