BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Віцебскі «МЛ» разграміў наваполацкі «Нафтан»

Цягам выходных на футбольных палях Беларусі прайшлі матчы 4 тура ў Вышэйшай футбольнай лізе. У суботу наваполацкі «Нафтан» на сваім полі саступіў дэбютанту вышэйшай лігі – віцебскаму «МЛ» з разгромным лікам 0:3.

Фота: ФК «МЛ Віцебск».

«Тарпеда» ў Жодзіне перамагло дзяржынскі «Арсенал» з лікам 2:1. БАТЭ на Гарадскім стадыёне ў Барысаве ў рэтра-матчы згуляў у безгалявую нічыю 0:0 з «Гомелем». А ў нядзелю прайшлі наступныя сустрэчы. «Мінск» перамог «Маладэчна» з лікам 3:2. «Славія» ў Мазыры разграміла дзеючага чэмпіёна – менскае «Дынама» 3:0. А іншае «Дынама» ў Берасці з лікам 2:0 перамагло «Смаргонь».

Такім чынам, першая тройка турнірнай табліцы выглядае наступным чынам: па 10 пунктаў маюць «Славія» ды «МЛ», «Мінск» мае 7 ачкоў. Гарадзенскі «Нёман» на пятым месцы з 6 ачкамі, але мае на адну гульню менш.

Таксама на выходных быў згуляны 3 тур у розыгрышы Першай лігі. З цікавых вынікаў можам адзначыць перамогу «Нівы» з Камянеччыны над «Воршай» 2:1, ды перамогу пінскай «Хвалі» над «Слонімам» 3:1. Тут першая тройка выглядае наступным чынам: БАТЭ-2, «Хваля» ды «Ліда».

У польскай Экстракласе беластоцкая «Ягелонія» здабыла важную перамогу ў прынцыповай з усіх бакоў сустрэчы з варшаўскай «Легіяй». Дзеючыя чэмпіёны трэці раз у гісторыі перамаглі сталічных «армейцаў» на іх полі. Гэтым разам з мінімальным лікам 1:0. Голам адзначыўся македонец Дарка Чурлінаў. У складзе гаспадароў беларус Ілля Шкурын правёў усю гульню, два разы забіў, але судзейская брыгада абодва разы адмяніла гэтыя ўзяцці варот. А вось іншы беларускі легіянер нападнік «Пушчы» з Непаломіц Герман Баркоўскі чарговы раз адзначыўся голам. Ён адкрыў лік у матчы з «Катавіцамі». Але у пачатку другога тайма атрымаў траўму, а яго каманда па выніку прайграла 1:3. Яшчэ адзін беларус Яўген Шыкаўка правёў 65 хвілінаў гульні ў складзе «Кароны» з Кельцаў, якая перамагла «Відзэў» з Лодзі з лікам 2:1. Такім чынам у турнірнай табліцы «Ягелонія» ідзе трэцяй і мае 4 ачкі адставання ад першага – «Ракува» з Чэнстаховы, «Легія» на пятым месцы, «Карона» – адзінаццатая, «Пушча» на пятнаццатым месцы.

Зборная Беларусі па міні-футболе ўпершыню за 16 гадоў згуляе на Чемпіянаце Еўропы. І гэта будзе другі раз у гісторыі беларускага міні-футбола. Варта адзначыць, што нашая каманда ўпершыню зрабіла гэта як пераможца сваёй адборавай групы. У галоўным матчы турніру на Мальце былі пераможаныя італьянцы з лікам 2:1. Нашай дружыне ў адборавай групе засталося згуляць з Мальтай, але гэты матч ужо нічога не вырашае. Пасля 5 тураў: Беларусь мае 13 ачкоў, Італія — 10, Фінляндыя — 6, Мальта — 0. Чэмпіянат Еўропы пройдзе з 20 студзеня па 7 лютага 2026 года ў Рызе і Коўне. Апошні раз беларусы ў Чэмпіянаце Еўропы ўдзельнічалі ў 2010 годзе. Разам з тым права пазмагацца за галоўны міні-футбольны трафей Старога свету таксама датэрмінова заваявалі зборныя Польшчы ды Украіны.

У працяг міні-футбольнай тэмы. На выходных у Лідзе прайшоў «фінал чатырох» у Чэмпіянаце Гарадзенскай вобласці. На паркет спартовага комплексу «Алімпія» выходзілі «БуцікАўта» (Ліда), «Шчучын», «Карэлічы» ды «Факел-Наваградак». У фінальным матчы гаспадары пляцоўкі «БуцікАўта» і «Наваградак» у асноўны ды дадатковы час не выявілі пераможцу 2:2. А ў серыі пасляматчавых пенальці мацнейшымі сталіся футбалісты з былой сталіцы Вялікага княства Літоўскага 10:9. І тым самым упершыню ў гісторыі заваявалі тытул чэмпіёнаў Гарадзенскай вобласці.

І да навінаў хакея. Менскае «Дынама» у першым матчы 1/4 фінала Кантынентальнай хакейнай лігі прайграла ў Чэлябінску мясцоваму «Трактару» з лікам 2:4. Пры гэтым за 55 секундаў да канца сустрэчы “зубры” вялі ў ліку і цягам апошняй хвіліны прапусцілі ў свае вароты 3 шайбы.

У фінале беларускай Экстралігі ўчора прайшла трэцяя гульня паміж «Віцебскам» ды менскім «Юнацтвам». Віцебчукі на сваёй пляцоўцы перамаглі з лікам 2:1 і тым самым з такім жа лікам павялі ў серыі за чэмпіёнства.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя