Матчам тура, з супрацьстаяннем лідараў турнірнай табліцы, распачаўся ўчора апошні 15 тур першага круга ў розыгрышы вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе.
З-за падрыхтоўкі Віцебска да «Славянскага базара» матч віцебскага «МЛ» ды менскага «Дынама» быў перанесены ў Воршу.

Намінальныя гаспадары, дэбютанты і лідары чэмпіянату, перамаглі дзеючага чэмпіёна з лікам 2:0. Такім чынам пасля 15 матчаў адрыў віцебскай каманды павялічыўся да 10 балаў. У «МЛ» на рахунку 39 ачкоў, у «Дынама» – 29.
У мазырскай «Славіі», якая ідзе трэцяй, 28 балаў, але клуб Івана Біёнчыка правёў на матч менш.
Адзначым, што вышэйшая ліга ў Воршу вярнулася праз 24 гады. Апошні раз тут гралі 4 жніўня 2001 года – віцебскі «Лакаматыў-96» ды дзеючы тады чэмпіён мазырская «Славія».
Учорашні матч таксама выклікаў ажыятаж “галоднай” аршанскай публікі да футбола такога рангу ў сваім горадзе і на трыбуны прыйшло амаль 2 500 заўзятараў.
Беларускі абаронца Уладзіслаў Красоўскі перайшоў у жэшуўскую «Сталь», што выступае ў Першай лізе чэмпіянату Польшчы па футболе і заняла па выніках мінулага сезона ў ёй 12 месца.
Красоўскі – выхаванец менскага «Дынама», які ў васямнаццацігадовым узросце перабраўся ў «ГКС Вікелец».
У мінулым сезоне ў 4 дывізіёне Польшчы 21-гадовы Красоўскі згуляў дваццаць восем матчаў і забіў чатыры мячы.
На стадыёнах ЗША і Канады завяршаецца Залаты кубак КОНКАКАФ 2025.
Учора там прайшлі паўфінальныя сустрэчы. Зборная ЗША перамагла Гватэмалу – 2:1. Дублем адзначыўся вінгер «Рэал Солт-Лэйка» Дыега Луна, Гватэмала адказала голам Альхера Эскабара з «Манрэаля».
А зборная Мексікі абыграла Гандурас – 1:0. Адзіны мяч забіў нападаючы «Фулхэма» Рауль Хіменэс.
Фінал турніру паміж дзеючым чэмпіёнам Мексікай і ЗША адбудзецца 7 ліпеня.
Трагічная навіна скалыхнула свет футбола. Загінуў левы вінгер «Ліверпуля» і зборнай Партугаліі Дыёгу Жота.
Раніцай 3 ліпеня ў іспанскай правінцыі Самора на 65-м кіламетры трасы A-52 у аварыю трапіў аўтамабіль, унутры якога знаходзіліся Дыёгу Жота і яго 25-гадовы брат Андрэ Феліпэ, гулец «Пенафіела» з партугальскага Д2. У выніку ДТЗ машына загарэлася. Абодва футбалісты загінулі.
Дыёгу Жота ў сезоне-2024/25 стаў чэмпіёнам Ангельскай Прэм’ер Лігі, затым – пераможцам Лігі нацый. 22 чэрвеня гулец ажаніўся з Рутай Кардосай, з якой выхоўваў траіх дзяцей, першынец нарадзіўся ў 2021 годзе.
Прычынай аварыі стаў пракол шыны Lamborghini партугальца, калі ён абганяў іншы аўтамабіль.
«Ліверпуль» замацуе 20-ы нумар за вінгерам Дыёгу Жотам – назаўсёды.
Гэты нумар будзе выведзены са звароту ў клубе.
«20-ы нумар будзе па праве ўвекавечаны за яго ўнёсак у перамогу «Ліверпуля» ў сезоне 2024-25, якая стала 20-й у гісторыі клуба – з яго фірмовым фінтом і ўдарам перад трыбунай «Коп», які замацаваў перамогу ў красавіцкім мерсісайдскім дэрбі – кранальным апошнім голам у яго жыцці», – гаворыцца ў заяве клуба.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя