
Барэц грэка-рымскага стылю Кірыл Валеўскі прынёс беларускай камандзе першы медаль першынства планеты сярод спартоўцаў не старэйшых за 17 гадоў. Галоўны юнацкі старт сезона праходзіць у сталіцы Іарданіі Амане. У першым раўндзе ў вагавай катэгорыі да 71 кг беларус перамог Самвела Тэрцярана з Арменіі 3:2, у чвэрцьфінале быў мацней за кітайца Ву Дзіньхаа 8:0, а ў паўфінале разабраўся з Бехрузбекам Валіевым з Узбекістана 7:4. У паядынку за золата Кірылу супрацьстаяў расеец Уладзіслаў Бырля, сутычка скончылася ўпэўненай вікторыяй беларуса з лікам 7:1. Раней Валеўскі перамог на першынстве Еўропы-U17, абараніўшы званне чэмпіёна кантынента.
Сасновіч перамагла ў другім кваліфікацыйным раўндзе US Open
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч працягвае змагацца за выхад у асноўную сетку адкрытага чэмпіянату ЗША. У паядынку другога кваліфікацыйнага раўнда беларуска сустракалася з брытанскай тэнісісткай Хізэр Уоцан і перамагла – 6:1, 6:4. У вырашальным паядынку за выхад у асноўную сетку US Open суперніцай Сасновіч будзе турчанка Зейнэп Сонмез. У сваім першым матчы Аляксандра Сасновіч упэўнена перайграла прадстаўніцу Францыі Хармоні Тан – 6:2, 6:3.
Яшчэ адна беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч на старце кваліфікацыі перамагла японку Сару Саіта – 6:4, 6:3, а ў другім крузе яе суперніцай будзе аўстралійка Мая Джойнт.
“Дынама” прайграла “Зальцбургу” першы матч плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў
Кіеўскае “Дынама” у Любліне саступіла аўстрыйскаму “Зальцбургу” у першай сустрэчы апошняга кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў. На 29-й хвіліне “Рэд Бул” павёў у ліку – Нэнэ з межаў штрафной адправіў мяч у сетку. У пачатку другога тайма адзінаццаціметровы ўпэўнена рэалізаваў К’ергор і ўсталяваў канчатковы лік 2:0. У Аўстрыі “бела-сінім” давядзецца забіць найменш двойчы, каб выраўняць шанцы на месца ў асноўным раўндзе Лігі чэмпіёнаў. Другі матч адбудзецца 27 жніўня.
Ноер аб’явіў пра завяршэнне выступлення за зборную Германіі
Галкіпер «Баварыі» Мануэль Ноер завяршыў выступы за зборную Германіі. Пра гэта брамнік паведаміў у сваім Інстаграме. «Дарагая футбольная Германія, пасля больш за 15 гадоў і 124 міжнародных матчаў завяршаецца мая кар’ера ў нацыянальнай зборнай Германіі. Усе, хто ведае мяне, ведаюць, што я прыняў гэтае рашэнне нялёгка. Фізічна адчуваю сябе вельмі добра, і, канешне, таксама зацікавіў бы чэмпіянат свету 2026 года ў ЗША, Канадзе і Мексіцы. І ўсё ж пасля шматлікіх інтэнсіўных і працяглых размоў з сям’ёй і сябрамі прыйшоў да рашэння, што зараз самы час скончыць мой перыяд у зборнай.
Вялікі дзякуй усім супрацоўнікам, кіраўнікам, трэнерам і таварышам па камандзе, якія суправаджалі мяне з моманту майго дэбюту ў нацыянальнай зборнай 2 чэрвеня 2009 года! Я любіў насіць футболку нацыянальнай зборнай», – напісаў Мануэль Ноер.
12-гадовы беларус Маёраў падпісаў кантракт з акадэміяй мадрыдскага «Рэала»
12-гадовы беларускі футбаліст Аляксей Маёраў падпісаў кантракт з акадэміяй мадрыдскага «Рэала». Ён будзе выступаць за моладзевую каманду клуба. Паведамляецца, што Маёраву прапанавалі рэкордныя для яго ўзросту ўмовы. Раней футбаліст выступаў за дзіцячую каманду клуба Д4 Іспаніі «Серданьёлу», дзе забіў 59 галоў у 22 матчах. Ён уваходзіў у лік найлепшых бамбардзіраў адной з падгруп дзіцячай лігі Каталоніі. Адзначым, што Маёраў стаў першым беларусам, якога падпісаў іспанскі клуб.
Беларускае Радыё Рацыя






