BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Валер Грамыка – сама дарагі беларускі футбаліст

Валер Грамыка

фота ФК “Кайрат”

Складзены рэйтынг самых дарагіх беларускіх футбалістаў па актуальным трансферным кошце.
Лідарам рэйтынгу з’яўляецца паўабаронца казахскага «Кайрата» Валер Грамыка, які ацэньваецца на 1,5 млн еўра. На другім радку размясціўся галкіпер сафійскага ЦСКА Фёдар Лапавухаў, яго кошт 1,2 млн еўра.
Месцы з 3-га па 6-е дзеляць гульцы з ацэначным коштам на 1 млн еўра: абаронца расейскіх «Крылаў Саветаў» Кірыл Пячэнін, нападнік польскага «ГКС Катавіцы» Ілля Шкурын, форвард маскоўскага ЦСКА Арцём Шуманскі і форвард лісабонскага «Порту» Трафім Мельнічэнка.
Сёмую пазіцыю займае абаронца маскоўскага «Тарпеда» Глеб Шаўчэнка (900 тысяч еўра).
Замыкаюць дзясятку Віталь Лісаковіч (славенскі «Цэле»), Макс Эбонг (казахская «Астана») і Вадзім Пігас (з расейскага «Пары НН»). Кошт кожнага ацэньваецца на 800 тысяч еўра.

У рамках рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі прайшлі матчы з удзелам беларускіх гульцоў.
«Чыкага» прайграў «Сіэтл Кракен» з лікам 2:3.
Беларускі абаронца «Чыкага» Арцём Леўшуноў правёў на лёдзе 15:20 хв, з іх 1:14 у большасці, зарабіў 1 (0+1) асістэнцкі бал, зрабіў 2 кідкі, дапусціў 1 страту і 1 сілавы прыём, а таксама завяршыў гульню з паказчыкам карыснасці «-2».
У бягучым сезоне Леўшуноў правёў 19 матчаў, набраў 11 (0+11) ачкоў, мае паказчык карыснасці «0» і 10 хвілін штрафу.
А вось асіст іншага беларускага хакеіста дапамог сваёй камандзе перамагчы.
«Вашынгтон» згуляў з «Манрэалем» з лікам 8:4.
Беларускі форвард «кэпіталз» Аляксей Протас зрабіў дакладную голавую перадачу. Ён набірае ачкі ў трох матчах запар.
Протас згуляў 19 хвілін 46 секунд, выканаў 5 кідкоў, зрабіў 1 блок і 1 сілавы прыём, дапусціў 1 страту і скончыў матч з паказчыкам карыснасці «+2».
У сезоне ў Протаса 13 (6+7) ачкоў пры паказчыку карыснасці «+12».

«Далас» Уладзіслава Калячонка выйграў у «Ванкувера» – 4:2. Беларус правёў на лёдзе 10:15 хв, з іх 0:48 – у меншасці, не набраў выніковых балаў, нанёс 4 кідкі і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-1».
А вось «Каларада» Іллі Салаўёва абыграў з лікам 6:3 «Рэйнджэрс». Беларус у заяўку не патрапіў.

У матчы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ «Хершы» сустракаўся з «Кліўлендам» і перамог з лікам 5:2.
Беларускі форвард «Хершы» Ілля Протас адзначыўся голам і асістам. Ён падоўжыў сваю вынiковую серыю да 4 гульняў.
У сезоне ў Іллі 12 (6+6) вынiковых балаў у 15 матчах.
Яго «Хершы» размяшчаецца на 4-м месцы Атлантычнага дывізіёна.

Разыгрываючы гандбольнай зборнай Беларусі і харвацкага «Заграба» Ігар Бяляўскі прызнаны найлепшым гульцом на сваёй пазіцыі ў 8-м туры Лігі чэмпіёнаў.
Гандбаліст патрапіў у сімвалічную зборную ўпершыню ў кар’еры.
У хатнім матчы супраць нямецкага «Магдэбурга» – лік 35:43 беларус рэалізаваў 8 з 11 кідкоў. Пасля 8 тураў харвацкі клуб замыкае табліцу групы B з нулём ачкоў.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя