BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вікторыя Азаранка пакідае “Ралан гарос”

У цэнтры ўвагі заўзятараў зараз тэнісны турнір «Ралан Гарос». На адкрытым чэмпіянаце Францыі завяршылася стадыя 1/32-й фіналу. Адзначым найбольш важныя спатканні. Першая ракетка свету Янік Сінер з Італіі без асаблівых праблем перамог дасведчанага ветэрана з Францыі Рышара Гаске – 6:3, 6:0, 6:4. Аўстраліец Аляксандр дэ Мінаўр (9-я ракетка) выйграў дзве першыя партыі з аднолькавым лікам 6:2 у казахстанца Аляксандра Бубліка, але пасля нечакана здарыўся пераварот – 4:6, 3:6 і 2:6. Далей крочыць Бублік.

6-ы нумар рэйтынгу серб Новак Джокавіч сустракаўся з французам Карантэнам Мутэ і ўпэўнена выйграў за тры сэты – 6:3, 6:2, 7:6 (7:1). Прадстаўнік Нямеччыны Аляксандар Звераў (3-я ракетка ATP) узяў верх над Есперам дэ Ёнгам з Нідэрляндаў – 3:6, 6:1, 6:2, 6:3.

Азаранка пакідае чэмпіянат Францыі

У адзіночным разрадзе жанчын беларуска Вікторыя Азаранка сустракалася з прадстаўніцай ЗША, больш рэйтынгавай Сафіяй Кенін. Першы сэт выдаўся вельмі напружаным і завяршыўся толькі на тай-брэйку 7:5 на карысць амерыканкі. Тая выйграла і другую партыю – 6:4. Азаранка зачахляе ракетку.

Удалым стаўся гэты дзень і для іншых амерыканскіх тэнісістак. Коры Гаўф (2-і нумар пасеву) адолела чэшку Тэрэзу Валентаву – 6:2, 6:4. Мэдзісан Кіс (8-я ракетка) таксама за два сэты перамагла брытанку Кэці Бултэр – 6:1, 6:3. Маркета Вондрушава з Чэхіі за тры партыі давяла сваю перавагу над полькай Магдаленай Фрэш – 6:0, 4:6, 6:3.

Адзначым, што ўпершыню ў гісторыі ў трэці круг «Ралан гарос» выйшлі ажно тры ўкраінскія тэнісісткі.

«Слонім» і «Нёман» сустрэнуцца ў матчы Кубку

У Менску ў Доме футболу прайшло лёсаванне 1/16-й фіналу Кубку Беларусі. На гэтай стадыі ў справу ўваходзяць ужо ўсе 16 клубаў вышэйшай лігі, якія згуляюць на выездзе. Пералічым толькі найбольш цікавыя пары па выніках жараб’ёўкі:

«Слонім» (дывізіён 2) – «Нёман» (Гародня)

«Белшына» (Бабруйск, д 2) – «Маладэчна»

«Орша» (д 2) – «Дынама» (Берасце)

«Дняпро» (Магілёў, д 2) – «Віцебск»

«Астравец» (д 2) – «Слуцк»

«Ліда» (д 2) – «Арсенал» (Дзяржынск)

«Крумкачы» (Менск, д 3) – «Нафтан» (Наваполацк)

На гэтай стадыі пераможцы вызначаюцца па выніках аднаго матча.

Матч Беларусь – Казахстан перанесены ў Барысаў

Таварыскі матч футбольных нацыянальных зборных Беларусі і Казахстану, як і было запланавана, пройдзе 5 чэрвеня. Аднак ён перанесены з нацыянальнага алімпійскага стадыёна «Дынама» на «Барысаў-Арэну». Рашэнне пра перанос было прынята на паседжанні выканкаму федэрацыі футболу Беларусі. Прычынай таму – стан газону на сталічным стадыёне пасля правядзення там канцэрту. На аднаўленне травы патрабуецца не менш двух тыдняў. Таму сустрэчу перанеслі ў Барысаў, што ўзгаднілі з УЕФА і казахстанскай федэрацыяй футболу. На стадыёне райцэнтру зборная Беларусі правядзе ўжо 15-ы матч у гісторыі. Сярод найбольш памятных сустрэч – гульня з Францыяй у 2016 годзе якая завяршылася з лікам 0:0.

Няшчасце кракаўскай «Віслы»

У Польшчы прайшлі матчы пераходнага раўнду на падвышэнне ў футбольную экстра-клясу. Плоцкая «Вісла» адолела варшаўскую «Палонію» – 2:1 і выйшла на вырашальную сустрэчу. У складзе віслякоў беларускі хаўбек Глеб Кучко гуляў цэлы матч і быў папярэджаны карткай у самай канцоўцы. У другім паядынку іншая «Вісла» – кракаўская – не здолела зламаць супраціў «Медзі» з Легніцы і прайграла на сваім полі 0:1. Кракаўскім футбалістам вельмі не шанцавала, да таго ж яны страцілі з-за вельмі цяжкай траўмы свайго абаронца Рафала Мікульца. Такім чынам апошні квіток у вышэйшы дывізіён аспрэчаць «Вісла» (Плоцк) і «Медзь». Раней месцы там заваявалі «Арка» з Гдыні і «Брук Бэт Тэрмаліка» з вёскі Няцеча.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя