BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Віцебск” і “Нёман” перамаглі ў матчах беларускай хакейнай экстралігі

У панядзелак матчамі ў Гародні, Віцебску і Салігорску пасля міжнароднай паўзы аднавіўся сезон чэмпіянату Беларусі па хакеі. Лідар экстралігі “Віцебск” на сваім лёдзе сустракаўся з “Дынама-Маладэчна”. У турнірнай табліцы каманды падзяляе дзевяць месцаў і больш за дваццаць ачкоў, але ў вочным паядынку розніца была практычна незаўважная. Па ходу матча “мядзведзі” тройчы адрываліся на дзве шайбы, аднак госці кожны раз скарачалі адставанне да мінімуму. За 8 хвілін да фінальнай сірэны на табло быў лік 4:3, і астатняга часу маладэчанцам для выратавання не хапіла. “Віцебск” такім чынам набраў ачкі ў пятай гульні запар, дублем і галявой перадачай за паўночнікаў вызначыўся Мікіта Ядраец. Паралельна ў Гародні мясцовы “Нёман” разбіраўся з аршанскім “Лакаматывам”. Ужо на другой хвіліне матча шайбу прапусцілі гаспадары, але да сярэдзіны перыяду паспелі і адыграцца, і выйсці наперад. Незадоўга да адыходу на першы перапынак “чыгуначнікі” зраўнялі лічбы, але гэтая шайба апынулася для гасцей апошняй у гэты вечар. Гарадзенцы ж закінулі яшчэ па разе ў другім і трэцім перыядах, святкаваўшы тым самым перамогу з лікам 4:2. “Нёман” выйшаў на адзінаасобнае трэцяе месца ў экстралізе. Матч “Шахцёра” і “Металурга” ў Салігорску завяршыў гульнявую праграму панядзелка. За 60 хвілін сустрэчы госці так і не здолелі разжыцца хаця б адзінай закінутай шайбай, салігарчане закінулі аднойчы ў першым перыядзе і яшчэ двойчы ў трэцім – у выніку 3:0.

Шымановіч стаў пераможцам агульнага заліку турніру ў Санкт-Пецярбургу

Беларускі плывец Ілля Шымановіч стаў пераможцам агульнага заліку Кубка Сальнікава па плаванні. Беларус падзяліў лідарства ў агульным заліку з расейцам Кліментам Калеснікавым. Таксама Шымановіч пабіў рэкорды Кубка Сальнікава на дыстанцыях 50 метраў (25,59) і 100 метраў (55,63) брасам.

Вайлупаў працягнуў кантракт з «Веспрэмам»

28-гадовы беларускі правы крайні Мікіта Вайлупаў падоўжыў працоўнае пагадненне з гандбольным клубам «Веспрэм» да 2026-га года. Вайлупаў выступае за клуб з Венгрыі з лета 2022-га. За гэты час гандбаліст выйграў чэмпіянат краіны, стаў уладальнікам Кубка Венгрыі, а таксама стаў пераможцам SEHA-лігі. У гэтым сезоне Вайлупаў закінуў 57 мячоў у 15 матчах. Усяго за «Веспрэм» ён правёў 63 паядынкі, у якіх вызначыўся 235 разоў.

Падпісант за рэжым Мазоль стаў новым гендырэктарам БАТЭ

Падпісант за рэжым Мікалай Мазоль стаў новым генеральным дырэктарам БАТЭ. З 2002 года функцыянер узначальваў футбольную школу барысаўскага клуба. На гэтай пасадзе Мазоля заменіць Дзмітрый Дзяргай, які раней працаваў памочнікам спецыяліста. Былы генеральны дырэктар БАТЭ Міхаіл Дземянцэвіч застанецца ў структуры клуба.

«Нёман» цікавіцца трыма футбалістамі «Энергетыка-БДУ»

«Нёман» цікавіцца трыма футбалістамі «Энергетыка-БДУ», паведамляе тэлеграм-канал «Заўзеем за «Нёман». У Гародні сочаць за Аляксеем Лаўрыкам, Яраславам Макушынскім і Германам Баркоўскім. Абаронца Лаўрык правёў за «Энергетык-БДУ» 29 матчаў ва ўсіх турнірах і адзначыўся адной галявой перадачай. Адзначым, што футбаліст з’яўляўся капітанам сталічнай каманды. Паўабаронца Макушынскі правёў за каманду з Менска 29 матчаў ва ўсіх турнірах. Нападнік Баркоўскі згуляў у 23 гульнях усіх турніраў, забіў шэсць мячоў і аддаў адну галявую перадачу.

«Севілья» абвясціла пра прызначэнне Кіке Санчэса Флорэса галоўным трэнерам

Кіке Санчэс Флорэс стаў новым галоўным трэнерам «Севільі». Пра гэта паведаміў сам андалузскі клуб на сваім афіцыйным сайце. Кантракт з 58-гадовым іспанцам разлічаны да лета 2025 года. Такім чынам Флорэс стаў ужо трэцім трэнерам клуба ў гэтым сезоне, да гэтага каманду ўзначальвалі Луіс Мендзілібар (да пачатку кастрычніка) і Дыега Алонса (да сярэдзіны снежня). Апошнім месцам працы трэнера быў «Хетафе», які ён пакінуў у красавіку. Раней таксама працаваў у «Валенсіі», «Бенфіцы», «Атлетыка», «Аль-Ахлі», «Аль-Айне», «Уотфардзе», «Эспаньёле» і «Шанхаі Шэньхуа». Цяпер «Севілья» ідзе на 17-м месцы ў Ла Лізе, маючы 13 ачкоў.

Беларускае Радыё Рацыя