У гэтыя святочныя дні на стадыёнах Беларусі прайшлі гульні 5 тура ў Вышэйшай лізе. У суботу «Маладэчна» на сваім полі не здолела разжыцца першымі ачкамі ў сезоне і прайграла «Віцебску» з лікам 0:4. Дзяржынскі «Арсенал» саступіў гарадзенскаму «Нёману» 0:3. З такім самым лікам «Іслач» разграміла наваполацкі «Нафтан» 3:0. А менскае «Дынама» ў беларускім «класіка» перамагло барысаўскі БАТЭ 2:1. У панядзелак берасцейскае «Дынама» разышлося нулямі з жодзінскім «Тарпеда». А вось дэбютант лігі віцебскі «МЛ» працягнуў сваю пераможную серыю. Гэтым разам пад яго патрапіла «Смаргонь». Лік у матчы 3:1, і такім чынам «МЛ» на пару з мазырскай «Славіяй» ачольваюць турнірную табліцу, маючы на сваім рахунку па 13 ачкоў. Трэцім ідзе «Мінск» з 10 ачкамі. На чацвёртай пазіцыі «Нёман», у якога 9 ачкоў і гульня ў запасе.
Чацвёрты тур прайшоў і ў другім дывізіёне беларускага футбольнага чэмпіяната. З цікавых вынікаў адзначым, што «Ніва» з Камянецкага раёна згуляла ўнічыю 2:2 з «Асіповічамі». А «Ліда» на выездзе ўпэўнена перамагла «Воршу» з лікам 3:1. Тут турнірную табліцу ачольвае «БАТЭ-2», які не мае права на падвышэнне ў Вышэйшую лігу, а вось на другім і трэцім месцы ідуць прадстаўнікі Гарадзеншчыны. Адпаведна «Ліда» на другім месцы і «Астравец» на трэцім.
У польскай Экстракласе беластоцкая «Ягелонія» учора не скарысталася падарункам ад шчэцінскай «Пагоні», якая ў суботу перамагла «Ракув» з Чэнстаховы 1:0 і тым самым прытармазіла іх, даўшы магчымасць «Ягелоніі» наблізіцца ў гонцы за чэмпіёнства да аднаго ачка. Для гэтага беластачанам патрэбна было перамагчы на сваім полі любінскі «Заглембе». Але «Ягелонія» не толькі не перамагла, але і саступіла таму на апошніх хвілінах матча 1:3, пры тым, што «жоўта-чырвоныя» вялі 1:0 на пачатку сустрэчы. Пасля перамогі познаньскага «Леха» над кракаўскай «Краковіяй» 2:1, «Ягелонія» апусцілася на трэцяе месца і мае зараз за пяць тураў да канца па 4 ачкі адставання ад «Ракува» і «Леха» адпаведна.
«Карона» Кельцы згуляла 1:1 з «Пястам» Глівіцы, Антон Шыкаўка правёў на полі 63 хвіліны. Тыя ж 63 хвіліны на полі правёў беларускі нападнік «Пушчы» з Непаломіц Герман Баркоўскі ў матчы супраць радамскага «Радамяка», які скончыўся таксама нічыёй 2:2. А вось Ілля Шкурын у гульні варшаўскай «Легіі» супраць «Лехіі» Гданьск адразу паўдзельнічаў у першым голе сваёй каманды, а пасля зарабіў пенальці, які сам жа і не забіў. Па выніку Ілля быў заменены на 71 хвіліне, а «Легія» на апошняй хвіліне забіла гол і перамагла з лікам 2:1.
На выходных вырашыўся лёс чэмпіёнскага кубка ў беларускай хакейнай Экстралізе. «Віцебск» не здолеў утрымаць лідарства ў серыі з менскім «Юнацтвам» і ўпусціў магчымасць выйграць першае ў гісторыі чэмпіёнства. Спачатку яны ў Віцебску саступілі з разгромным лікам 0:5, а ўчора ў Менску 2:5. І тым самым лік у серыі стаў 4:3 на карысць «Юнацтва», якое аформіла для сябе адзінаццатае чэмпіёнства.
А вось менскае «Дынама» саступіла ў Чалябінску «Трактару» 1:3 і такім чынам завяршыла выступленне ў 1/4 фінала Кантынентальнай хакейнай лігі, саступіўшы гаспадарам у серыі з лікам 1-4.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя