Двума матчамі ўчора была завершаная праграма 8-га тура ў чэмпіянаце Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе. Наваполацкі «Нафтан» на сваім полі саступіў жодзінскаму «Тарпеда» з лікам 0:3. У другой сустрэчы ў Мазыры сышліся лідары чэмпіянату – мясцовая «Славія» ды віцебскі «МЛ». Дэбютант лігі з поўначы краіны перамог палешукоў з лікам 0:2 і працягвае сваё ўпэўненае шэсце на чале турнірнай табліцы чэмпіяната. Зараз яго адрыў ад другой каманды – берасцейскага «Дынама» складае ўжо 5 ачкоў.
Таксама ўчора прайшоў заключны матч 32 тура ў польскай Экстракласе. У Непаломіцах сустракаліся дзве каманды, якія ўжо дакладна пакінуць вышэйшы польскі футбольны дывізіён па выніках гэтага сезона, «Пушча» ды «Сталь» з Мельца. Беларускі форвард «Пушчы» Герман Баркоўскі пры ліку 0:3 сваім гарматным ударам здалёк адквітаў адзін гол. Па выніку яго каманда саступіла 2:3. А для самога Германа гэта быў 3 гол у 12 матчах у Экстракласе. Каб сябе яшчэ паказаць у беларуса застаюцца дзве заключныя гульні ў гэтым сезоне.
Юнацкая зборная Беларусі па футболе да 17 гадоў удала стартавала ў другім раўндзе групавой кваліфікацыі ў дывізіёне Б. Турнір у нашай групе праходзіць у Босніі і Герцагавіне і ўчора там падапечныя Паўла Яўсеенкі разграмілі сваіх аднагодкаў з Арменіі з лікам 4:0. Паралельна гаспадары турніра разграмілі Мальту з лікам 5:0. 15 траўня нашыя хлопцы згуляюць з Мальтай, а 18-га са зборнай Босніі і Герцагавіны. Пераможца групы атрымае права згуляць першы раўнд Чэмпіяната Еўропы 2026/27 гадоў у дывізіёне А.
У Швецыі ды Даніі працягваецца 88-ы Чэмпіянат свету па хакеі. Учорашні дзень прынёс наступныя вынікі: Аўстрыя перамагла Славакію па булітах 3:2, Швейцарыя нанесла паразу ЗША з лікам 3:0, Чэхія разграміла Данію 7:2, а Швецыя перамагла Фінляндыю з мінімальным лікам 2:1. І такім чынам у групе А першыя чатыры прахадныя месцы займаюць Швецыя, Канада, Фінляндыя ды Славакія. А ў групе Б першая чацьвёрка выглядае наступным чынам – Чэхія, Швейцарыя, ЗША, Германія.
Учора позна ўвечары свой матч у 1/8 прадстаўнічага тэніснага турніра ў Рыме серыі WTA-1000 правяла першая ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Арына Сабаленка. Гэтым разам яна перамагла ўкраінку Марту Касцюк з лікам 2:0. І калі першы сэт Арына правяла з ракеткі 6:1, то ў другім ёй прыйшлося пазмагацца ў тай-брэку 7:6. І такім чынам у 1/4 Сабаленка чакае сустрэча з кітаянкай Чжэн Цыньвэнь.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






